Галоўнаму Каласку — 65!
24.01.2008Нягледзячы на салідны ўзрост, вы, як і раней, у выдатнай форме, напоўненай грунтоўным зместам, пра што сведчыць і нядаўняя кніга-споведзь “Бацька”.
Не прытупілася з гадамі і пачуццё гумару. Землякі спадзяюцца шчыра парагатаць з вамі, галоўным Каласком, на чарговым фестывалі ў Аўцюках у 2006-м!
Будзем разам, Уладзімір Сцяпанавіч!
Знешне някідкая па афармленні кніжка “Шоўкавічы”, выдадзеная ў Рэчыцы ў сааўтарстве з Георгіем Сытко, — яшчэ адзін прыклад вернасці пісьменніка галоўнай тэме сваёй творчасці. Шоўкавічы — родная вёсачка У. С. Ліпскага ў Рэчыцкім раёне, мясціна яго маленства, самых дарагіх успамінаў. У прадмове аўтар робіць экскурс у сівую мінуўшчыну, у часы, калі тутэйшыя сяляне — 1149 душ — належалі памешчыцы Халадоўскай. “Пасвіць жывёлу за межамі сваёй зямельнай латкі не дазвалялася. Рыбу лавіць у азёрах, рэках, саджалках, залівах забаранялася”, — зазначае аўтар.
Людзі ўздыхнулі ў савецкі час. Але ж грымнула Вялікая Айчынная. І нельга без хвалявання чытаць раздзел “Яны загінулі за Радзіму”. Жыцці многіх шоўкаўцаў абарваліся ў 1941 — 1945 гадах, дзе могілкі многіх — невядома.
“Рабінка з чырвонымі слязьмі. Дуб з перасохлай галінай-рукой. Ландышы на зямельных пагорках. З надмагільных пліт пазіраюць шоўкаўцы. Хто з ласкавай усмешкай, хто сур’ёзны, хто насуплены, хто летуценны. Кожны быццам вітаецца і просіць: “Раскажы, браток, пра нашых, хто цяпер у Шоўкавічах. Як яны там?” — гэтыя радкі выклікаюць у кожнага чытача згадкі пра сціплыя могілкі свайго роду, непакояць чалавечае сумленне: як даўно ты наведваў апошняе прыстанішча дзядоў і бацькоў сваіх?
Бабічы, Захарэнкі, Каваленкі, Кашавары, Кулачэнкі, Кушалі, Ліпскія, Маркавы, Мілюты... Дзе, пры якіх абставінах абарвалася жыццё многіх з іх, невядома. Пісьменнік распавядае пра даваенны лёс гэтых людзей, іх мары, спадзяванні, заслугі перад вёскай.
У некаторыя з біяграфічных нарысаў пра землякоў Ліпскі ўключае аповяды іх родных. Вось, напрыклад, што згадала цётка Кірыліха пра свайго Кірылу Захарэнку: “Як замуж ішла, была вельмі марозная зіма. Кірыла ледзь не адмарозіў сабе пальцы. Пад’ехалі да яго дома, сустракаюць нас, як належыць, а тут раптам гром з неба. Старыя хрысцяцца, кажуць, нядобрая прыкмета. Праз два гады — вайна... Забралі майго Кірылу на фронт. Адтуль і не вярнуўся. Ніводнага пісьма не перадаў. Толькі ізвяшчэнне атрымала... Мала з ім накрасавалася... Двое дзетак спехам атрымалася, але... ніводнага не ўратавалі”.
Зыходзячы з высновы пісьменніка, выказанай ім у кніжцы “Я”, што ўсе людзі аднаго прозвішча — радня, усе Ліпскія ў Беларусі могуць ганарыцца Уладзімірам Сцяпанавічам Ліпскім, пісьменнікам, які працягвае ствараць сваімі кнігамі неўміручы помнік сваёй Бацькаўшчыне.
Дзяніс ПАРХОМЕНКА,
студэнт філалагічнага
факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны