Яслi-сад № 160 - адна з нямногіх дашкольных устаноў Гомеля, дзе маленькія дзеці вывучаюць беларускую мову

24.03.2019
У жыцці няма нічога такога, пра што нельга было б расказаць па-беларуску: дзіцячы шэпат, гукі музыкі, шум садоў… Мова прыгожая і багатая, зразумелая кожнаму, хто жыве ў Беларусі.

У этнаграфічным музеі “Беларуская хатка”

Наша ўстанова — адна з нямногіх дашкольных, дзе маленькія дзеці вывучаюць беларускую мову. Калі мне было прапанавана весці групу з беларускамоўным навучаннем, я вельмі хвалявалася, бо гэта вялікая адказнасць. Але загадчык Ірына Пятроўна запэўніла: “Падумаем разам, будзем працаваць мэтанакіравана, бо кожнае дзіцятка мае зерне народнай культуры, трэба толькі ўмець яго вырасціць, развіць і захапіць яго жаданне, і мы зможам дабіцца мэты”.

У тры-чатыры гады ў дзяцей пачынаецца актыўнае пазнанне сацыяльнага свету, яны лепш успрымаюць інфармацыю менавіта візуальна. Разам з тым вусны аповед з малюнкамі запамінаецца нашмат лепш. Я прапаную некалькі карцінак і спадзяюся, што дзякуючы гэтаму ім больш цікава, а замацаванне слоў праходзіць больш эфектыўна. Можна расказаць цікавую казку, каб усе прачнуліся. Закон казкі — цуд. Я і сёння веру ў цуд. Радуюся, калі бачу, што дзецям гэта падабаецца.

Адзін з адным знаёмімся таксама па-беларуску. Такім чынам знаёмства праходзіць эмацыянальна, а гэта ў сваю чаргу спрыяе запамінанню. На занятках разам клеім з папяровых нарыхтовак літары, хлопчыкі і дзяўчынкі гэта робяць з вялікай ахвотай. У выніку ва ўсіх атрымліваюцца розныя па дызайну, але аднолькава правільныя словы.

У нашай дашкольнай установе ёсць этнаграфічны музей “Беларуская хатка”. Тут дзеці знаёмяцца з новымі для сябе словамі: збан, печ, вілкі, пернік, ступа. З ахвотай удзельнічаюць у традыцыйных абрадавых дзеяннях з прымяненнем экспанатаў. Напрыклад, знаёмства з калыханкай пры дапамозе музычнага кіраўніка, які іграе мелодыю, а дзеці гушкаюць люльку з лялечкай і спяваюць. Хлопчыкам і дзяўчынкам вельмі цікава ўяўляць сябе дарослымі, ім падабаецца такая форма гульні.

Сумнымі словамі іх не зацікавіш. Я часта выкарыстоўваю ў сваёй працы тыя скорагаворкі, якія памятаю з дзяцінства, напрыклад “Ехаў Янка цераз ямку”. Яна ў маіх успамінах як своеасаблівы камертон, услед якому ажываюць узоры роднай мовы.

Прыйшла да высновы: каб навучанне дзетак было цікавым і даступным, трэба праводзіць сустрэчы з бацькамі, бо без іх удзелу, без пастаяннага замацоўвання атрыманых ведаў малышы праз тры дні ўспомняць толькі малую частку пачутага. А яшчэ я зразумела, што мае дзеці — гэта маё другое “я”, нейкай невядомай мне сілай падабрана пад мяне, пад мой тэмперамент. Кожная хвіліна працы патрабуе шмат увагі і часу, але мяне гэта не палохае.