Скарбы народнай мудрасці. Любоў да роднага краю пачынаецца з малой радзімы

12.08.2021
За гады дзейнасці фальклорнай лабараторыі на філфаку ГДУ імя Ф. Скарыны выйшла звыш 30 навуковых выданняў, прысвечаных духоўнай культуры беларусаў.

Папулярызацыя нацыянальнай культуры – адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Як адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, «менавіта нацыянальная культура – стратэгічны рэсурс краіны, краевугольны камень нашай незалежнасці, без якога не можа быць суверэннай і квітнеючай дзяржавы».


Заснавальнікам фальклорнай лабараторыі на філфаку Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 70–80-я гады мінулага стагоддзя быў загадчык кафедры беларускай літаратуры, вядомы фалькларыст, заслужаны дзеяч навукі БССР, доктар філалагічных навук, прафесар Мікалай Грынчык. Яна працавала і пазней пры кафедры беларускай літаратуры пад кіраўніцтвам прафесара, доктара філалагічных навук Івана Штэйнера.

З верасня 2007 года створана навукова-вучэбная фальклорная лабараторыя, якую ўзначальвае доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Новак. Валянціна Станіславаўна па­дзялілася: «Усё сваё свядомае жыццё працягваю вывучаць рэгіянальна-лакальныя асаблівасці вуснай народнай творчасці Гомельшчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі. Мы штогод праводзім экспедыцыі студэнтаў. Прычым яны збіраюць матэрыялы як у палявых экспедыцыях, так і індывідуальна. Кожны запісвае песні, абрады, легенды, павер’і сваёй малой радзімы ад бабуль і дзядуль, старэйшых жыхароў вёсак, выконваючы заданні па фалькларыстыцы. Удзельнічаюць у такой справе ў межах практыкі і студэнты завочнага аддзялення. Усе матэрыялы сістэматызуюцца і знаходзяцца ў архіве нашай лабараторыі. Яна з 2018 года дзейнічае пры кафедры рускай і сусветнай літаратуры, якой загадвае кандыдат філалагічных навук дацэнт Іван Афанасьеў. Многія нашы студэнты ў межах лабараторыі рыхтуюць навуковыя работы па фальклорна-міфалагічных тэмах, публікуюцца ў навуковых зборніках Беларусі, Расіі, Украіны».

Унікальныя фальклорна-этнаграфічныя і міфалагічныя матэрыялы ўжо выдадзены пад кіраўніцтвам прафесара Валянціны Новак кнігамі па народнай духоўнай культуры 16 раёнаў Гомельшчыны. Яны з’яўляюцца своеасаблівымі энцыклапедыямі жыцця, побыту і светапогляду нашых продкаў, важнай крыніцай фарміравання ўяўленняў сучаснікаў пра мясцовую спецыфіку традыцыйнага земляробчага календара, сямейных абрадаў і звычаяў, прыкмет і павер’яў. А гэта важна не толькі для захавання духоўнай спадчыны нашых продкаў, але і для прыцягнення ўвагі турыстаў да традыцыйнай культуры, якая складае інтэлектуальны і духоўны этнічны рэсурс.

Зараз у выдавецкім доме «Гомельскай праўды» падпісана да друку чарговае выданне – «Зямля ў сонечных далонях» (Брагінскі раён). Падрыхтаваны і рукапісы кніг па духоўнай спадчыне Нараўлянскага, Калінкавіцкага, Светлагорскага, Ельскага, Акцябрскага, Мазырскага раёнаў. Цікава, што нашы землякі-вучоныя выязджалі са студэнтамі ў экспедыцыі і ў Лагойскі, Глыбоцкі, Нясвіжскі,
Полацкі раёны Беларусі. Значыць, будуць і новыя энцыклапедыі народнага жыцця.

Безумоўна, даследаванне фальклорна-этнаграфічнай спадчыны – гэта не толькі навуковая дзейнасць, але і фарміраванне ў студэнцкай моладзі высокіх грамадзянскіх пачуццяў, выхаванне любові да роднага краю і яго традыцый, павагі да свайго народа.