Кітайцы Коля, Сяргей і Крысціна распавялі карэспандэнту “ГП”, як яны сустракаюць Новы год

31.01.2014

Мы таксама дзеці цмока

Месяц таму мы сустрэлі Новы год. Вядома ж, пацікавіліся ў астралагічных прагнозах, што нясе нам Конь, якія стравы на святочны стол падаваць, у сукенку якога колеру апранацца, каму будзе шчасціць, каму не. А яшчэ гадоў 20 таму нават і не ведалі, пад знакам якой жывёліны кожны з нас нарадзіўся і з назвай якога звера будзем звязваць наступны год. І як толькі жылі без гэтага?

Насамрэч год Каня пачынаецца толькі сёння, 30 студзеня. І святкуюць кітайцы ў гэты дзень Свята Вясны. Самае цікавае, што пераняўшы частку традыцыі ўсходніх краін, мы, акрамя назвы 12 жывёл, якія змяняюць штогод адна адну, амаль нічога не ведаем. Пазнаць падрабязней, як гэтае свята адзначаюць на Усходзе, можна хіба што ў саміх кітайцаў. Зараз шмат іх працуе ў Светлагорску, дзе і адбылося маё знаёмства з Мікалаем, Крысцінай, Сяргеем ды іншымі грамадзянамі Кітая. Так-так, не здзіўляйцеся, гэта не фейк. Яны самыя што ні на ёсць кітайцы. Часовую змену імёнаў тлумачаць тым, што беларусам складана вымаўляць іх сапраўдныя імёны-прозвішчы. — Мяне завуць Чан Гван Цунь, але да мяне можна звяртацца Коля, Мікалай, — кажа адзін з іх. Я адразу ж паглядзела на яго з удзячнасцю, бо праз пяць хвілін не ўспомніла б яго сапраўднага імя. Коля родам з паўночнай правінцыі Кітая, дакладней з Харбіна, дзе, як вядома, шмат рускай культуры. Дарэчы, у Колі расійскі дыплом: ён навучаўся ва ўніверсітэце Навасібірску 8 гадоў (з улікам падрыхтоўчага факультэта і магістратуры).
Коля
— У нас, калі святкуюць Новы год па еўрапейскім календары, ялінку прыбіраюць, пад яе кладуць гасцінцы, збіраюцца разам за сталом, на якім шмат смачных страў. А ў вас як? — пытаюся ў яго. — Як бы тое ж самае, — кажа ён. Крыху пазней пачынаю разумець, што ключавыя словы тут не “тое ж самае”, а “як бы”: у свой час кітайцы не звярталі на гэтую дату ніякай увагі. Зрэшты, і беларусы раней не звярталі, больш значным святам лічылі Каляды. — О, мне вельмі падабаецца селядзец пад шубай, — далучаецца да размовы Крысціна. — У нас такой стравы няма, таму што ў Кітаі бурак не расце. І селядзец таксама рэдка бывае ў крамах.
