Родныя дзеці

26.10.2010
У гэтым годзе на адну прыёмную сям’ю ў Хойніцкім раёне стала больш. Вераніка і Уладзімір Міхальковы з вёскі Казялужжа ўзялі на выхаванне шасцярых дзяцей.

Упершыню размову аб тым, што ў хаце павінен гучаць дзіцячы смех, завёў старэйшы сын Генадзь. Браты Генадзь і Іван ужо працавалі, а дачка Алена стала студэнткай.
На сямейнай нарадзе было вырашана звярнуцца ў Барысаўшчанскі сацыяльны прытулак. Паступова сям’я пачала павялічвацца. Першай прынялі Віку Солтан. У верасні дзяўчына паступіла ў Хойніцкае ДПТВ-183, знаходзіцца на дзяржзабеспячэнні, аднак усё роўна прыязджае ў Казялужжа да сваіх прыёмных бацькоў. Потым узялі на выхаванне брата і сястру Уладзіслава і Карыну Новік, Мацвея Нікіфарава, Маргарыту Пагарцаву, Ігара Турчына.
Зараз яны — адна вялікая сям’я. З усімі праблемамі спраўляюцца самі. Старэйшыя дапамагаюць з хатнімі справамі, наглядаюць за малодшымі. Алена, калі прыязджае да бацькоў, абавязкова прывозіць падарункі. Пры неабходнасці за старэйшага застаецца Генадзь. І ніхто не дзеліць дзяцей на “сваіх” і “несваіх”.
— З імі жыццё працягваецца, — дзеліцца мама Вераніка, — спяшаешся ім нешта даць, нешта зрабіць, каб паспець, каб не ўпусціць момант. Безумоўна, бываюць цяжкасці, але ў каго іх зараз няма? Аднак ні разу не з’явілася думка, што ўсё дарэмна і лепш было б без гэтага.
Сябруе сям’я Міхальковых з сям’ёй Людмілы Рабянок, у якой таксама выхоўваюцца прыёмныя дзеці. Разам вырашаюць пытанні, пераймаюць вопыт, раяцца.
Аднаго жадае Вераніка Міхалькова: каб яе дзеці раслі здаровымі, стварылі свае сем’і, выйшлі ў людзі і ніколі не бачылі гора.

Вольга БЕЛАШ