У Гомелі адбыўся абласны конкурс рытарычнага майстэрства "Гавары са мной па-беларуску"

19.06.2012
Яго арганізатарамі выступілі ўпраўленне адукацыі аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі. У склад журы ўвайшлі выкладчыкі ГДУ імя Ф. Скарыны. Ужо ў трэці раз гімназія № 10 г. Гомеля сабрала таленавітых юнакоў і дзяўчат з усёй вобласці. Цікавыя і захапляльныя спаборніцтвы разгарнуліся сярод вучняў 8 — 10 класаў. Правядзенне гэтага конкурсу стала сапраўдным святам для школьнікаў і тых педагогаў, якія з’яўляюцца прыхільнікамі перспектыўнага самаразвіцця асобы вучня. Звычайна настаўнікі імкнуцца навучыць сваіх выхаванцаў прыгожа гаварыць, умець адстойваць сваю думку. І конкурс дае такую магчымасць. У гэты раз яго пераможцамі сталі 29 навучэнцаў з розных раёнаў Гомельшчыны. Мерапрыемства скончылася, але работа па паглыбленні ведаў юных мовазнаўцаў не абмяжоўваецца рамкамі навучальнага года. Для адораных вучняў на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі з 18 па 26 чэрвеня адкрыты профільны лагер. З дзецьмі, якія любяць і шануюць родную мову, будуць працуюць выкладчыкі ГДУ імя Ф. Скарыны, трэнер абласной каманды заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды.