Пакаленне "тут" і "зараз"

24.01.2008
Маладое пакаленне не выбірае пэпсі. Не выбірае, таму што пэпсі, як і МакДональдс, — гэта сімвалы мінулага дзесяцігоддзя. Зараз у падлеткаў іншыя “героі” — кірыешкі і кампашкі. Такое ўражанне, што студэнцтва наогул “звар’яцела” на глебе згаданых прадуктаў, бо што ні студэнт — то з пачкам кавалачкаў падсмажанага хлеба. Адпаведна ў лекцыйных
аўдыторыях стаіць той яшчэ хруст… Ну а калі ў вас у пакоі інтэрната няма мівіны ці ролтанчыка, дык лічыце,
быццам вы тут і не жывяце, — ва ўсялякім разе так мне тлумачылі сябры іншагароднія…
Дзеці асфальтУ. Сучасныя дзеці і моладзь у цэлым — стопрацэнтныя “дзеці асфальту”, выхаванцы прагрэсу. І нават тыя, хто нарадзіўся ў вёсцы, калі прыяз-джаюць у горад, вельмі хутка асвойваюцца ды пачынаюць адчуваць сябе як дома. Амаль кожны малады “персанаж” — уладальнік мабільнага тэлефона і часцяком далёка не апошняй мадэлі. Мабільнік сёння ледзь не фетышызуецца. Ён для “прасунутых чэлаў” не столькі сродак сувязі, якім з’яўляецца для дарослых людзей, колькі своеасаблівы далучальнік да ўсеагульнай тусоўкі.
Яшчэ адзін яскравы паказальнік часу — Інтэрнэт. З кожным годам у нашай краіне становіцца ўсё больш і больш юзэраў. Заўважана, што калі некаторыя гаспадары сотавых не заўсёды разумеюць, навошта ён ім, то карыстальнікі сусветнага сеціва свядома блукаюць у нетрах віртуальнасці. Інтэрнэт — гэта другое, паралельнае жыццё, у якім ёсць усё тое ж самае, што і ў нашым звычайным: крамы, бібліятэкі, універсітэты, канферэнцыі, гульні, праца і нават
ЗАГСы. Там няма толькі адзінага, але, як па мне, дык самага галоўнага — рэальнасці…
Канфлікт бацькоў і дзяцей. Нашы бацькі самі імкнуцца да новага. Яны баяцца састарэць і апынуцца на “звалцы часу”, а таму спрабуюць асвойваць тэхналогіі сённяшняга дня і не адстаць у гэтым ад сваіх дзіцятак. Я асабіста ведаю некалькі дарослых мам, якія абсалютна спакойна “тусяць” у начных клубах, карыстаюцца маладзёвым слэнгам і з Інтэрнэтам “на ты”. Ды пры ўсім на працы яны паводзяць сябе звычайна, так бы мовіць, па-даросламу. Так што, на мой погляд, канфлікту пакаленняў у яго традыцыйным разуменні зараз няма. Ёсць некаторыя яго элементы: часовае супрацьстаянне, якое часцяком прыпадае на пераходны ўзрост у дзяцей і крызіс сярэдніх гадоў у дарослых, ці мімалётныя спрэчкі наконт таго, у колькі вярнуцца дадому са спаткання. Але пра тыя вострыя праблемы, што былі паміж ранейшымі пакаленнямі, сёння наўрад ці варта казаць…
За здаровы лад жыцця? Моладзь шмат паліць цыгарэты і любіць піва, і гэта не сакрэт. Але так робіць толькі пэўная частка цінэйджараў, на якую я прапаную проста “забіць”, бо колькі ім не тлумач пра небяспеку для здароўя, пакуль яны яго не страцяць, не зразумеюць.
Астатнія ж маладыя людзі з задавальненнем займаюцца спортам: прафесійна — у секцыях і спецыя-лізаваных школах ці аматарскі — у дварах, з сябрамі. Сярод папулярных відаў “старыя добрыя знаёмыя” — баскетбол, футбол, каратэ, плаванне, лёгкая атлетыка, а таксама параўнальна новыя для нашай краіны — скэйтбордзінг, ролінг, экстрэмальны байк, пэйнтбол. Прычым паказальна, што на спартыўных пляцоўках можна сустрэць не толькі школьнікаў ды студэнтаў, але і малых дзетак. Нацыя пачынае дыхаць фізкультурай.
