Растуць вербы каля грэблі!
24.01.2008Іван Паўлавіч Мележ
Ён і знешне меў падабенства да волата, асілка сваёй зямлі. Уся яго асоба вылучала энергетыку трывушчасці, надзейнасці. Ён быў чалавекам, адпавядаючым характарыстыцы нас як нацыі — памяркоўным, разважлівым, сціплым. Словы не кідаў на вецер. І свой раман-хроніку “Людзі на балоце” ён пазначыў прысвячэннем без усялякага налёту зоркавасці — “Бацьку, маці, бацькоўскай зямлі”. А яны, гэтыя кнігі, могуць годна стаяць побач з шолахаўскім “Ціхім Донам”, “Саборам Парыжскай Богамаці”
В. Гюго, “Амерыканскай трагедыяй”
Т. Драйзера.
Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся ў вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёна. Яго бацька Павел Фёдаравіч быў добрым спецыялістам па дзежках, цэбрах, яго часта запрашалі ўставіць вокны і дзверы ў новыя хаты. Маці Марыя Дзянісаўна славілася як выдатная гаспадыня, любіла свае палескія песні. Паходзіла яна з суседняй Каранёўкі. Шасцёра дзяцей — тры дачкі і тры сыны былі ў Мележаў.
Пра сваё дзяцінства пісьменнік згадвае так: “...Луцішчы, Перавельскія лугі — гэта толькі нашае, глінішчанскае, толькі маё. Ва ўсім жа астатнім маё маленства было звычайным маленствам сялянскага хлопца: яшчэ санлівага маці будзіць гнаць свіней, торба цераз плячо, у торбе — акраец хлеба, гурок, у лепшыя дні — кавалачак сала; у халодныя дні — на плячах даматканая світа...”
А за навукай прыйшлося багата патупаць па вакольных вёсках. Ужо з пятага класа займаўся на другім, далёкім канцы Алексіч. Пасля сёмага класа Іван падаў адразу дзве заявы на рабфак — пры запалкавай фабрыцы ў Навабеліцы і ў Мінск, пры iнстытуце народнай гаспадаркі. Не паступіў, бо не хапала года да пятнаццаці.
У 1938-м Мележ атрымаў атэстат выдатніка ў хойніцкай школе № 1. “Мусіць, не было ў школе такой справы, у якой мне не хацелася б удзельнічаць”, — прызнаецца пісьменнік у аўтабіяграфіі. Як і многія равеснікі, захапляўся валейболам і футболам, былі спробы стала заняцца палётамі на планеры. Шмат маляваў, з захапленнем іграў ролі ў спектаклях школьнага драмгуртка. І пачаў пісаць вершы.
А жыццё, між тым, падкідвала ўсё больш празаічныя сюжэты. Сям’я Мележаў перажывала цяжкасці з хлебам, чэргі прыходзілася выстойваць з апоўначы да абеду. А тут на вачах павольнай смерцю памірала сястрычка. Каб дапамагчы бацькам у іх клопатах пра хлеб надзённы, будучы пісьменнік падпрацоўвае рэпетытарствам. Пра ранняе пасталенне палешука сведчыць і такі факт: сам накіраваў свой атэстат у маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, i не дачакаўшыся адтуль адказу, рушыў у сталіцу з выпадковым падарожнікам, нейкім глінішчанскім дзядзькам. “Нечаканая, грымотная, агромністая Масква ашаламіла: я разгубіўся ў блытаніне бясконцых вуліц, у мітусні незлічоных людзей, — згадваў Іван Паўлавіч. — Яшчэ больш разгубіўся я, трапіўшы ў інстытут, у натоўпы бойкіх, бывалых кандыдатаў у студэнты. У канцылярыі бойкі ж, незразумелы, недасяжны малады чалавек у акуратным касцюмчыку збіў мяне дзіўным пытаннем: чаму я прыехаў без выкліку? У момант ацаніўшы маю правінцыяльную нясмеласць, ён за гэтым сказаў, што прыняць мяне ў інстытут не прадставілася магчымым, — конкурс вельмі вялікі, і камісія, азнаёміўшыся з дакументамі, вымушана была часова ўстрымацца...”
Мележ вярнуўся дадому, стаў загадчыкам аддзела піянераў у райкаме камсамола. Пазней ён прызнаваўся, што год працы тут быў вельмі важным, ён шмат чаму навучыў, стаў своеасаблівым “інстытутам жыцця”. Іван сустракаўся з моладдзю і пажылымі людзьмі, спасцігаў іх надзеі і спадзяванні, пабываў ва ўсіх хойніцкіх вёсках.
У студзені 1939-га ў “Чырвонай змене” быў надрукаваны першы верш нашага земляка. Але ж прызнанне і вядомасць прынясуць яму ў будучым празаічныя творы. А пакуль ён здзяйсняе, з другой спробы, сваю мару атрымаць вышэйшую адукацыю, паступае ў той самы інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. Нядоўгім быў вопыт студэнцтва, але Масква з яе багаццем зносін з вельмі цікавымі людзьмі, у будучым вядомымі пісьменнікамі, мастакамі, акцёрамі паўплывала на фарміраванне творчай асобы, выкрышталізавала літаратурны густ. Ды з першага курса Івана прызываюць у армію. Служыў у 289-м палку 192-й горна-артылерыйскай дывізіі.У перадваенным 1940-м удзельнічаў у баявых аперацыях па далучэнні Паўночнай Букавіны і Бесарабіі да СССР. Вялікая Айчынная застала Мележа на Львоўшчыне.
