Родная школа, родная хата. Гісторыя краіны пачынаецца тут

30.05.2023
Дырэктар Хракавіцкай школы Брагінскага раёна Андрэй Смалянчук выйшаў сустракаць журналістаў аблас­ной газеты з прыветнай усмешкай на вуснах. Малады, энергічны, гаваркі, адразу пачаў расказваць: у калектыве 19 педагогаў, якія перада­юць веды 72 вучням. Сёлета выпускаюцца 7 адзінаццаціклас­нікаў і 8 дзевяціклас­нікаў, а ў новым навучальным годзе ўпершыню сядуць за парты 10 вясковых рабят.

Дырэктар Хракавіцкай сярэдняй школы Андрэй Аляксандравіч Смалянчук сёлета выйшаў пераможцам абласнога тура рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют»

Першая школа ў Хракавічах была адкрыта 160 гадоў назад і называлася земскім народным вучылішчам. Цяперашні будынак узве­дзены ў 1988 годзе. За паслячарнобыльскі час яго дах прыйшоў у заняпад, і якраз у гэтыя дні будаўнікі робяць новы: спрыяе сонечнае надвор’е.

Заўсёды цікавыя ўрокі фізікі настаўніка Міхаіла Ерасавіча Казачэнкі

Раман Чэчка і Арцём Галка на ўроку фізікі
Музей «Іванава сядзіба» заўсёды рады гасцям. «Гаспадыня» сядзібы Ларыса Іванаўна Ткачэнка. Фрагменты экспазіцыі музея

Андрэй Аляксандравіч правёў па школьных кабінетах, паказаў гульнявы пакой, які абсталяваны дзякуючы мясцовай прадпрымальніцы Алене Малочка, і запрасіў у гісторыка-этна­графічны музей «Іванава сядзіба». Рухаемся туды.


Два гады назад настаўніца пачатковых класаў Ларыса Іванаўна Ткачэнка вырашыла не выкідваць рэчы з дому памерлых бацькоў, а заха­ваць усё як ёсць і пера­тварыць сямейнае гняздо ў музей. Так «Іванава сядзіба» стала данінай удзячнасці роднай хаце, у якой нара­дзілася, і памяці маці і бацькі – лю­дзей ад зямлі, простых сялянскіх працаўнікоў. Па вялікаму рахунку, гэта падарожжа ў жыццё і побыт нашых продкаў, у свет дзяцінства, у пачатак пачаткаў, туды, дзе закапана пупавіна і адкуль пачыналася дарога ў вялікі свет.

Тут ёсць кросны і дзіцячая люлька, бацькоўскі кажух і вышытыя мацярынскімі рукамі навалачкі, на якіх раскінуліся цудоўныя райскія кветкі. Адзін са стэндаў прысвечаны мясцоваму калгасу і яго людзям.

Гісторыя краіны пачынаецца тут, у роднай вёсцы, у роднай школе і «Іванавай сядзібе».