Постмадэрнізм як погляд на жыццё. Кнігі чытаць зараз не модна? Якое глупства! Паважаныя дарослыя, мы чытаем, і яшчэ як! І яшчэ КАГО! Вось вы ведаеце толькі Пушкіна і Лермантава, а мы нават Міларада Павіча і Эжэна Іанэску. Я ўжо не кажу аб тым, што для вас масавая літаратура — гэта Таццяна Усцінава, Аляксандра Марыніна і іншыя “дэтэктыўшчыцы”, а для нас — гэта Харукі Муракамі, Паула Каэльо і Рычард Бах.
Як і належыць сапраўдным постмадэрністам, маладыя “хварэюць” на цытатнасць. І ў кнігах, і ва ўсім астатнім. Мяркуйце самі: толькі з’явіцца па тэлеку нейкі запамінальны рэкламны слоган, як літаральна назаўтра хлопчыкі і дзяўчынкі з упартасцю зомбі пачынаюць яго паўтараць. Ну, вы самі ведаеце — “хопіць натоўпамі хадзіць” ці “зарадзі мазгі, калі яны ёсць”. Апошняе для некаторых асабліва актуальна…
Музыка. XXI стагоддзе — гэта стылявы плюралізм, што мяжуе з пафігізмам. У музыцы таксама. Рок, папса, рэп, хард-кор, метал, готыка, кіслата, электроншчына… Галава яшчэ не кружыцца? А гэта толькі пачатак спіса тых напрамкаў, якія карыстаюцца зараз папулярнасцю. Разабрацца ў іх не так складана, як здаецца на першы погляд. Трэба проста пазнаёміцца з тыповым прадстаўніком пэўнага жанру, і двухгадзінная лекцыя аб перавагах таго ці іншага стылю вам гарантавана. Акрамя таго, выбар — гэта ж добра! Хіба не так?
УнісЕкс. Вы едзеце ў тралейбусе, хочаце папрасіць чалавека побач закампасціраваць талончык і не можаце зразумець, хлопчык ці дзяўчынка перад вамі? Не ламайце галаву: перад вамі унісекс — самы прасунуты стыль знешняга выгляду пакалення “Тут і зараз”. Ягоная ідэя прыкладна такая: якая розніца, якога полу асоба, галоўнае, каб чалавек добры быў! І, ведаеце, асабіста я не магу не пагадзіцца з гэтым тэзісам. Я за свабоду самавыяўлення: і калі дзяўчына хоча выглядаць, як хлопец, няхай выглядае!
Універсітэцкі бум. Вышэйшая адукацыя для сучаснага падлетка ўяўляецца ледзь не панацэяй. Пэўна, надзвычай распаўсюджаная раней думка, што можна не скончыць школу і зарабіць мільярды, канчаткова пакінула моладзь. Зараз кожны 17 — 18-гадовы марыць аб універсітэце. Але і па гэтым пытанні адзінства няма: адны для дасягнення запаветнай мары “грызуць” граніт навукі, седзячы за школьнай партай, іншыя — тэрарызуюць бацькоў, каб тыя збіралі грошы на платнае навучанне. Вось гэтыя “іншыя” мяне якраз і здзіўляюць: у школе ж вучыцца не жадаюць, тады навошта ім яшчэ ВНУ? Дзеля прэстыжу? Дык прэстыжна быць спецыялістам, а не “паперкамі” махаць…
Замест эпілога.
А ўвогуле мы не такія дрэнныя, як гэта звычайна ўяўляецца старэйшым людзям. У нас ёсць аднолькавае: здольнасць ставіць мэты і дасягаць іх. Мена-віта таму мы і завёмся пакаленнем “Тут і зараз”.

Наталля СТАРЧАНКА