Расійскі грамадскі тытул “Рыцар дзяцінства” прысуджаны нашаму земляку пісьменніку Уладзіміру Ліпскаму

11.05.2020
Такое рашэнне прыняў прэзідыум праўлення Агульнарасійскага грамадскага дабрачыннага фонда “Расійскі дзіцячы фонд” пад старшынствам вядомага пісьменніка Альберта Ліханава. Старэйшыне беларускай літаратуры разам з Дыпломам Гонару уручаны рацырская мантыя і шпага.


Уладзімір Ліпскі — аўтар 72 кніг, якія выйшлі агульным тыражом звыш 1,5 мільёна экзэмпляраў. Пісьменнік з’яўляецца аўтарам кранаючай серыі дакументальнай літаратуры, яго творы выхоўваюць любоў да Айчыны, патрыятызм, скіраваны на ўмацаванне дружбы між народамі Саюзнай дзяржавы, абарону дзяцінства — адзначаецца ў рашэнні кіраўніцтва расійскага фонда.

Звыш трох дзесяцігоддзяў Уладзімір Сцяпанавіч узначальвае Беларускі дзіцячы фонд, дзейнасць якога адзначана ў 2013 годзе спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Наш зямляк — член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, нязменны прадстаўнік Беларусі ў прэзідыуме Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў. Шчыра віншуем, Уладзімір Сцяпанавіч!