Уладзімір Сухабокаў – мантажор, рэжысёр, настаўнік

18.12.2019
Ураджэнец Рагачова Уладзімір Сухабокаў звыш 20 гадоў выкладаў на рэжысёрскім факультэце дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве.

Уладзімір Сухабокаў – рэжысёр фільма «Начны патруль»

Савецкія кіназоркі першай велічыні Ігар Ільінскі і Вера Пашэнная здымаліся ў яго фільмах-спектаклях па п’есах Астроўскага.

Крыху больш за шэсцьдзесят гадоў таму ў Савецкім Саюзе ў шырокі пракат выйшаў фільм «Начны патруль». Адзін з першых савецкіх фільмаў на тэму барацьбы з так званай ценявой
эканомікай, напэўна, запомніўся кінааматарам са стажам сваёй навізной, свежасцю сюжэту і дынамічнасцю. Тут вам і стральба, і фінансавыя махінацыі, і вёрткія злачынцы, што раскаяліся, і любоўная лінія… Па выніках года (а прэм’ера фільма адбылася 16 снежня 1957-га) ён увайшоў у тройку лідараў пракату, яго пагля дзелі амаль 37 мільёнаў чалавек.

У кінакарціне былі заняты цудоўныя савецкія акцёры Леў Свердлін, Яўген Веснік, Уладзімір Андрэеў, Таццяна Акунеўская, Зоя Фёдарава, Сяргей Філіпаў, Уладзімір Уладзіслаўскі, Аляксей Ванін, Марк Бернэс. Апошні, да таго ж, выканаў у фільме выдатную кранальную «Песню пра Радзіму» на вершы Льва Ашаніна. А рэжысёрам «Начнога патруля» быў не хто іншы, як наш зямляк, ураджэнец Рагачова Уладзімір Сухабокаў.

Нарадзіўся будучы рэжысёр, сцэнарыст, мантажор, педагог у павятовым горадзе ў 1910 годзе. У 1933-м скончыў кінааддзяленне Ленінградскага тэатральнага інстытута. Працаваў памочнікам, асістэнтам рэжысёра, другім рэжысёрам, рэжысёрам мантажу на кінастудыях «Белдзяржкіно», «Саюзкіно», «Союздетфильм», «Ленфільм», Цэнтральнай аб’яднанай кінастудыі. У 30–50-я гады Уладзімір Леанідавіч прымаў непасрэдны ўдзел у рабоце над вядомымі кінастужкамі «Сябры», «Вяртанне Максіма», «Выбаргскі бок», «Зоя», «Жыла-была дзяўчынка», «Крэйсер «Вараг», «Яна абараняе Радзіму», «Авіцэна», «Моцныя духам». На здымках знакамітага фільма «Маладая гвардыя» Сяргея Герасімава ў 1948 годзе Уладзімір Сухабокаў быў мантажорам.

Што тычыцца Сухабокава-рэжысёра, то і на гэтай ніве ён зрабіў нямала. Акрамя згаданага «Начнога патруля», сумесна з Леанідам Лукавым быў зняты фільм на ваенную тэму «Гэта было ў Данбасе», сумесна з Марыяй Сауц – дзіцячы фільм «Чырвоны гальштук». Нельга не адзначыць работу рэжысёра ў фільмах-спектаклях «Ваўкі і авечкі» і «На ўсякага мудраца даволі прастаты» па п’есах Аляксандра Астроўскага, пастаўленых у 1952 годзе. У іх зняліся савецкія кіназоркі першай велічыні Ігар Ільінскі і Вера Пашэнная. Таксама ў творчым багажы рэжысёра-пастаноўшчыка Уладзіміра Сухабокава фільмы для дзяцей, шэраг дакументальных і навукова-папулярных фільмаў рознай тэматыкі.

З 1952 года і практычна да канца свайго жыцця (памёр Уладзімір Леанідавіч у 1973 годзе) ён выкладаў ва Усесаюзным дзяржаўным Інстытуце кінематаграфіі. Заслужаны работнік культуры РСФСР, заслужаны артыст Туркменскай ССР, старшы выкладчык кафедры мантажу рэжысёрскага факультэта, Сухабокаў многія гады перадаваў будучым кінематаграфістам свае найбагацейшыя вопыт і веды.