Турыстычны злёт збірае моладзь рэгіёна на возеры Белае

29.08.2018

У Жыткавіцкім раёне 29-31 жніўня праводзіцца турыстычны злёт працуючай моладзі Гомельшчыны «Адзінства-2018», прысвечаны 100-годдзю Ленінскага камсамола.

У ім возьмуць удзел больш 300 прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў рэгіёна. У маляўнічых ваколіцах возера Белае 22 каманды пабудуюць палатачны гарадок. За тры дні злёту пройдзе шмат цікавых творчых і спартыўных паядынкаў. Цікава, што ў Год малой радзімы удзельнікі павінны прэзентаваць свой родны куток, пазнаёміць з яго адметнасцямі, традыцыямі. Пры гэтым будуць гучаць і камсамольскія песні 20-га стагоддзя ці іх аранжыроўкі.

Самае нечаканае выпрабаванне — «Кот у мешку». Па завядзёнцы, яго рыхтуе каманда, на тэрыторыі якой праходзяць спаборніцтвы. Пра заданні «ў мяшку» невядома нават аргкамітэту.

У праграме таксама пераадольванне паласы, перацягванне каната, спартыўнае арыентаванне, валейбол. Пераможца будзе вызначаны пасля апошняга спаборніцтва, такім чынам інтрыга захаваецца да завяршэння злёту. Па выніках назавуць заняўшых тры прызавыя месцы, узнагародзяць лепшых і ў кожным конкурсным этапе.

Абсалютны пераможца здабудзе права правядзення турзлёта «Адзінства-2019» у сваім раёне.