Вандроўка трынаццатая: Вадовічы

13.12.2011
У 13-ю па ліку вандроўку вырашыла ехаць у Калінкавіцкі раён, кіруючыся тым, што на гэтай зямлі жывуць «каласкі і калінкі», людзі з адметным гумарам. Але ж адправілася я ў зусім іншы бок, літаральна пад Хойнікшчыну, у вёску Вадовічы. Яна недалёка ад мележаўскай радзімы — Глінішча. Рушылі са мной Ніна Лешчанка, метадыст па фальклору і этнаграфіі аддзела культуры Калінкавіцкага райвыканкама, і Наталля Змушко, кiраўнiк спраў Бярозаўскага сельсавета. Ад іх я даведалася, што яшчэ ў 1848 годзе ў Вадовічах была вінакурня, а ў 1876-м гэтымі землямі валодаў дваранін Аскерка. З 1908-га былі Вадовічы Вялікія і Малыя. Гэтыя два фальваркі ўваходзілі ў склад Юравіцкай воласці Рэчыцкага павета. Калгас быў створаны ў 1929-м. На той час тут былі кузня, стальмашня (майстэрня калёсніка). Ніна Лешчанка прапанавала: «Едзем да драўляных спраў майстра, 80-гадовага бондара Якава Чарняка. Дзядзька не толькі рукі залатыя мае. Ён яшчэ і выдатны танцор, удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, яго стыхія — побытавыя танцы».
Аказалася, што Чарняк ростам невысокi, але, як кажуць у народзе, маленькі, ды ўдаленькі. Заспелі мы яго за нарыхтоўкай дроў акурат насупраць хаты, на вуліцы з адпаведным найменнем Сялянская. — Да зімы рыхтуемся? — запытала я. — Да наступнай, 2013 года!— адпарыраваў бондар. — Сяголета ёсць чым уцяпляцца. Вось гэта гаспадар! — Я як даведаўся, што да мяне завітаеце, выставу падрыхтаваў свайго бондарства і рымарства, — падзяліўся майстар. — Праўда, новыя свае бочкі і цэбры гэтым летам дзецям пааддаваў. Нам з жонкай і старых хопіць, якія даўно былі зроблены. І сапраўды, вырабы такія, з якіх, гавораць, не выпадзе і не выльецца. А якія ж хрумскія агурочкі ў дубовых бочках! Быццам прачытаўшы нашы думкі, дзядзька Якаў патлумачыў: «А таму з дуба рабіў, бо ён колецца правільна і хораша выгінаецца... Бывала, абчэшаш дуб, паколеш, высушыш...» — А дзе ж тыя дубы раслі? — цікаўлюся. — Кіламетры з чатыры ад нашай вёскі Бондарава Палянка, — падзяліўся майстар. — Колісь на валах зямлю паарэш, а ўвечары — на тую палянку, і дуба — крэнць! І заваліш. З лесніком загадзя дамаўляешся, бо калі зловіць, пратакол саставіць. Колькі тых бочачак зроблена за век, ці пералічыш. Майстэрству гэтаму Сяргеевіч вучыўся ў стрыечнага брата сваёй маці — дзядзькі Мяфодзія. А вось шыць боты і хамуты рабіць — навука ад вяскоўца Рыгора Алісеева. Ды ці толькі на гэтыя работы быў здатны Чарняк! Аказваецца, Якаў Сяргеевіч бацька васьмярых дзяцей. Папрасілі мы расказаць паімённа пра дачок і сыноў, дык за дапамогай гаспадар звярнуўся да сваёй жонкі Дуні. А яна жанчына ростам высокая, статная, хутка пералічыла сваіх дзетак: «Ганна ў нас даярка, Таня — памочнік ляснічага на калінкавіцкай зямлі, Сяргей жыве на Поўначы, астатнія — у Мазыры: Васіль гарадскімі ліфтамі загадвае, Ігар надзвычайнымі сітуацыямі займаецца, Саша — рабочы па ліфтах, Алена — повар, Ніна — цырульнік...» — А як вы пазнаёміліся? — дапытваемся ў Чарнякоў. Тут ужо дзядзька Якаў ініцыятыву перахоплівае: «Мы ж з маёй кабетай з Агароднікаў. Колісь, калі прыйшоў з арміі, пацікавіўся ў свайго старэйшага брата Лёні, дзе дзеўку браць. Ён мне і парэкамендаваў Дуню. Толькі папярэдзіў, што яна веры евангельскай, можа не згадзіцца. Дык я ёй адразу сказаў, што яна можа ў любую царкву хадзіць, абы толькі была маці і