Як песню праспявалі

24.01.2008
Апошнія штрыхі ўборкі збожжавых засталі мы ў СВК “Каўпень-агра” Лоеўскага раёна. Ад паўдзённай спёкі і само поле, засеянае аўсом і вікай, нагадвала гарачую патэльню, ды і
“КЗС-7” пад промнямі жнівеньскага сонца, здавалася, расплавяцца. За штурвалам адной з машын зусім малады камбайнер, як аказалася, лідэр раённага спаборніцтва на “КЗС-7” Віталь Дарашкоў (на здымку). Дапамагаў яму дзевяцікласнік Каўпенскай СШ Аляксей Краўчанка.
Як зазначылі ў гутарцы з намі старшыня Лоеўскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Дземідзенка і галоўны аграном гаспадаркі Анатоль Дылькоў, сёлета тут сабралі збожжа на 800 тон болей, чым у мінулым годзе. Плошча ўборкі зерневых і зернебабовых у “Каўпень-агра” склала 1020 гектараў. Сёлета гаспадарка будзе і з кармамі, і з зернем.
Да таго ж, як давялося неаднаразова чуць ад мясцовых жыхароў, сёлетняе жніво каўпенцы арганізавалі, “што песню пра-спявалі”. Вось і камбайнер Віталь Дарашкоў зазначыў, што практычна не спынялася яго тэхніка: “Камбайн у мяне новы, атрымаў яго ў канцы жніва 2003 года, пакуль мяняў толькі падшыпнікі”.
Дарэчы, Віталь вярнуўся ў родную вёску Каўпень пасля армейскай службы тры гады таму. Уладкаваўся вадзіцелем, а ў такі гарачы час перасядае на камбайн. У бацькоўскай вёсцы жыве асела, жаніўся, атрымалі з жонкай Наталляй (яна настаўніца роднай мовы) новы дом.
Тамара КРУЧЭНКА