Сельскагаспадарчы комплекс “Новае жыццё” развіваецца сямімільнымі крокамі

23.10.2019
Між тым не варта забывацца, што падмурак цяперашнім поспехам АПК закладвалі прадстаўнікі старэйшага пакалення, праца якіх па сучасных мерках падобна подзвігу.

Дзяўчына з характарам

— Выхоўвалася я ў савецкай школе, — не згаджаецца з такім высокамоўным вызначэннем справы свайго жыцця перадавая калгасніца з Турава Марыя Катлярчук, — проста нас вучылі ўсё рабіць якасна і сумленна, а яшчэ найперш думаць пра грамадскае, а ўжо потым пра сваё, уласнае. Калі б прыйшлося зноў выбіраць прафесійны лёс, не раздумваючы б усё паўтарыла.


Рэпетыцыі хору часта праходзілі прама на ферме. Марыя Катлярчук — чацвёртая злева

У даяркі яна пайшла ў1979 го­дзе ад безвыходнасці. На будоўлю разам з мужам (Іван Мікалаевіч усё жыццё працаваў мулярам) трэба было выбірацца зацемна, дзіцячы сад далёка, вадзіць сыноў-пагодкаў — праблема. А Дварэцкая ферма побач, за пяць хвілін дабяжыш. Маладой жанчыне адразу далі 16 кароў, а даілі статак тады яшчэ ўручную.
— Гэта было падобна на іспыт, — той дзень яна помніць як сёння. — Мала хто спадзяваўся, што маладое худзезнае дзяўчо справіцца з такой нагрузкай. Але ж і я з характарам, ды і вопыт мела, маме на ферме дапамагала з мален­ства. Так пакрысе і прыжылася ў калектыве. Удзячна, што побач было шмат добрых людзей: і начальнікаў, і калег.
Той час, не зважаючы на цяжкасці (і кармілі пагалоў’е самі, і прыбіралі памяшканні, і цялят гадавала), Марыя Іванаўна лі­чыць самым шчаслівым і ніколькі не саромеецца, што, як тады жартавалі, “круціла каровам хвасты”. Праз год да іх прыйшоў прагрэс, наладзілі машынную дойку. Группа, паступова павялічваючыся, даходзіла да паўсотні і больш галоў. Зімою статак трымалі ў памяшканні, а пашавы перыяд — у летнім лагеры за ракою, куды дабіраліся на пароме.

— Маладыя былі, ахвочыя да справы. Мы практычна жылі на рабоце, і дзеці побач раслі, — як само сабой кажа субяседніца. — Кіраўнік калгаса “Новае жыццё” Васіль Іванавіч Страх мудры быў чалавек. Памятаю, хлопцы мае малыя прыбягуць і з гонарам хваляцца: “Мама, з намі старшыня за руку здароўкаўся”.

Шчырая праца жывёлавода не заставалася незаўважнай. Напрыклад, адна са шматлікіх грамат сведчыць, што Марыя Катлярчук за год атрымала ад кожнай сваёй рагулі па 5 тысяч кілаграмаў малака, стаўшы лепшай даяркай у вобласці. Больш за дзесяцігоддзе Марыя Іванаўна займалася самай цяжкай аперацыяй — раздоем цялушак. Хто не ведае, гэта выключна ручная фізічная праца. За гадаванцамі сачыла не горш за заатэхніка-селекцыянера, вяла спецыяльны сшытак, куды заносіла важную інфармацыю пра стан кожнай рагулі, якую ведала не па нумару на кліпсе, а літаральна ў “твар”.

Песня — справе памочнік

З прыходам на старшынёўскую пасаду Мікалая Арцюшкі, які захапляўся мастацкай самадзейнасцю, у нашай гераіні паменшала часу на хатнія справы. Толькі работы гэта ніяк не тычылася. Ведаючы пра яе любоў да песні, жанчыну запрасілі ў калгасны хор другім голасам. Каб усюды паспяваць, завіхалася з падвоенай хуткасцю. Муж (сем год таму яго не стала) хоць і бурчэў праз жончыны адлучкі, у душы не мог не падтры­маць, бо сам заўзятым гарманістам быў. Яны і пазнаёміліся на вяселлі ў Марыінай вёсцы на Століншчыне, куды Івана з братам запрасілі ў якасці музыкаў. Падросшыя сыны Саша і Гена ўзялі на сябе значную част­ку бытавых абавязкаў, даглядалі ўласную гаспадарку, сваю карову па чарзе даілі. Нашчадкі даўно абзавяліся сем’ямі, абодва засталіся ў Тураве, зрабіўшы маму бабуляй трох унучак, якія падоўжылі род яшчэ трыма дзяўчынкамі.

Народны калектыў “Палессе” спяваў і на палетках, і на самых высокіх сцэнах, яго выступленні запісвалі на тэлебачанні і радыё, тураўскія артысты-аматары шмат гастраліравалі.

У працоўным страі

З хорам Марыя Іванаўна развіталася пару гадоў таму, маўляла, трэба саступаць месца маладым. А вось з працай, уявіце сабе, і на парозе сямідзесяцігоддзя не растаецца, разбіваючы стэрэатып аб тым, што на пенсіі працуюць толькі людзі цёплых камфортных кабі­нетаў.

— Ну, адпачыла я крыху дома ды засумавала, — тлумачыць сваё рашэнне вярнуцца ў строй няўрымслівы ветэран працы. — Год пяць таму аграном “Тураў­шчыны” Валянціна Уладзіміраўна Стаўская запрасіла на дапамогу: “У полі столькі работы, хопіць на лаўцы сядзець”.


Гады імчаць, а сэрца не старэе

У брыгаду па дагавору Марыя Іванаўна ходзіць спраўна. За верасень, напрыклад, у яе табелі пазначана 23 працоўныя дні. Зімой, канешне, меней будзе, тады і серыялы глядзець паспее. Пакуль ёсць сілы, трэба рухацца, — выдае на развітанне аптымістычную формулу жыцця патомная калгасніца.

Кузня герояў

6 кастрычніка знакамітаму калгасу “Новае жыццё” споўнілася б 90 гадоў. Слава гэтай гаспадаркі грымела не толькі ў Беларусі, а і за яе межамі. Калектыў дабіваўся неймаверных па тым часе ўра­джаяў розных культур, атрымліваў важкія прывагі і надоі. Фермы і багатыя гумусам палі не аднойчы станавіліся экс­перыментальнай пляцоўкаю для ўкаранення прагрэсіўных ме­тадаў.

Калгас даў пуцёўку ў жыццё не аднаму пакаленню. З яго выйшлі два Героі Сацыялістычнай Працы — брыгадзір трактарнай брыгады Мікалай Рудэнка і галоўны аграном Марыя Ісаева. Пераемнікам “Новага жыцця” стала акцыянернае таварыства “Тураўшчына”, аб’яднаўшы пяць прылеглых гаспадарак.

Святлана Шакалян Фота аўтара