Багацце сям’i Жыганюк

20.08.2019
“Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома”, — услед за Львом Талстым згодны паўтараць Іван і Ірына Жыганюкі з аграгарадка Верасніца.

Цяністая альтанка ў двары Жыганюкоў — цудоўнае месца для сямейных пасядзелак

Іх шматдзетнай сям’і споўнілася 12 гадоў. У міры, любові ды згодзе сужэнцы выхоўваюць трох дачушак. Даша перайшла ў шосты клас, Маша скончыла два, а гарэзлівая Верачка сёлета адзначыць другі дзень нараджэння. Бацькі сваіх дзяўчынак лічаць сэнсам існавання і робяць усё для іх гарманічнага развіцця. Каб забяспечыць належны дабрабыт, пара не чакае старонняй дапамогі, а разлічвае выключна на ўласныя сілы.

— Людзі на мора едуць, — жартуе Ірына Васільеўна, — а мы пастаянна нешта ўпарадкуем у селішчы. Хочацца і на вёсцы жыць камфортна. Толькі дзеля гэтага трэба не ленавацца.
Пра дбайнасць працалюбівых гаспадароў сведчаць утульны, звонку абшыты дэкаратыўнымі “цаглінкамі” дом, двор з кветнікам ды заплеценай вінаградам альтанкай і прыпаркаваны легкавы аўтамабіль. Жыганюкі з першых дзён сумеснага жыцця займаюцца вырошчваннем парніковай гародніны. Некалькі год таму па прыкладу родзічаў з Лунінеччыны заклалі плантацыю клубніц. Іван Мікалаевіч з задавальненнем аддае вольны час пчалярству. З выпадкова заляцеўшага ў стары дзядькавы вулей рою з цягам часу атрымалася больш за дзясятак пчоласем’яў. А нядаўна ён захапіўся развядзеннем перапялоў.

— Нешта новае не дае сумаваць, гэта ж цікава, — мужчына прызнаецца, што ляжаць на канапе не яго адпачынак. — Пакуль у нас каля сотні галоў, падумваю пра набыццё новай пароды.
Надзвычай карысныя яйкі гэтых птушак упадабалі дзяўчынкі. Старэйшыя сястрычкі з ахвотай даглядаюць за шэранькімі “куркамі” — і зелля нарвуць, і кублы правераць. Выхаванне ў малых самастойнасці і адказнасці — прынцыповая пазіцыя бацькоў. Да пасільнай працы яны прывучаюць дачок з маленства. Як кажа жанчына, “усё лепей, чым за камп’ютарам праседжваць”. Галоўнае, каб не хварэлі.

Іван — мясцовы, з Верасніцы. Зараз працуе ахоўнікам на Тураўскім малочным камбінаце. Радзіма яго палавінкі — Запясочча. Жанчына мае дыплом бухгалтара і стаж па спецыяльнасці ў азяранскай канторы былога калгаса “Савецкая Беларусь”. Цяпер жа яе асноўная прафесія — мама.