Сёння 93-годдзе адзначае ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, жыхар Лоева Пётр Сусло
09.07.2016...Пётр Аляксеевіч выехаў з залы на інваліднай калясцы. Паласнула роспаччу: ну як так, прайсці такую вайну, сувязістам, на перадавой, ацалець у баях на Лоеўшчыне, вырвацца з акружэння на Акцябршчыне, вызваляць украінскі горад Роўна, удзельнічаць у Берлінскай аперацыі, дайсці да Прагі. Ды і ў пасляваенны час не без рызыкі было працягваць службу ва ўрадавым батальёне войскаў сувязі, знаходзячыся ў Вінніцы, абслугоўваць сувязь Масква — Берлін... Цяпер, у залатым узросце, інваліднасць. Яму, чалавеку, які і на пенсіі не сядзеў без справы, займаўся агародам, садам, пасекай. Хадзіў любавацца Дняпром, углядаючыся на той бераг, дзе яго родная ўкраінская вёсачка Суслаўка.
Але ж, як кажуць, чалавек можа прызвычаіцца да розных выпрабаванняў лёсу. І ветэран, акружаны клопатам дзяцей, работнікаў сацыяльнай службы, ужо навучыўся спраўляцца з праблемамі, якія адразу пасля ампутацыі правай нагі здаваліся невырашальнымі. Добра, што ў хату правялі газ, за што Аляксеевіч шчыра ўдзячны і райвыканкаму — выдзелілі 4 мільёны рублёў на гэту справу. Ды і санвузел у хаце цяпер усталяваны так, што ветэран можа самастойна памыцца ў ванне. Сын зрабіў масток для з’езду на калясцы з хаты ў дварышча. Так што для змены абстаноўкі можна выбрацца насустрач людзям, падыхаць свежым паветрам.
Наша сустрэча з ветэранам адбывалася якраз напярэдадні 72-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дня незалежнасці. Толькі што прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прынеслі яму харчовы набор да свята, з персанальным віншаваннем. У пакеце — макароны, рыс, цукар, баначка тушонкі з ялавічыны, чай, шпроты, бутэлька алею, зефір.
— Ну, можам свята спраўляць, — вымавіў Пётр Аляксеевіч. — Ведаеце, я і сам усё гэта магу купіць, пенсія, дзякуй Богу, 5 мільёнаў. Але ж вельмі дорага, што калектыў сацыяльнага цэнтра падтрымлівае: помняць мяне, старога ваяку! Халадзільнік у мяне ніколі не пустуе. Дзеці за гэтым сочаць, папаўняюць. Дачка Валянціна прыязджае кожны тыдзень з Гомеля: мые, прыбірае. Сыны, унукі наведваюць. Гуртом усе шчыравалі вясной, калі трэба было бульбу, агарод пасадзіць. Харошыя ў мяне дзеці! А яшчэ я пад наглядам сваіх цудоўных суседзяў Рэгіны і Міхаіла Лысянок. Яны тут побач жывуць. Душэўныя людзі.
З калідора ў кухню заляцела пчала, і гаспадар распавёў, што ў мінулым годзе загінулі лепшыя яго пчолы. І ўсё ж, як ні цяжка, пасеку не звёў, разам з сынам Пятром займаецца ёю. Радуецца, што па-ранейшаму ўласны мёд не зводзіцца са стала.
Аляксеевіч прасіў шчыра падзякаваць усім, хто клапоціцца, тэлефануе і дапамагае яму: начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Віктара Казулю, дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кацярыну Валасевіч, загадчыцу аддзялення цэнтра Людмілу Юдэнка.
Падзяліўся ўдзельнік вайны яшчэ адной гаспадарчай справай, якую б яму хацелася давесці да ладу: марыць пра новы плот каля хаты.
Сёння тэлефанаваць Пятру Аляксеевічу будзе ўся радня. З днём нараджэння вас, шаноўны герой!!! Хай і надалей будзе асалода ад стрэч з дзецьмі, унукамі і праўнукамі, усімі прыязнымі да вас людзьмі. Заставайцеся такім жа добразычлівым, радуйцеся жыццю.