Жыхар вёскі Карма Добрушскага раёна, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Васіль Пузікаў днямі адзначыў свой 93 дзень нараджэння

18.03.2016
З кагорты яго равеснікаў з той вайны вярнуліся толькі тры працэнты. Каржакаваты Васіль Фёдаравіч уявіўся мне сапраўдным мясцовым аксакалам, калі згадаў бацьку Івана Шамякіна. Не, з народным пісьменнікам ён не сустракаўся, а вось «пра бацьку яго, лесніка Шамяку, чуў». Ветэран родам з вёскі Селішча, што была ў трох кіламетрах адсюль, а ў Карму трапіў пасля чарнобыльскай катастрофы.
Прынамсі, аксакалам Фёдаравіча хочацца назваць і таму, што ваеннымі пуцявінамі-дарогамі прайшоў ён з 12 ліпеня 1941 года да студзеня 1944-га, спазнаў і горыч адступлення, і радасць пераможных баёў. Пабачыў розныя мясціны, розных людзей. Быў паранены, але прага жыцця, імкненне вярнуцца на радзіму, да спрадвечных сялянскіх клопатаў дапамаглі выстаяць у самыя складаныя часіны.
Дзядзька Васіль шчыра дзяліўся з намі перажытым. Вельмі хацелася зафіксаваць успаміны сапраўднага воіна Вялікай Айчыннай.
Згадкі ветэрана
Як прызвалі ў Добрушы, так і пайшоў я з байцамі на Злынку, Навазыбкаў, Бранск, Арол... Пяшком топалі. Арлоўскія равеснікі, што страчалі нас, здзекліва кідалі, гледзячы на наша абмундзіраванне: «Вось гэта дабравольцы...» Неўзабаве яны наганялі нас — іх таксама прызвалі. Дык мы не прамінулі сказаць: «Ну і вы ж дабравольцамі сталі...»
У Курскай вобласці народ лепшым мне падаўся. Як род­ных стараліся абагрэць, пад­трымаць. У насоўкі кашы-пшонкі нам накладвалі, хрысцілі ўслед...
Марылі: вось у Тамбове адпачнем у казармах. Памятаецца, снег ідзе, а мы, лічы, босыя, пасталы ўжо знасілі свае ўшчэнт. Торбы палатняныя рвалі на анучы. Старшына Балаўнеў — цудоўны чалавек, замест коўдраў выдаў нам конскія гунькі. Імі накрываліся ў шалашах. Вой, намучыліся. Балаўнеў прыказаў: хто не ўмее плесці лапці, хай дзяруць лыка... Як сфарміравалася 161-я дывізія, нас пад Варонеж кінулі. Там быў паранены ў левае плячо. Трапіў у шпіталь у Ліпецку, спраўку маю аб гэтым...
Няпроста чалавеку ў такім узросце згадваць перажытае. Інвалід Вялікай Айчыннай вайны 3-й групы, Васіль Фёдаравіч скардзіцца на галаўны боль, прыплюшчвае вочы і нібы зноў вяртаецца туды, пад абстрэ­лы і бамбежкі, да сваіх 82- і 120-міліметровых мінамётаў... Куды толькі ні закідвала яго ваенная доля. Біў фашыстаў пад Растовам і Таганрогам, біў на Украіне, а ў запасным палку ў Ульянаўскай вобласці лёс сутыкнуў з родным братам Мікітам.
Восем месяцаў мы былі разам. Гэтыя моманты ўспамінаюцца зараз як найвялікшае шчасце ў вайну. 11 мая 1944-га мы сфатаграфаваліся на па­мяць. Нібы прадчувалі, што пасля вайны не сустрэнемся. Загінуў браток мой у той сорак чацверты год. Я ж вайну заканчваў мінамётчыкам асобнага батальёна марской пяхоты....
Той памятны здымак з братам Мікітам
Яшчэ мацней адчуў прагу жыць
Толькі ў 1947-м ён вярнуўся да звыклых сялянскіх клопатаў. Дзяржава выдзеліла 25 кубаметраў лесу на будаўніцтва. Вазілі яго на сабе. Багата адрабіў у брыгадзе ў «Абароне» Добрушскага раёна, папрацаваў садчыкам на цагельні — была яна раней там, дзе цяпер расійская мытня. Быў стаханаўцам і заўзятым гаспадаром уласнай гаспадаркі: гадавалі з жонкай Настассяй кароў, свіней, авечак, гусей.
Даўно памерла яго руплівая гаспадыня. Цяпер за дзядулем добра наглядаюць сацыяльны работнік Святлана і суседка Ганна, зямлячка яшчэ па Селішчы. Менавіта яна хуценька ўбегла ў двор, калі ўбачыла, што скіравалі да старога незнаёмыя: «Час такі цяпер, часта над старымі ўчыняюць здзек розныя зласліўцы». Як тут не пагодзішся з жанчынай! Ганна паведаміла, што без яе нагляду ветэран не бывае: штораніцы, убачыўшы свет у яго вакне, рупіцца яна па-суседску дапамагчы апрануцца. Прыбрацца. Ды і Алена, дачка-гамяльчанка, часта адведвае бацьку. Сын дзядзькі Васіля — Уладзімір — ужо сам ваенны пенсіянер у расійскай сталіцы.
...Абапіраючыся на кіёк, Васіль Фёдаравіч хацеў право­дзіць нас, але ж пагадзіўся, што лепш заставацца ў хаце ў такую макрыяць на вуліцы. Мы пажадалі яму здароўя, каб дачакаўся вясновага цвіцення садочкаў, дакрочыў да самага светлага і жаданага свята — Дня Перамогі. «А тады пойдзем і далей!» — падбадзёрылі ветэрана. І, падалося, святлінкі радасці і надзеі бліснулі ў яго вачах.