Дакументальная выстава адкрылася ў музеі бітвы за Днепр

28.01.2020
Пра гэта нагадае новы праект да Міжнароднага дня памяці ахвяр халакосту, які штогод адзначаецца 27 студзеня па рашэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Нездарма было прынята рашэнне ў нашым ваенным музеі – насамрэч, антываенным музеі з ваеннай экспазіцыяй – правесці выставу, якая згадае старонкі колішняга мультыэтнічнага жыцця Лоева.

Пасёлак калісьці быў пераважна яўрэйскім. Яшчэ на пачатку стагоддзя тут стаялі чатыры сінагогі (а цэркваў – усяго дзве), была процьма яўрэйскіх лавак і крамак. Ды і гаварылі на вуліцах на ідыш часцей, чым на беларускай мове, бо і шмат хто з беларусаў добра разумеў, а то і размаўляў на мамэ-лёшн. Дый нават сёння можна ад беларусаў там-сям пачуць колькі яўрэйскіх слоў…

Зараз у Лоеве амаль не засталося слядоў таго штэтлу – яўрэйскага мястэчка, якім ён быў яшчэ не так даўно. Амаль усе яўрэі, хто не паспеў эвакуіравацца, загінулі. Адзінкі, хто выжыў, пакінулі родны штэтл – дужа ж цяжка было хадзіць па вуліцах, дзе яшчэ колькі гадоў таму бегалі іх дзеці, дзе сустракалі бацькоў, сваякоў, сяброў ды проста знаёмых… Астатнія з’ехалі з Беларусі, калі адкрыліся межы. зараз на ўсю краіну засталося больш за дзесяць тысяч яўрэяў, а ў Лоеве дык і наогул некалькі чалавек.

Затое ёсць колькі дамоў-мураванак – камяніц, у якіх яны жылі, гандлявалі, маліліся… Раённая бібліятэка з аддзелам культуры Лоеўскага райвыканкама размясцілася ў доме Навума Доўгіна – знанага лоеўскага купца. У іншых камяніцах – рэдакцыя раённай газеты, прадстаўніцтва Белдзяржстраху.

Засталіся і старыя яўрэйскія могілкі на выездзе з райцэнтра. Амаль закінутыя – няма каму даглядаць. Таму і ладзіць тут музейнае аб’яднанне «Нашчадкі Лоя» талаку. Але ж аб’яднанне малое, а работы шмат…

Па стараказярожскай дарозе ў вайну быў выкапаны супрацьтанкавы роў. У ім пахаваны (звалены і прысыпаны зямлёй) забітыя нацыстамі лаяўчане – і беларусы, і яўрэі. І там, паміж могілкамі і ровам, летась пры садзейнічанні музея Саюзам беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і грамад быў усталяваны памятны камень. Сюды цяпер можна прыйсці, узгадаць, памянуць.

Вось гэтую гісторыю Лоева, яго яўрэйскія старонкі і яго трагедыю, мы паказваем на выставе. Для яе сабралі дакументы з фондаў музея – дакументы франтавікоў і партызанаў, якія мужна змагаліся за родную краіну. Прадстаўляем і дакументы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Лоеўскага раёна, запісаныя і сабраныя ў некалькі тамоў адразу пасля вызвалення раёна ў 1944 годзе.

Таксама можна будзе паслухаць успаміны саміх лаяўчан, запісаныя супрацоўнікамі музея ў экспедыцыях па раёне.

А на адкрыцці выставы глядзелі фільм «Штэфан Цвайг». Кінастужка прысвечана знакамітаму пісьменніку мінулага стагоддзя, які праз сваё яўрэйскае паходжанне і прынцыповую пацыфісцкую пазіцыю вымушаны быў эмігрыраваць з роднай Аўстрыі, акупаванай у той час нацысцкай Германіяй.

Выстава экспануецца ў рамках праекта «Цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны» і працягне сваю работу да канца лютага.