Вёска Кірава. Вандроўка шасцьдзясят трэцяя

15.03.2020
Лёс быў дабрацца сюды, у глыбіню Палесся, у сакавіцкі, яшчэ не прагрэты сонцам дзянёк. Найперш цікавіла, як жа раней называлася вёска, якую ў 40-я гады мінулага стагоддзя перайменавалі на характэрную для таго часу назву.

Тут украінскі каларыт
Здавён у тым, як дах накрыт...
А звалі вёску Лукаеды
У час, калі былі камбеды.

Вельмі ўзрадавала сустрэча з мясцовымі жыхарамі. Вядома ж, у цэнтры Кірава, асяродку культуры – клубе. Тут і даведалася, што вёска колісь мела назву Лукаеды. Прычым былі Старыя і Новыя, якія злучыліся ў 1920-я.

Ад Бухары да Палесся

Такім далёкім і адначасова простым быў шлях у гэтую вёску Марыны Хікматавай. Па бацьку – узбечка, па маці – руская, у свой час з Бухары рушыла вучыцца ва ўкраінскі Кіраваград (адчуваеце падабенства?), набыла прафесію повара. Па размеркаванні трапіла ў 1987-м на Сахалін, на сухагруз. Працавала кокам. Пазнаёмілася на судне з беларускім хлопцам, электрыкам. Пажаніліся.

У 1991 годзе распалася адзіная краіна. Марына цягнула мужа ў свой бок, ён жа скіраваў яе, гарадскую, у Брагінскі раён, вёску Кірава, што ў Камарынскім сельсавеце.
– Ведаеце, я ніколькі не шкадую, што так адбылося, – падзялілася абаяльная, усмешлівая Марына Эргашаўна. – Можна і ў вёсцы жыць, калі сам гаспадар, рупішся пра сям’ю.
Яна не адразу стала загадчыцай сельскага клуба, пачынала прыбіральшчыцай. Добрым словам згадвае папярэдняга кіраўніка Марыю Язянок, якая, ідучы на пенсію, прапанавала працягнуць справу.

Марына Хікматава: «Сярод вяскоўцаў спасцігла яі мову беларускую, і традыцыі Палесся»

Эргашаўна адчыніла нам дзверы сваёй ўстановы і паказала калекцыю народных касцюмаў вёскі. Зразумелі без слоў. Калі ў чалавека на генетычным узроўні ёсць павага да нацыянальных традыцый свайго народа, ён не будзе неабачліва ставіцца і да другіх. Марына зрабіла вялікую справу: сабрала і зберагла нацыянальныя ўборы жыхароў Кірава. Паглыбіўшыся ў гісторыю вёскі, яна з дапамогай спявачак мясцовага хору стварыла сапраўдны міні-музей палескага побыту. Сціпла, проста, але так шчыра.

З гісторыі вёскі

Вядома яна з XIX стагоддзя ў Ёлчанскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Валодалі ёй Горваты. У 1834 годзе тут жыло 58 гаспадароў. У Старых Лукаедах меўся тракцір, а ў Новых – хлеба­запасны магазін, школа граматы. Побач быў і маёнтак Лясная.

З 8 студзеня 1926 года вёска была цэнтрам Лукаедаўскага, а з 20 красавіка 1939-га Кіраўскага сельсавета Камарынскага раёна Рэчыцкай акругі. У чэрвені 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. Найбольш шматлюднай вёска была ў 1929-м – 1061 жыхар. У лютым 1938 года яна адносілася да Палескай вобласці, а з 8 студзеня 1954-га – да Гомельскай.
У 1930 годзе на мясцовых землях утвораны калгас імя А. Чарвякова. Працавалі чатыры ветраныя млыны, конная крупадрабілка, кузня. Гітлераўцы часткова спалілі вёску 14 студзеня 1943-га. Забілі 21 жыхара. 79 вяскоўцаў аддалі жыццё на франтах Вялікай Айчыннай. У 1959 годзе Кірава ў складзе саўгаса «Камарынскі». У гэты час тут жыло 917 чалавек, у 2004-м – 280. Зараз тут 176 вяскоўцаў. Самай юнай насельніцы вёскі Маргарыце Куц 20 сакавіка споўніцца годзік.