Крысціна
— А мяне здзівіла ялінка ў кватэры знаёмага беларуса, раней такого не бачыў, — дадае Сяргей. Карацей кажучы, размова пра святкаванне еўрапейскага Новага года ў нас ніяк не клеілася. Усё, што я зразумела, ноч з 31 снежня на 1 сту­дз­еня для кітайцаў (асабліва маладых) таксама свята, але не такое ўрачыстае. Яно мае назву Юань-дань — першы дзень Новага года. На гэтым усе расповеды пра еўрапейскі Новы год скончыліся. А вось калі пайшла гутарка пра Новы год па кітайскім, ці ўсходнім, календары, Коля, Крысціна і Сяргей прыкметна ажывіліся, бо для іх гэта вельмі значнае традыцыйнае свята. Кожны год яно святкуецца ў розныя даты. У гэтым годзе, нагадаю яшчэ раз, 30 студзеня. — Пачынаючы з гэтага дня мы адпачываем на працягу тыдня. Гэта свята сямейнае, таму збіраемся разам з бацькамі. Гатуем традыцыйную ежу, галоўнае фірмовае блюда — кітайскія пельмені з мясам і гароднінай, — распавядае Крысціна, адкрывае ноўтбук і паказвае здымак яшчэ адной стравы — тан юань (рысавыя шарыкі з салодкай начынкай). — Форма шарыкаў — круг — таксама мае для нас сэнс, — заўважае Сяргей. — Круглы — гэта бесперапынны цыкл, а яшчэ адзін сэнс — сабрацца разам. Таму мы любім усё круглае: вінаград, кавун, прысмакі. — Ці ёсць у вас традыцыі выпіваць моцныя алкагольныя напоі падчас свята? — Так, у нас ёсць свая кітайская гарэлка. Яна намнога слабейшая і п’юць у нас значна меньш. Мабыць, у кітайцаў асаблівасці арганізма не дазваляюць спраўляцца з такім моц­ным алкаголем. Вось Коля ў нас любіць гарэлку, — жартуе Сяргей. — Камусьці больш падабаецца гарэлка, камусьці піва, — сур’ёзна пярэчыць яму Коля. — Хтосьці аддае перавагу чырвонаму віну. Шампанскага ў нас няма, таму мы не адчыняем яго апоўначы, як гэта робіцца ў вас. Як на мой густ, дык мне піва болей падабаецца. Дарэчы, наша кітайскае піва слабенькае і па густу адрозніваецца ад вашага: беларускае смачнейшае. — Мне тут мясцовыя жыхары распавялі, што вы ўвечары ходзіце не ў піўбар, а ў спартыўны зал на трэніроўкі, — кажу. — Ну так, ходзім два разы на ты­дзень. Часцей у пінг-понг гуляем, у нас стол ёсць у пакоі адпачынку. Мае суразмоўцы распавялі таксама аб тым, што згодна з кітайскімі традыцыямі дзяўчыны і жанчыны не павінны піць і курыць, інакш іх будуць лічыць распуснымі кабетамі. Хаця зараз сярод кітайскай моладзі курыць — гэта модна. Тым не менш, настойліва падкрэсліваюць Коля і Сяргей, кітайскія дзяўчаты з цыгарэтай рэдка сустракаюцца. Крысціна, якой, мабыць, надакучыла гастранамічная тэма, пачала распавядаць, што кожны год нясе з сабой новую назву жывёлы і кітайцы ве­шаюць на сцену малюнкі ці фота­здымкі з яе выявай, яшчэ ўпрыгожваюць пакоі чырвонымі ліхтарыкамі. — Ці не тыя гэта нябесныя ліхтары, якія ў нас стала модным ў неба запускаць? — запытваюся. — Не, — смяецца Крысціна. — Такія таксама ёсць, але гэтыя асаблівыя, навагоднія. І тлумачыць, чаму менавіта чырвоныя: жыццё будзе гарачым і яскравым. Па адной з легендаў, містычная пачвара ў даўніну знішчыла цэлую вёску. У жывых засталася толькі адна сям’я, апранутая ў вопратку чырвонага колеру. Па другой легендзе, у пачатку года містычная пачвара, якая прыйшла ў вёску, каб зніш­чыць жывёлу, хаты і саміх вяскоўцаў, спужалася маленькага хлопчыка, апранутага ў чырвонае. Магчыма, пачвару спалохаў чырвоны колер, вырашылі кітайцы. З тых часоў многія апранаюцца на Свята Вясны ў чырвонае, і ліхтарыкі вешаюць на вокнах і дзвярах таксама чырвоныя, і світкі з пажаданнямі такога ж колеру — усё дзеля таго, каб адпужваць пачвару. Сяргей распавёў, што кожны год святкуе кітайскі Новы год, ці дакладней Свята Вясны, разам са сваімі бацькамі. Гэта самае галоўнае свята для кітайцаў, якое бярэ карані з глыбокай даўніны. Па іх календары з гэтага дня пачынаецца вясна. У кітайцаў ёсць прыказка: “Усё пачынаецца з вясны, а чалавек пачынаецца з маладосці”.
