Першыя пакосы

24.01.2008
Рэзкае пацяпленне і майскія дажджы садзейнічалі добраму росту травы, наблізілі час уборкі яе на корм жывёле. Зараз актыўна разгортваюцца гэтыя работы ў Калінкавіцкім раёне.

Першымі пачалі касавіцу ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Гулевіцкае” маладыя механізатары Іван Дулуб і Сяргей Наўныка. На працягу няпоўных трох дзён трактарамі “МТЗ-82” з навяснымі касілкамі
Л-501 яны паклалі яжу зборную ў пакосы больш як на 30 гектарах.
— Працаваць добра і прыемна таму, што трава паўсюдна густая, месца роўнае. Мы стараемся не толькі з першых жа дзён работы значна перавыконваць свае заданні, а і вядзем касьбу якасна на паніжаным зрэзе,— сказаў мне Іван.
Галоўны аграном гаспадаркі, таксама малады спецыяліст Юрый Пунтус, паведаміў, што на гэтым участку ў другой палове дня пачнецца падсушка, а затым і цюкаванне сена. Механізатары і тэхніка да гэтай работы ўжо гатовы. На наступны дзень у кааператыве планавалася пусціць у работу тры самаходныя высокапрадукцыйныя касілкі Е-301 для скошвання і нарыхтоўкі зялёнай масы на сянаж, іншую кормаўборачную тэхніку.
— Пасля “Гулевіцкага” да касьбы траў прыступілі СВК “Садружнасць”, “Залатая Дубрава”, іншыя гаспадаркі раёна, — паведаміў першы намеснік начальніка райсельгасхарчу М. І. Яфімовіч. — Нам трэба сёлета ўбраць іх першым укосам амаль 25 тысяч гектараў, палавіну на сена, запасы якога на зіму ў параўнанні з леташнім будуць павялічаны на 20 працэнтаў. Больш нарыхтуем сенажу і іншых травяністых кармоў з тым разлікам, каб у сярэднім на кожную галаву жывёлы выйшла не менш 20,3 цэнтнера.
У райсельгасхарчы мне паведамілі, што па надоях малака ад каровы сёлета плануюць пераўзысці ўзровень 1990 года, а гэта значыць, атрымаць яго звыш трох тысяч кілаграмаў. І такая магчымасць ёсць. У летнія дні дойнае пагалоўе добра забяспечана таннымі зялёнымі кармамі, а таму прадукцыйнасць кароў значна вышэйшая, чым летась. Калі зараз назапасіць неабходную колькасць кармоў на стойлавы перыяд, то высокай будзе прадукцыйнасць жывёлы і на працягу ўсяго года.