гаспадыняй». Дыхтоўны дом у Чарнякоў, адчуваецца, што век не стаўклі, а пражылі годна, у любові ды згодзе. У хаце створаны, лічы, гарадскія ўмовы: і вада падведзена, і пральная машына сучасная падключана, і мікрахвалёўка маецца. Жыві — не тужы. Ці не таму і сёння так імпэтна танцуе ў Доме культуры ў Агародніках Якаў Сяргеевіч! Прычым танец, які бытуе толькі ў гэтай мясцовасці, пад назвай «Нажніцы». Папрасілі мы ўзнавіць хаця б колькі рухаў з гэтай народнай жамчужыны. Трэба было бачыць, як бадзёра вытанцоўваў нагамі наш суразмоўца. Багата шчэ пораху ў парахаўніцах у дзеда: 15 унукаў і 6 праўнукаў! Безумоўна, не маглі мы не заехаць на ферму КСУП «50 год БССР», дзе працуе перадавая даярка Ганна Качан, дачка Чарнякоў. Бацькоўскі працяг, такая ж працавітая і душэўная. Аказваецца, у свой час быў і ў яе шанц з’ехаць з вёскі. Пасля заканчэння вучылішча адпрацавала адзін месяц поварам у рэстаране ў Лоеве. — Не ўпадабала я гэтую работу і вельмі хутка вярнулася ў Вадовічы, пайшла на ферму кароў даіць. І не шкадую такой змене лёсу. Скажу вам без усялякага падману: люблю, люблю гараваць на зямлі, — падзялілася жанчына. — Ужо чвэрць веку даяркай шчырую. На пенсію ў 50 пайшла, але шукаць штосьці іншае не збіраюся. Калектыў у нас добры, узначальвае яго Ларыса Бабарыка. Я сёлета для сябе задачу паставіла: 6-тысячны рубеж узяць. У мінулым годзе надаіла 5800 літраў ад кароўкі. 54-гадовая Ганна — маці дваіх дачок. Наталля — завуч Бярозаўскай школы на радзіме, а Надзея ў Гродна ўзначальвае гандлёвае прадпрыемства. Так што маці і сапраўды магла б знайсці больш зацішную справу. Ды не ў яе характары! Яна амаль гектар зямлі каля сваёй сядзібы ўпраўляе з мужам. Уяўляеце, сёлета між іншых спраў 17 мяхоў гарбузовых зярнят насушыла!
У Вадовічах пазнаёміліся мы яшчэ з адной даяркай. Праўда, Соф’я Кашпур большасць са сваіх чатырох дзясяткаў была паляводам. Зараз адпачывае на пенсіі. Хаця гэта ўмоўна. Засталі мы жанчыну на ўласным агародзе, дзе корпалася, рабіла апошнюю ўборку на палетках, для таго, «каб снежны дыван лёг на чыстую зямлю». Соф’я Рыгораўна — таленавітая вышывальшчыца, удзельнічае ў агародніцкім фальклорна-этнаграфічным калектыве, сама не толькі спявае, але і складае прыпеўкі: Ой, зайграйце вы мне, замузычце вы мне, Няма ў мяне чалавека, дык пазычце вы мне! Я ў жыцці не збілася, гэтым ганаруся, Дык чаму ж не весяліцца? я і весялюся! Да пенсіі дажыла, у рытме сэрца б’ецца, Дык чаму ж мне не спяваць? Хораша жывецца! Даглядаю агарод, не трэба на работу. Дзякуй, дзякуй Прэзідэнту за яго заботу! Яшчэ дзякую матулі, прызнаюся, шчыра, Што вясёлую такую мяне нарадзіла! У яе цёплай ад вытапленай печы і шматлікіх вышыванак хаце мы і адагрэліся ад пранізлівага лістападаўскага ветру і падарожжаў па вёсцы. Цётка Соня згадвала свой няпросты лёс, страту сына і мужа і міжволі заспявала песню сумную. Песню сваёй маці, Паліны Купрыянаўны, пад партрэтам якой і сядзела, бы пад абразом: Сіні туман пры даліне, Шырокі ліст на каліне, Шыршы, большы на дубочку... Кліча барын дзяўчыначку, Кліча сваю, не чужую: «Хадзі, сэрца, пацалую...» Нашто чужую цалаваці, Сваёй жалю задаваці? Ці то падалося, што паспрабавалі падцягнуць песню гаспадыні ціўкуны-кураняткі ў запечку? «Дачка на зіму мне прывезла занятак — падгадаваць маленькіх, каб не так адзінока было, — падзялілася жанчына. — А з імі, і праўда, хораша, сонечна ў хаце».