Сяргей
— Маім бацькам ужо пад 80 гадоў. Трэба дапамагаць ім рыхтавацца да свята, весяліць, — разважае ён. — А для старых што яшчэ патрэбна? Нічога! Для бацькоў не мае значэння, колькі грошай ты прывёз ці колькі прыгожага адзення, яны проста хочуць бачыць цябе. Ім патрэбна ўвага — для іх гэта галоўнае. І ўсё роўна, колькі табе гадоў, для іх ты заўсёды застаешся дзіцём. Раней, распавядае Сяргей, калі тэхнічны прагрэс у Кітаі быў на значна ніжэйшым узроўні, Свята Вясны было традыцыйным. І хаця самалётаў і цягнікоў было меней, усе кітайцы імкнуліся вярнуцца дадому да сваіх бацькоў, каб святкаваць разам з імі за вячэрай уз’яднання. У апошнія гады ці ад таго, што людзі стаміліся ад працы, ці ад таго, што ўзнікла болей магчымасцей вандраваць, стала папулярным на святочны тыдзень выязджаць за мяжу. Дзень-два могуць пабыць з бацькамі, а потым кудысьці з’ездзіць адпачыць, зусім па-еўрапейску. — Да таго ж, у нас не дораць гасцінцы, як у вас, — працягвае параўноўваць Сяргей. — У нас дораць так званыя грошы шчасця: дзядулі і бабулі — унукам, дарослыя дзеці — сталым бацькам. Колькасць залежыць ад дабрабыту сям’і. Гэта традыцыя вызначае багацце, якога дасягнуў чалавек у сваім жыцці. Сяргей паказвае два іерогліфы (тхуань — ань), якія сімвалізуюць дабрабыт: само Свята Вясны для кітайцаў сімвалізуе дабрабыт сям’і. — Самае цікавае, — распавядае далей Сяргей, — гэта феерверкі і салют роўна апоўначы. Хаця да мяне даходзілі чуткі, што ў гэтым годзе з-за смогу феерверкі будуць забаронены. Згодна з міфамі, шум ствараецца для таго, каб адпужваць злых духаў, якія напярэдадні кітайскага Новага года выганяюцца з розных месцаў і шукаюць сабе новы прытулак. І калі знойдуць нейкі дом, дзе могуць пасяліцца, чыняць там беды на працягу ўсяго года. Крысціна паказвае на ноўтбуку новы здымак: — Гэта традыцыйны навагодні танец з драконам на поўдні Кітая. Вось такога доўгага дракона ро­бяць з паперы. — Дракон — гэта сімвал нашай нацыі, — з гонарам дадае Коля. — Усе кітайцы лічацца дзецьмі дракона. Коля распавёў успамін са свайго дзяцінства пра тое, як яго бабуля на Свята Вясны заўсёды хавала манетку ў адзін з пельменяў. Каму яна дастанецца, таму будзе шчасціць увесь наступны год. Хлопчыку таксама такая манетка даставалася. Магчыма, таму ён дагэтуль лічыць сябе шчаслівым. — У мяне поўная сям’я: маці, бацька, яны адчуваюць сябе добра, і я таксама, — разважае ён. — Да таго ж я валодаю рускай і англійскай мовамі, шмат езджу. Працаваў у Расіі, Кыргызстане, Украіне, зараз у Беларусі. Маё жыццё мне вельмі падабаецца. Засталося дадаць, што ў нашу краіну, як і ў іншыя краіны былога Савецкага Саюза, мода на усходні каляндар ды гараскоп прыйшла ў перыяд перабудовы. Мы знялі кальку з асобных элементаў чужых традыцый, не ўглыбляючыся ў іх сэнс. Не здзіўлюся, калі ў Беларусі гадоў так праз 10 — 20 увойдзе ў моду і якое-небудзь шэсце з кітайскім драконам, тады як у нас ёсць свой родны — беларускі цмок.
