Звыш 30 экспанатаў падрыхтавалі ў Лоеўскім дзяржаўным педагагічным каледжы на конкурс “Тэхнаёлка”

12.12.2019
Выкладчык выяўленчага мастацтва Алена Кілачыцкая падзялілася: яшчэ шмат адметных работ навучэнцаў і яе калегі Іны Шумігай, што выкладае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, ёсць на выставе ў кале­джы. Алена Уладзіміраўна правяла экскурсію, і скажу шчыра: у зацягнуты імжою і туманамі снежаньскі дзень навагоднія ёлкі, выкананыя з самых розных матэрыялаў, у розных тэхніках, падаравалі шмат яркіх эмоцый.



Як расказалі выкладчыкі кале­джа, сёлета на конкурсе ёсць намінацыя “Альтэрнатыўная ёлка”, і педагогі з рабятамі вельмі стараліся зрабіць штосьці такое, каб выклікаць усмешкі і здзіўленне наведвальнікаў.

І сапраўды, ёлкі, створаныя з залацістых чайных лыжачак, з драўляных прышчэпак для бялізны, трубачак для кактэйляў, з ключоў, пенапласту, вязаных рознакаляровых кружочкаў, пластмасавых коркаў для бутэлек, выклікаюць захапленне. За гэтымі творамі — палёт творчай фантазіі, юнацкае светаўспрыманне, навагодні настрой чакання цудаў.

Дарэчы, некаторыя экспанаты навагодняй выставы каледжа па добрай традыцыі “бяруць напракат” райвыканкам, цэнтральная раённая бальніца і іншыя арганізацыі для ўпрыгожвання залаў і кабінетаў.