Самабранка на лельчыцкім падвор’і

21.11.2009
Калі, як не ў Год роднай зямлі, што аб’яўлены сёлета на Беларусі, звярнуцца да гістарычнага мінулага, успомніць, як ладзіліся святы ў нашых продкаў. Менавіта так паступілі ў Лельчыцкім раёне, калі рыхтаваліся да ўдзелу ў абласных дажынках. Колькі фантазіі, творчых ідэй і народных традыцый у афармленні падвор’яў лесніка, паляўнічага! А на сталах прысмакаў, прыгатаваных па старадаўніх рэцэптах, аказалася столькі, што былі яны падобны на казачныя абрусы-самабранкі. З песнямі-прыпеўкамі, жартамі і добразычлівым палескім гумарам сустракалі лельчукі сваіх гасцей, частавалі шкваркай ды чаркай… Пакаштаваць можна было і смажанае парася, і сметанковае масла, што збівалася тут вясковай гаспадыняй у самаробнай маслабойцы. Многія палічылі за шчасце сфатаграфавацца разам з паляўнічым і яго разумным чатырохногім сябрам, узяць цудадзейныя рэцэпты аздараўлення ў знакамітай лельчыцкай траўніцы.
А калі святкаванне дажынак перамясцілася ў памяшканне Дома культуры, то і там лельчукі былі ў пашане — самадзейны мастацкі калектыў “Тонежанка” падарыў выдатны настрой гледачам. Шчырымі апладысментамі ўзнагародзілі ўдзельнікі свята і выступленне старшыні Лельчыцкага райвыканкама Аляксандра Капыткова, які пад акампанемент гітары выканаў песню “Бярозавыя сны”.
Мікалай БЯЛЬКОВІЧ
Фота аўтара