Радзіма продкаў і мая...

24.01.2008
Чачэршчына — спрадвеку беларуская зямля. Здаўна прыцягвалі сюды чалавека магутныя лясы, багатыя на пушнога звера і іншыя дары прыроды, паўнаводныя рэкі і азёры, у якіх многа рыбы і вада-плаўнай птушкі, нарэшце, велічны Сож, па якім ішоў шлях “з варагаў у грэкі”. Тут жылі радзімічы, тут захаваліся шматлікія помнікі іх побыту, культуры, вераванняў.
За гэтую зямлю ішла жорсткая барацьба паміж суседзямі-магнатамі, княствамі і дзяржавамі. Войны спапялялі зямлю, шчодра паліваючы яе крывёй. Толькі ў ХХ стагоддзі Чачэршчына страціла ад войнаў і нашэсцяў каля палавіны насельніцтва. Але кожны раз з попелу і руін, нібы Фенікс, адраджалася Чачэршчына. Адбудоўваліся і прыгажэлі яе вёскі, расцвітаў і ўзмацняўся Чачэрск — стольны княжацкі горад у далёкім Х стагоддзі, павятовы цэнтр і горад з самакіраваннем, ваенная крэпасць у сярэдневякоўі, мястэчка, гарадскі пасёлак і зноў горад у ХХ стагоддзі...
Вялікія пакуты і страты прынесла чачаранам Вялікая Айчынная вайна. 10 населеных пуктаў былі знішчаны поўнасцю, 20 — часткова. Многія вёскі ператварыліся ў руіны. Значны ўрон быў нанесены народнай гаспадарцы. Але асабліва вялікімі былі людскія страты. Гэта адчувалася на працягу многіх пасляваенных гадоў. У раёне гітлераўцы забілі 1226 чалавек, угналі на прымусовыя работы ў Германію 1379 чалавек, з якіх на радзіму вярнуліся толькі 305.
Адышлі ў нябыт пасляваенныя разруха і голад. Паступова жыццё ўваходзіла ў свой прывычны рытм. Вярнуліся з вайны салдаты-пераможцы. Людзі з вялікім энтузіязмам удзельнічалі ў адраджэнні гарадоў і вёсак. Мала-памалу жыццё ўвахо-дзіла ў свой прывычны рытм...
Але шматпакутнай зямлі было вызначана вынесці на сваіх плячах яшчэ адну навалу — чарнобыльскую катастрофу. З абароту былі выве-дзены 12300 гектараў сельгасугоддзяў, 1500 гектараў лесу, ліквідаваны два калгасы, поўнасцю адселены 30 населеных пунктаў. З раёна выехалі маладыя сем’і і перспектыўныя спецыялісты. Адсяленне ў сваю чаргу выклікала рэзкае “старэнне” насельніцтва...
Амаль 19 гадоў прайшло з дня, калі чорным воранавым крылом радыяцыя накрыла чачэрскую зямлю. Шмат вады выцекла з той пары з невялічкай рачулкі з мілагучным імем Чачора. Але не скарылася Чачэр-шчына. І, расправіўшы плечы, зноў пачала адбудоўваць сваю будучыню.
Чачэрскі край — абсцяг
пад сонцам,
Радзіма продкаў і мая,
Дзе самародкам льецца слоўца
І знак вякоў нясе зямля.
Чачэрскі край — старонка гэта.
Пакрыта славай ваяроў
І працай рупнаю сагрэта,
Дзе ніў размах і шум бароў...
Гэткае своеасаблівае прызнанне ў любові да чачэрскага краю — радкі з верша Міхася Болсуна “Чачэрскі край”. І сапраўды, не палюбіць гэтую зямлю нельга — калі глядзіш з вышыні Замкавай гары на краявід незвычайнай прыгажосці, калі заміраеш ад велічы гарадской ратушы, калі з трапяткім пачуццём углядаешся ў васьмерыковую вежу-званіцу мясцовай Спаса-Прэабражэнскай царквы — помніка архітэктуры XVII стагоддзя... Але ўсё ж самым вялікім багаццем на гэтай зямлі заўсёды былі людзі — добразычлівыя, шчырыя, руплівыя. Далёка за межамі раёна ідзе добрая слава аб эксперыментальнай базе “Меркулавічы” — адной з буйнейшых гаспадарак Гомельшчыны, якая займаецца выро-шчваннем насеннай бульбы. Лепшыя вышывальшчыцы, вязальшчыцы, майстры салома- і лозапляцення жывуць тут жа — на чачэрскай зямлі. Майстры сваёй справы ёсць і ў чачэрскім лясгасе, на вінаробчым заводзе, у сферы адукацыіі, медыцыне...
А яшчэ чачэрская зямля шчодрая на людзей, якія сваім талентам змаглі праславіць маленькую ра-дзіму. Сярод іх Героі Сацыялістычнай Працы, заслужаныя дзеячы навукі, культуры, адукацыі, вучоныя, спартсмены, творцы...
А як на Чачэршчыне спяваюць! Вось-вось адзначыць свой 70-гадовы юбілей Залескі народны хор — старэйшы калектыў у раёне. У 1993 годзе калектыву фальклорнага ансамбля “Меркулавіцкія вячоркі” было прысвоена званне народнага. Далёка за межамі раёна вядомы народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль народнага танца, музыкі і песні “Лёс”. З году ў год пераносіць фальклорныя традыцыі чачэрскай зямлі народны ансамбль народнай песні “Чачэрскі гармонік”. І калі вам давядзецца пабываць на Чачэршчыне, абавязкова зазірніце на старажытнае замчышча. А там, заплюшчыўшы вочы, прыслухайцесь... Дзесьці здалёк пачуецца песня:
Вы дзевачкі-паненачкі,
Падружкі мае,
Як пойдзеце ў чыста поле,
Завіце мяне.
Як будзеце кветкі рваць,
Нарвіце і мне,
Як будзеце вянкі віць,
Савіце і мне...
А дзе песня — там і хлеб! А дзе хлеб — там і жыццё.
Валянціна ШЛЫКАВА
ФотА МІкАлая бЯльковІча