Яны жывуць каханнем і смела крочаць у будучыню
24.01.2008Зрэшты, сучасным маладым людзям скардзіцца на адсутнасць яркіх фарбаў у жыцці не даводзіцца. Зараз вакол столькі магчымасцей: прафесійных, фінансавых, сямейных, як кажуць, бяры — не хачу. Некаторыя, праўда, і не хочуць, і не бяруць. Усё ў іх ідзе самацёкам. Але мы не пра іх.
Лена Давыдзька і Андрэй Мяльніцкі, нягледзячы на розныя прозвішчы, вось ужо чатыры гады як сям’я. Пажаніліся яшчэ студэнтамі на пятым курсе. Тады ж будучая эканамістка Алена цвёрда вырашыла, што прозвішча мужа браць не будзе, бо яна сама індывідуальнасць і ў шлюбе хоча ёй і застацца. Андрэй, на той час студэнт-гісторык, быў не супраць: лічыў і лічыць, што калі кахаеш чалавека, то прымаеш яго такім, які ён ёсць.
— Індывідуальнасць — значыць, індывідуальнасць. Можа, за гэткую няўрымслівасць і прагу да самастойнасці я яе і пакахаў, — разважае хлопец.
Жыллёвая праблема паўстала адразу пасля вяселля. Дакладней кажучы, яна стаяла і раней, проста афіцыйна аформіўшы адносіны, маладыя захацелі жыць асобна ад бацькоў, толькі сваёй сям’ёй. Набыць кватэру магчымасці не было, таму прыйшлося зняць аднапакаёўку ў Сельмашаўскім мікрараёне. Умовы там далёкія ад ідэальных, але, як распавядае Лена, за столькі год абзавяліся мэбляй, прывезлі тое-сёе з рэчаў і з большага стварылі ўтульнасць.
— Мы ўсё робім разам, спачатку раімся, абмяркоўваем планы, потым іх здзяйсняем — так і жывем, — дадае Андрэй. Таму і пытанняў “каму мыць посуд, выносіць смецце ці пыласосіць” не ўзнікае. Усе хатнія абавязкі — папалам.
А зараз у сям’і наогул прыбавілася клопатаў — з’явілася трэцяя індывідуальнасць, Вікторыя Андрэеўна. Дачушка яшчэ зусім малая, і бацькі завуць яе Вікусяй. Вось толькі гаспадыню кватэры такія пяшчотнасці не кранаюць, яна ўжо трэці месяц настойліва патрабуе павялічыць плату за пражыванне...
Лена працуе аператарам у банку, Андрэй — вартаўніком і падпрацоўвае. Іх агульны заробак крыху больш за 460 тысяч рублёў. Адыміце плату за кватэру і камунальныя паслугі, выдаткі на малую.
— А сядзець увесь час на бацькоўскай шыі — гэта не па-мужчынску, — упарта паўтарае Андрэй. — Буду больш працаваць, але сваю сям’ю забяспечу сам.
Аднак, нягледзячы на вялікае жаданне, знайсці добры заробак яму пакуль што не ўдаецца. Застаецца спадзявацца на сумленне і мацярынскія пачуцці ўладаркi кватэры, бо і тыя грошы, якія яна зараз бярэ, немалыя.
І тым не менш сям’я Давыдзька-Мяльніцкіх з аптымізмам глядзіць у будучыню, бо Лена і Андрэй ведаюць, што стараюцца ўжо не толькі для сябе, але і для таго дзіцяці, якому нядаўна далі жыццё. А значыць, усё павінна быць добра!..
Свае праблемы ёсць і ў студэнцкіх сем’ях. Фізік і нязменны ды-джэй усіх інтэрнатаўскіх дыскатэк Дзіма Акуліч знайшоў сваё каханне ў тым жа самым інтэрнаце. Яго прывабіла на той час трэцякурсніца-біёлаг Алеся (на здымку).
Сёння яны ўжо на чацвёртым курсе, а іх шлюбу пяць месяцаў. З жыллём больш-менш нармальна: ім вы-дзелілі пакой у інтэрнаце, потым з дапамогай бацькоў збіраюцца купіць кватэру. Таму больш думаюць, як у будучым уладкавацца на працу і застацца ў Гомелі (яны абодва са Жлобіна). Дзіма хацеў бы заснаваць фірму па продажы камп’ютарнай тэхнікі, Алеся звязала б сваю працоўную дзейнасць з рэкламай.
Але пакуль што гэта ўсё ў праекце. На дадзены ж момант прызнаюцца, што цяжка пражыць на стыпендыю ў 110 тысяч рублёў, якую атрымлівае толькі Алеся, бо Дзіма вучыцца платна. Выкручваюцца тым, што робяць курсавыя, дыпломныя, рэфераты для менш здольных, але, пэўна, больш багатых студэнтаў. І бацькі, канешне, дапамагаюць — без іх нікуды б.
Увогуле маладыя не вельмі “замарочваюцца” на грашовай тэматыцы, іх больш хвалюе праблема адсутнасці пэўнай свабоды. Так, некаторых іх сяброў не пускаюць у інтэрнат — такі парадак. Але Акулічы вельмі адкрытая і шчырая сям’я. Яны любяць актыўны адпачынак на прыродзе, вясёлыя кампаніі і заўсёды рады гасцям. Не дзіва, што сярод іх знаёмых не толькі літаральна ўсе жыхары іх “вя-лікага агульнага” дома, але і мясцовыя, гомельскія рабяты. Карацей, прыжыліся яны ў Валатаве, і кватэру хочуць купіць таксама менавіта ў гэтым мікрараёне.
З праблем яшчэ называюць перыядычныя адключэнні электрычных пліт. Не тое, каб гэта зусім ім замінала, але ўсё роўна не вельмі прыемна, калі хочацца згатаваць паесці, а магчымасці такой няма. З большага ж Акулічы задаволены сваім жыццём у інтэрнаце. Кажуць, што валатаўскі № 4 — самы лепшы, утульны і вясёлы.
А яшчэ яны ні хвіліны не шкадуюць, што ўзялі шлюб. Дзіма ажаніўся першым у групе, Алеся — другая замужняя дзяўчына ў сваёй групе. Шмат хто адгаворваў іх ад такога ўчынку, але яны самі разабраліся і жывуць шчасліва. І сябры ўжо да гэтага прывыклі, лічаць іх неад’емнай часткай адзін аднаго.
Алеся і Дзіма Акулічы разам ствараюць планы на будучыню. І хоць перашкоды, канешне ж, магчымы на іх доўгім сумесным шляху, яны вераць, што каханне ўсё пераможа.
Наталля СТАРЧАНКА
Фота Мiкалая Бяльковiча