Настаў час Калядак — па дварах ходзіць моладзь, віншуе гаспадароў і спявае абрадавыя песні

12.01.2017
Наперадзе Шчадроўкі — даўні звычай адзначаць вечар напярэдадні старога Новага года.

Адкуль свята
Каляды — народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання. З усталяваннем хрысціянства прымеркавана да рэлігійных святаў Нараджэння Хрыстова і Вадохрышча. На Беларусі шчыльна пераплецена з народнымі звычаямі. У калядныя вечары па хатах ходзяць шчодрыкі з віншаваннямі і велічальнымі песнямі. У адрозненне ад сельскагаспадарчага новага года на Каляды “нараджалася новае сонца”, час “паварочваўся на вясну”. Само слова “каляды” мае паходжанне ад лацінскага calendae, “календы” — назва першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і “каляндар”), а таксама ад старажытнай назвы сонечнага дыску — Кола.

Тры куцці
Да Калядаў старанна рыхтаваліся. Прыбіраліся ў хаце, гатавалі смачную ежу і ўпрыгожвалі пакоі. Пад абрус на стол абавязкова клалі сена, якое пасля вячэры аддавалі каровам, што спрыяла павелічэнню надояў малака. Ад галоўнай стравы Калядаў — куцці — узялі назву тры абавязковыя святочныя вячэры. У першы дзень ладзілася “посная куцця” — на стале былі стравы з рыбы, гародніны, грыбоў, сушанай садавіны, мёду, і, канечне, тая самая ячневая каша-куцця з мёдам. Другая куцця, тоўстая, багатая, шчодрая — ладзілася праз тыдзень. Даставалі са схованак мяса ды каўбасы, вяндліну, гатавалі куццю са шкваркамі. Трэцяя куцця прыпадала на Вадохрышча.
Шчодрыкі-вёдрыкі
Калядаванне — адна з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці. Юнакі і дзяўчаты збіраліся разам, пераапраналіся ў строі і хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах. Гаспадары ж, якіх яны наведвалі, давалі ў падзяку розныя прысмакі. Часцей за ўсё гэта былі арэхі, пернікі, печыва і цукеркі. Адмовіць калядоўшчыкам у пачастунках было тое самае, што пазбавіць сябе дабрабыту на ўвесь наступны год.
З поўнымі мяшкамі пачастункаў калядоўшчыкі збіраліся ў адным месцы, у вялікай хаце ці на вуліцы, дзе разам “прыгаворвалі” дары, пелі ды танчылі вакол іх, каб сваёй бадзёрасцю і ўзнятым настроем дапамагчы светлым сілам атрымаць перамогу над цёмнымі. І каб сагрэцца, канечне, бо надвор’е стаяла халоднае.
А яшчэ на Каляды абавязкова варажылi. З першай куццёй — на ўраджай, а пасля — на жаніцьбу ды прыплод хатняй жывёлы, каго што больш цікавіла. Кідалі на дарогу чаравікі, пыталіся імёны, лілі воск у сцюдзёную ваду, а самыя смелыя хадзілі варажыць у лазню.
Залезь на баляску, ды дастань каўбаску
На свята майстравалі Калядную Зорку, маскі персанажаў: Казы, Мядзведзя, Цыгана і іншых. Вучылі калядныя прыпеўкі.
Ідучы па вуліцы, калядоўшчыкі спявалі абрадавыя песні, а калі заходзілі ў двор, гукалі: “Добры вечар таму, хто ў гэтым даму”.
Калі нехта з гаспадароў выхо­дзіў на ганак, пыталі: “А ці рады вы нам? Дазволіш, гаспадар, Каляду заспяваці ці так Калядзе даці?” Гаспадары запрашалі, каб госці заспявалі.
На нова лета радзі, Божа, жыта,
Шчодры вечар, добры вечар.
Дай табе, Божа, пане-гаспадару,
Шчодры вечар, добры вечар.
Піва варыці, сынкоў жаніці,
Шчодры вечар, добры вечар.
Гарэлачку гнаці, дачок аддаваці,
Шчодры вечар, добры вечар.
Залезь на баляску, ды дастань каўбаску,
Шчодры вечар, добры вечар.
Стань на драбінку, ды дастань саланінку,
Шчодры вечар, добры вечар.
Кошык маку да таго прысмаку.
Шчодры вечар, добры вечар.
Пасля песні калядоўшчыкі чакалі пачастункаў. Калі іх было мала, Каза пачынала скакаць, потым валіцца на падлогу: “Стамілася наша Козачка з далёкай дарогі, упала, прапала. Трэба даць ёй на кожны ражок піражок, а на хвасток — сала шматок”.
Гаспадар ішоў за пачастункам калядоўшчыкам, а яны спявалі:
Учора з вячора, учора з вячора
Засвяціла зорка, засвяціла зорка.
Зорка засвяціла, свет узвесяліла.
Свет узвесяліўся, Хрыстос нарадзіўся.
Хрыстова Раджэнне людзям на збаўленне.
Людзі, прыбягайце, Хрыста прывітайце.
Здаровы бывайце, нам Каляду дайце.
Здаровы святкуйце, дайце, не шкадуйце.
У канцы калядоўшчыкі жадалі гаспадарам:
Будзь, Ваша, здаровы,
Як рыжык баровы.
Майце торбу грошай,
Жывіце ў раскошы,
Збожжа поўны клеці,
Павагу ў свеце,
Усяго даволі,
А бяды — ніколі!
Калядоўшчыкі ішлі далей,
ніводнага двара не мінаючы,
са святам усіх вітаючы.