РОД плюс РОД — НАРОД

08.12.2009
Завяршыўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Мой род, мая сям’я”. З усіх раёнаў вобласці і Гомеля былі дасланы творчыя работы навучэнцаў і педагогаў.
“Гэта проста ўзорная работа”, “Такую работу не сорамна і на міжнародны конкурс накіраваць”, “Малайцы!” — такія водгукі журы атрымала работа “Гісторыя адной сям’і — гісторыя беларускага народа”, якую падрыхтаваў калектыў вучняў Хальчанскай базавай агульнаадукацыйнай школы пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Алены Генадзьеўны Мігаль.
Нехта, дзякуючы конкурсу, сустрэўся з многімі роднымі і блізкімі, якіх не бачыў шмат гадоў. Андрэй Арлоўскі з гімназіі № 51 г. Гомеля сабраў звесткі пра дзядоў і прадзедаў аж да адзінаццатага калена. Мікалай Лявоненка з Мікуліцкай школы Брагінскага раёна склаў слоўнік імён, якія даюць дзецям на працягу існавання роду, хтосьці запісаў успаміны родных пра незвычайныя здарэнні, сямейныя легенды, любімыя песні…
Работу ў дзвюх частках прадставіў сямейны творчы калектыў: кіраўнік клуба “Радавод”, школьны фельчар Надзея Сігай і дзве яе дачкі Святлана і Сняжана Аўдод з Капаткевіцкай школы Петрыкаўскага раёна. Надзея Сігай змясціла ў рабоце мастацкія творы, напісаныя па матэрыялах біяграфій родных і блізкіх. Не адстаюць ад маці і дзяўчынкі, якія спрабуюць пісаць вершы. И такі прыклад не адзіны.
Дарэчы, сярод конкурсных работ даволі шмат “сямейных”, калі навуковым кіраўніком з’яўляецца бацька, мама-настаўніца ці дзядуля-настаўнік або бабуля.
Наперадзе рэспубліканскі этап конкурсу, у якім прымуць удзел пераможцы: калектыў вучняў Хальчанскай базавай агульнаадукацыйнай школы (Ілона Альшэўская, Вольга Байлукова, Кацярына Дзюба, Анастасія Рэмізонава, Дзмітрый Чарноў), Дар’я Гюнтэр, вучаніца 11 “А” класа САШ № 37 г. Гомеля (кіраўнік А. А. Кавалёва, настаўнік гісторыі), Марыя Заяц, вучаніца 11 “Б” класа САШ № 3 г. Гомеля (кіраўнікі Ю. В. Пакала і В. І. Рэсіна), Кацярына Сапельнікава, вучаніца 11 “Г” класа САШ № 27 г. Гомеля (кіраўнік Т. А. Галаган), Сафія Новікава, вучаніца 8 “А” класа САШ № 13 г. Жлобіна (кіраўнік Н. Г. Бежалева), Анастасія Чумакова, вучаніца 4 класа Зябраўскай САШ № 1 Гомельскага раёна (кіраўнікі Л. В. Янковіч і Н. М. Ашыхміна).
Т. ПЛЕШКУНОВА,
метадыст краязнаўчага аддзела абласнога цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі