Гісторыя далёкая і блізкая

21.10.2015
Лоеў адзначыў 510-годдзе заснавання і 72-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
Сама прырода спрыяла святу. Сонца грала смыкамі-промнямі па пазалоце дрэў, і адноўлены старажытны Лоеў бачыўся яшчэ больш светлым і ўрачыстым. За гэтую непаўторную сваёй прыгажосцю зямлю паклалі жыцці на алтар Перамогі над фашызмам сыны шматлікіх народаў былога СССР.
Старшыня Лоеўскага райвыканкама Сяргей Ткачук у вітальным слове падкрэсліў: «З мэтай увекавечання подзвігу брацкіх народаў, воінаў, якія змагаліся на Дняпры, узведзена Алея Герояў, дзе нанесены імёны 365 воінаў, удастоеных звання Героя Савецкага Саюза за фарсіраванне ракі Днепр і вызваленне Лоеўскага раёна. Вялікі салдацкі подзвіг у імя міру павінен назаўжды захавацца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў. Такое рашэнне прынята невыпадкова. У самыя радасныя, урачыстыя дні свайго жыцця лаяўчане прыходзяць менавіта на цэнтральную плошчу, якая ўспрымаецца жыхарамі нашага гарадка як святое месца».
На свяце віншавалі лепшых па прафесіі ў розных галінах. Сярод узнагароджаных прапаршчык, старшы тэхнік — начальнік аддзялення 1-й пагранічнай заставы аддзела берагавой аховы «Лоеў» вай­сковай часці 1242 Сяргей Асадчы, аператар машыннага даення МТФ № 2 КСУП «Малінаўка-агра» Ірына Бякетава, трактарыст-машыніст КСУП «Ураджайны» Мікалай Коваль, паштальён першага класа аддзялення паштовай сувязі-1 раённага вузла сувязі Алена Ігнаценка, аператар пульта ўпраўлення камбіната будаўнічых матэрыялаў Уладзімір Кошчанка, мастацкі кіраўнік гарадскога цэнтра культуры Ларыса Фёдарыва, медыцынская сястра цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Пазняк і многія іншыя.
Магнітам у той дзень цягнула дзятву да Лоевай гары, дзе разгарнуўся дзівосны луна-парк, можна было праімчаць на “вясёлых горках” і іншых атракцыёнах, пакатацца на сапраўдных поні, папрыгаць на батуце. Людзі старэйшага ўзросту з задавальненнем акунуліся ў канцэртную праграму, падрыхтаваную як мясцовымі калектывамі мастацкай самадзейнасці, так і гасцямі з Калінкавічаў, Акцябрскага, Брагіна. А ўвечары ўсе любаваліся святочным салютам.