Два ў адным

Людскімі лёсамі Кірава нібы адлюстроўвае сваю шматфарбнасць. Наталля Чарнічэнка, напрыклад, ураджэнка Краснадарскага края, занесена з Расіі ў куток сваёй бабулі па мацярынскай лініі. Праца гарыць у яе руках. Вывучылася на повара, папрацавала і кінамеханікам, і паштальёнам на Будакашалёўшчыне, прадаўцом у Кірава, а цяпер тут «два ў адным»: і бібліятэкар, і паштальён. А яшчэ і шматдзетная маці. Спраўляецца! Чым не паляшучка! 112 чытачоў у бібліятэцы. Прычым і дзятва, якую зараз дастаўляюць на аўтобусе ў школу ў Камарын. Мы заспелі Наталлю за дастаўкай газет, пісьмовай карэспандэнцыі жыхарам вёскі. Адчулі ва ўсіх яе рухах мабільнасць, уласцівую сучаснай жанчыне.

Па-палеску руплівая Наталля Чарнічэнка

Вернасць

– Колісь у нашай вёсцы было толькі кароў чатыры статкі... – уздыхнула пра былое ветэран сельскай гаспадаркі Галіна Куц. – Нас з мужам-трактарыстам за харошую працу вазілі на экскурсію аж у Адэсу! А потым гэтая чарнобыльская трасца. Дужа перажывалі... З далейшых сёл худобу гналі. Людзі ехалі. Трывожно було.
Пенсіянерка параўноўвала тую бяду з вайною, Вялікай Айчыннай, якую сустрэла дзевяцігадовай. Згадала двух старэйшых братоў: «Пятро і Алесік, дзякуй богу, вярнуліся з яе, у калгасе працавалі».

Галіна Міхайлаўна Куц, захавальніца памяці вёскі: «А ў нас тут лугі такія булі! Зеляно! Статкі гусак трымалі. Дзеруны гатавалі на гусіным тлушчы»

Міхайлаўна колісь спявала ў вясковым хоры, які па ўзросце і стану здароўя удзельніц паступова замоўк. А як жа хораша спявалі! На нашу просьбу выканаць хоць адну песню з іх рэпертуару бабуля прыўстала, абапіраючыся на хадункі, потым на стол, і так зацягнула пра дзявочае каханне, пра развітанне з любым: «А як узналі, загаварылі, навек з каханым нас разлучылі...»

Высветлілася, што жанчына, калі пайшла на заслужаны адпачынак, стала сама дапамагаць хворым... малітваю. Прачытала і нам, вельмі хутка прагаворваючы яе, каб пашчасціла ў зваротнай дарозе: за вакном пачынала шарэць. Калі дачытала, «пахукала» ў тры канцы, зазначыла, што заўсёды «моцно хвалююса».

Пацікавіліся ў Галіны Міхайлаўны, сем’і з якімі прозвішчамі бытавалі ў вёсцы і чаму раней называлі яе Лукаеды. Яна патлумачыла, што назва «звязана з ракою, яе выгібам, а не з цыбуляю». Жылі і жывуць тут людзі з прозвішчамі Пузырыны, Леўчанкі, Лявоненкі, Сіманенкі, Краўчанкі. Засталіся ў памяці і мянушкі родаў: Мельнікі, Янчыкі, Пагіблякі,
Базылёвы, Лаўрыновы...

– У нас нават часткі вёскі маюць свае прозвішчы, – зазначыла былая даглядчы­ца і даярка. – Я жыву на Пясочнай (яе клічуць у нас Пагон). Ёсць Дажынкі, Гумні­шча, Зладзееўка, Кубрын. Ці ўсе згадаеш? Храмавым святам вёскі было Міхайла. У царкву мы ездзілі ў вёску Навозы, на ўкраінскі бок.

А надоўга Галіна Міхайлаўна Куц за ўвесь свой век нікуды не з’язджала з малой радзімы.


Шасцікласніца Даша Кузняцова і сямікласніца Валерыя Белянок – актыўныя ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці, цудоўна спяваюць, займаюцца ў клубных гуртках і хораша пазіруюць каля стогадовага дуба