— Цмок для беларусаў — такі ж свой, як і для кітайцаў дракон. Адзін з татэмных сімвалаў народных вераванняў, інфармацыю пра які захоўвалі і тыражавалі прарокі Беларусі, такія, як Караткевіч, — распавядае Алесь Плотка, паэт, PR-менеджар культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ініцыятара камунікацыйнай кампаніі “Краіна цмокаў”. — Заўважце, як пасля прыцягнення ўвагі да гэтай міфічнай істоты стала змяняцца ўсё ў Беларусі: як узнялося пытанне геаграфічнага брэндынгу, як пачынае граць перайменаваная каманда “Цмокі-Мінск”, які прыгожы помнік пастаўлены ў Лепелі. Добра, што ў Беларусі, якая заўжды была мастом паміж канфесіямі і дзе суіснавалі хрысціянскія і паганскія светапогляды, цяпер пашыраецца кола сімвалаў, якімі ганарацца яе жыхары і якія прыцягваюць увагу звонку. Ужываючы каламбур, хачу выказаць спадзяванне на тое, што цмок — толькі першая ластаўка з такіх фігур, часова забытых, цікавасць да якіх вяртаецца цяпер. Бо іх вельмі шмат — сваіх, класных, беларускіх.
Аўтобус баскетбольнай каманды "Цмокi-Мінск"
Што тут яшчэ скажаш? Нельга не пагадзіцца. Дарэчы, сімвал дабрабыту сям’і ў нас таксама ёсць. Ну так, вядома, тая самая Каза, з якой яшчэ нашыя продкі хадзілі па хатах на Каляды. Менавіта з ёю, згодна славянской міфалогіі, звязаны рытуал смерці як заканчэння старога года і ажыўлення як сімвал пачатку Новага года. Пакуль яшчэ гэтыя абрады жывуць, дзякуючы старажылам, этнографам ды энтузіястам. Глабалізацыя нясе шмат новага і так адбываецца, што мы з лёгкасцю прымаем чужыя для нас традыцыі, губляючы пры гэтым нешта сваё. Узяць той жа прыклад: скончыўся год Змяі, прыйшоў год Каня, праз два гады будзем святкаваць год Малпы. І ўсё роўна, што малпа да нашай краіны не мае ніякага дачынення. Але ж праз два гады на святочным стале ў беларусаў будуць абавязкова бананы ці нешта яшчэ экзатычнае, каб задобрыць гэтую жывёліну. Ну і што з таго, што кітайцы так не робяць? Мы ж уважліва сочым за святочнымі гараскопамі — гэта наша ўсё! Нічога не маю супраць, абы за ўсім гэтым не страціць сваіх унікальных традыцый, якіх не знойдзеш у цэлым свеце. Як вядома, астранамічны разлік календара племені майя завершаны 2012 годам. Дзякуй Богу, прароцтва аб канцы свету не збылося. Тым часам, у Інтэрнэце зараз шмат гараскопаў з назвай “Прароцтва майя на 2014 год”. Я вось тут падумала: пакуль нам нічога не гавораць назвы такіх святаў, як “Чырвоны вандроўнік” ці “Белы злучальнік светаў”, якія адзначалі індзейцы. Магчыма, некалі ў прафесійных маркетолагаў з’явіцца жаданне зарабіць і на гэтым. Тады будзем дружна святкаваць “Белы злучальнік светаў”, а чаму не? Галоўнае, каб абышлося без рытуальных ахвяраванняў, як гэта было прынята ў старажытнасці ў майя і ацтэкаў. Падчас нашай размовы Коля, Крысціна і Сяргей сказалі, што паедуць дадому ў Кітай, каб сустрэць Свята Вясны разам з бацькамі як мае быць, па традыцыі: з вячэрай уз’яднання, чырвонымі ліхтарыкамі, грошамі шчасця, феерверкамі. А мне засталося толькі пажадаць, каб іх легенда жыла яшчэ доўга, каб яны шанавалі міфы пра свайго дракона і 12 жывёл, а мы, беларусы — пра свайго цмока, калядную Казу ды іншых фальклорных персанажаў. — У вас ёсць прыказка добрая: зямля круглая, калі-небудзь сустрэнемся, — сказаў мне напрыканцы Сяргей. Абавязкова сустрэнемся. Хаця б дзеля таго, каб распавесці адзін аднаму пра іншыя звычаі сваіх краінаў.