Нацельны жывапіс: мастацтва ці выклік?

03.06.2011

Так ці інакш, татуіроўкі — гэта правакацыйна. Няважна, робіце вы гэта для сябе ці каб здзівіць астатніх, у любым выпадку падобны малюнак вылучае з “шэрай масы”.

Ад дзяцінства на памяць

Сваю першую і адзіную татуіроўку я зрабіла ў 18. На маёй правай назе з’явіліся ініцыялы нікнэйма ў сеціве — просценькія літары “LB”. Зараз я гляджу на яе інакш: выглядае, калі шчыра, недарэчна. Добра, што надпіс можна змяніць на амаль любы малюнак. — Лягчэй перарабляць светлую, неяскравую татуіроўку, — кажа Канстанцін Серпікаў, візажыст аднаго з гомельскіх медыцынскіх цэнтраў. — Выпраўляць памылкі ў чужых работах прыходзіцца часта, але бываюць выпадкі, калі нічога нельга змяніць. У кліентах тату-салонаў пераважна моладзь. — Да мяне часцей звяртаюцца хлопцы. Думаю, дзяўчат татуіроўка настолькі моцна не захапляе, — дзеліцца тату-майстар Дзмітрый Ганчароў. — Сярод папулярных татуіровак можна вылучыць выявы жывёл (ваўкоў, тыграў), японскую сімволіку. Хлопцы часта выбіраюць біямеханіку. Безумоўна, хочацца рабіць рэчы арыгінальныя, таму з кожным кліентам я абмяркоўваю малюнак. Аднолькавых тату і так зашмат.

Вожык супраць Зомбіка

На пытанне аб тым, якая самая незвычайная татуіроўка была ў практыцы тату-майстроў, самі яны часта не ведаюць адказа: здаецца, нічым іх ужо не здзівіць. А вось людзей, не звязаных з гэтай прафесіяй, уразіць лягчэй. Напрыклад, не кожны дзень сустрэнеш дзяўчынку з выявай Вожыка ў тумане на спіне. Мне з такой выпала вучыцца. Па словах Юлі, ідэя зрабіць татуіроўку ўзнікла ў яе спантанна. Але яна доўга думала аб тым, які малюнак выбраць, пакуль у рукі не трапіла старая газета з матэрыялам пра Юрыя Нарштэйна, вядомага савецкага мастака-мультыплікатара. Яго “Вожык у тумане” — любімы мультфільм Юлі. Дзяўчына вырашыла, што гэта знак. У будучым плануе зрабіць на сваёй спіне цэлую карціну: кожны год там будуць з’яўляцца героі з гэтага мультфільма. Цікавая тату ёсць і ў Дзяніса Сычова, вадзіцеля тралейбуса і па сумяшчальнасці вакаліста гурта Dagmathe. На левым плячы — выява Палтаўскай бітвы. — Для мяне гэта памяць аб продках, што ваявалі там, — тлумачыць Дзяніс. Ёсць меркаванне, што татуіраваным лю­дзям цяжка спыніцца на адным малюнку. Жывое таму пацвярджэнне — Дзяніс Чыкалёў, праграміст і веб-дызайнер з Гомеля. — Першая мая татуіроўка была зроблена ў 23 гады. Зараз іх у мяне чатыры: на левай руцэ біямеханіка, на правым плячы ўзор, на спіне стылізаваныя крылы, апошняя тату — маленькі каляровы зомбік. Спыняцца не збіраюся, працяг абавязкова будзе.

Меркаванні

Ірына САЎЧАНКА, урач-анколаг: — Думаю, што правільна зробленая татуіроўка не пашкодзіць здароўю. Іншая справа, калі ёсць нейкія парушэнні правілаў асэптыкі: можна атрымаць і гепатыт С, і вірус імунадэфіцыта чалавека. Калі сам тату-майстар хворы, верагоднасць заражэння павялічваецца. Небяспечна рабіць татуіроўкі на месцы рубцоў, гэта можа садзейнічаць раку. А з эстэтычнага пункту гледжання татуіроўкі, калі яны сапраўды прыгожыя і цікавыя, мне падабаюцца. Але мне падаецца, што выглядаюць яны добра толькі на маладых людзях. Ігар ХАРЫШКА, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела фондаў абласнога Музея ваеннай славы: — У старажытнасці татуіроўка мела асаблівы сэнс: гэта мог быць знак племені, роду, татэма, сацыяльнай прыналежнасці. Таксама быў шэраг татуіровак, якія людзі маглі насіць толькі за пэўныя заслугі перад грамадствам. Сёння зразумела, чаму людзі, звязаныя з экстрымам, маюць на сваім целе татуіроўкі з адпаведнай сімволікай. Па малюнках на целе заключаных часта можна прачытаць лёс носьбіта. Але не радуе тое, што моладзь робіць татуіроўкі толькі для таго, каб быць не падобнымі да астатніх. Да таго ж, цела чалавека старэе, а разам з ім і тату губляе свой першапачатковы выгляд. Ксенія КОЗЫР, студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта: — Для мяне татуіроўка — такі ж від мастацтва, як жывапіс, музыка. Не разумею, чаму ў нашым грамадстве так радыкальна ставяцца да малюнкаў на целе. Зараз моладзі з татуіроўкамі становіцца ўсе больш, для многіх гэта проста ўпрыгожванне. Мне прыемна глядзець на людзей з вялікімі, якаснымі, прафесійнымі работамі.