Па высокаму прызванню сеюць разумнае, добрае, вечнае педагогі школы № 14 Мазыра

17.03.2017
Аб усім забываешся на ўроках беларускай мовы і літаратуры Ларысы Іванаўны Краўчанка – так зачароўваешся гукамі роднай мовы, голасам і інтанацыяй настаўніка. Адразу ўяўляецца коласаўскі зімовы вечар, вясковае дзяцінства, родныя палі, гоны, дубы. Адкуль такія прыгажосць маўлення, асабістая зачараванасць словам, шчырая пранікнёнасць у кожным сказе і думцы? Што стварыла ў ёй гэтую адданую любоў да прадмета, глыбокае веданне яго і імкненне навучыць роднаму слову сваіх вучняў? Можа, тое, што вырасла будучая настаўніца сярод прыгажосці лясоў ды палёў Лельчыцкага раена, на берагах жывапіснай Убарці? Мясціны тут такія, што кранаюць душу кожнага, напаўняюць любоўю да сваёй зямлі, мовы. Так і Ларыса з дзяцінства напаўнялася ўсім тым, што было вакол яе – прыгажосцю прыроды, любоўю бацькоў, павагай настаўнікаў ды людзей. Школу закончыла на выдатна, а потым з чырвоным дыпломам – Гомельскі дзяржаўны універсітэт па спецыяльнасці руская і беларуская мова і літаратура.

У сярэдняй школе № 14 Мазыра яна працуе з першага дня яе адкрыцця – з 1992 года. За гэты час таленавіты педагог набыла аўтарытэт сярод настаўніцтва Мазыршчыны і вобласці. Штогод вучні Ларысы Іванаўны традыцыйна займаюць самыя высокія месцы ў раённых, абласных творчых конкурсах, цэнтралізаваным тэсціраванні, прадметных алімпіядах. Так сталася і сёлета: пяць вучняў настаўніцы занялі прызавыя месцы на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Марыя Афанасьева, Вікторыя Семяніцкая атрымалі дыпломы I ступені, Анастасія Козел, Ягор Алейнік – дыпломы II ступені, Ілія Рудзько – дыплом III ступені. Гэта вынік працы аднаго настаўніка! А сакрэтаў асаблівых у яе няма: лічыць, што толькі індывідуальны падыход, развіццё творчых здольнасцяў кожнага вучня, асабісты прыклад стаўлення да прадмета з’яўляюцца залогам поспеху. А яшчэ яна лічыць, што кожны вучань у нечым больш таленавіты за настаўніка.
Увогуле, вынікі ўдзелу школы ў алімпіядным руху штогадова самыя высокія ў раёне. У гэтым навучальным годзе 47 вучняў школы атрымалі дыпломы па розных вучэбных прадметах. На трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах было накіравана 16 вучняў і восем з іх атрымалі дыпломы. Сярод гэтых васьмі – зноў жа тры вучаніцы Ларысы Іванаўны. Больш таго, Марыя Афанасьева і Вікторыя Семяніцкая ў складзе каманды Гомельскай вобласці будуць удзельнічаць у заключным этап рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Дайсці да такога узроўню – праца не аднаго дня і вучняў, і настаўніцы. Яна бярэ сваіх выхаванцаў у пятым класе і уважліва прыглядаецца да кожнага, з самымі здольнымі шмат працуе дадаткова і, як заканамернасць – поспехі ў алімпіядным руху. Веданне роднай мовы ў сучасным грамадстве – гэта высокі паказчык культурнага ўзроўню кожнага чалавека – пераканаць у гэтым у настаўніці атрымліваецца не толькі дзяцей, але і іх бацькоў. Для іншых школьных філолагаў Ларыса Іванаўна таксама з”яўляецца яскравым прыкладам прафесіяналізму, разумным дарадчыкам, глыбокім і мудрым чалавекам.

Што да вынікаў удзелу ў алімпіядным руху, то ў школы № 14, яны самыя высокія ў раёне. У гэтым навучальным годзе 47 вучняў школы атрымалі дыпломы па розных вучэбных прадметах. Лепшы поспех у выкладчыцы хіміі Наталлі Кравец і пецярых яе вучняў – дыпламантаў розных ступеняў.
У настаўніцы геаграфіі Кацярыны Мурашка і матэматыкі Ірыны Сямёнавай – па чатыры дыпламанты. Шэсць вучняў настаўнікаў Таццяны Кашпур і Людмілы Заяц сталі пераможцамі другога этапу алімпіяды па біялогіі. Пералік можна працягваць: па абавязку і прызванню сеюць разумнае, добрае, вечнае Алена Крыштапава, Іван Грынько, Вольга Берднік, Марына Старыкава, Святлана Гарох, Святлана Неўмяржыцкая, Наталля Шумак, Таццяна Чарнышова, Валянціна Бажына, Галіна Ліпская, Наталля Шарай, Марына Сельвіч.
На здымку: 1. Л. І. Краўчанка на ўроку беларускай мовы ў 10-ым класе. 2. Семікласніцы Мілана Гурыновіч і Аня Масло – адны з лепшых вучаніц Л. І. Краўчанка.
Ала Кондзік, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце школы № 14 Мазыра