Баі пад Уманню, Нікалаевам, Растовам-на-Доне... Гэты ваенны вопыт, несумненна, спатрэбіцца потым, пры напісанні рамана “Мінскі напрамак”. У чэрвені 1942-га пад Растовам Іван Паўлавіч быў цяжка паранены, трапіў на лячэнне ў шматлікія шпіталі. У адным з іх, у Тбілісі, ён піша свае першыя апавяданні, менавіта тут і атрымоўвае “білет” у тыл. У Бугуруслане Мележ выкладаў ваенную падрыхтоўку, завочна вучыўся на літаратурным факультэце Малдаўскага педінстытута. А ў 1942 — 1943-м ён працуе на станцыі Сходня, пад Масквой, якая на той час была ўвасабленнем радзімы: сюды былі эвакуіраваны Белдзяржуніверсітэт, шматлікія іншыя ўстановы. У лістападзе 1944-га ў “Звяздзе” было надрукавана апавяданне І. Мележа “Сустрэча ў шпіталі”, а ў 1946-м выйшаў зборнік апавяданняў “У завіруху”. Вядома ж, напісаны яны былі на ваенную тэму. Гэтыя творы пісьменніка высока цаніў Кузьма Чорны.
“Відаць, трэба пісаць перш за ўсё аб тым, што асабліва дарагое душы, што яе хвалявала і хвалюе, — што стала дарагой часткай тваёй асабістай біяграфіі, — дзяліўся Іван Мележ у аўтабіяграфіі. — Гэта асаблівасць творчасці патрабуе, разам з тым, каб пісьменнік жыў з людзьмі, каб іх падзеі і трывогі былі яго надзеямі і трывогамі, каб біяграфія пісьменніка была, натуральна, непарыўна зліта з біяграфіяй свайго народа. Без гэтых дзвюх якасцей рэдка каму ўдаецца напісаць добры твор: хіба што талент выцягне”.
І на працягу 1956 — 1960 гадоў ён пісаў “Людзі на балоце” — першы твор са свайго зоркавага цыкла “Палеская хроніка”. Потым быў “Подых навальніцы”. За гэтыя два раманы нашаму земляку ў 1972 годзе была прысуджана Ленінская прэмія. Трэцім быў “Завеі, снежань...”
Васіль, Ганна, Міканор, Апейка, Яўхім... Праз гэтыя вобразы мы спасцігалі Палессе.
“Васіль... Васіль...” — уварвалася, пранізала ўсю яе, неяк асабліва, да болю дарагое — у горле аж зашчымела ад горнасці. “Кончылася. Не суджано, значыцца... Бывай!..” Бывайце, грушы шапаткія, вербы ціхія, маладыя, вольныя вечары! Не прыйсці ўжо больш да вас, як было, не стаяць да ранку! Кончылася воля дзявочая — спатканні, мілаванні, развітанні!” За гэтым маналогам кожны, хто цікавіцца літаратурай, тэатрам узгадвае голас Ліліі Давідовіч, народнай артысткі Беларусі, актрысы Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якая для землякоў класіка была і застанецца іх Ганнай. Мы былі сведкамі, як шчыра, па-палеску гасцінна сустракалі яе і “калегу па цэху” Генадзя Гарбука — Васіля ў Глінішчах, у дні святкавання 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. “Калі Ганна едзе на кірмаш — па сутнасці не яна едзе, еду я, не яна ходзіць па кірмашы, усяму здзіўляючыся, — хаджу, здзіўляюся я. І калі Васіль да знямогі косіць або робіць грэблю — гэта не ён косіць і робіць грэблю, а я”, — у гэтым прызнанні пісьменніка сакрэт народнасці яго творчасці.
Каб спасцігнуць душу Палесся, каларыт мележаўскай прозы, абавязкова завітайце ў Глінішчы, наведайце музей класіка, прайдзіцеся сцяжынамі яго герояў. Тут усё прасякнута яго радочкамі! У музеі працуе Соф’я Мікалаеўна Ліпніцкая, пляменніца Івана Паўлавіча. Мне пашчасціла пазнаёміцца з гэтай і іншымі цудоўнымі “галінкамі” мележаўскага роду — пляменніцамі Верай Савельеўнай Генаш, старшым выкладчыкам на філфаку ГДУ імя Ф. Скарыны, з Ліліяй Краўчанка, што ў родных Хойніках плённа завіхаецца на ніве культуры разам са сваёй дачушкай. А колькі цёплых згадак засталося ад знаёмства са стрыечным братам Ільёй Дзмітрыевічам з Бабруйска, з цёткай Насцяй — Настассяй Трафімаўнай Вяргейчык, стрыечнай сястрой пісьменніка, якая зараз пераехала ў новую кватэру ў Хойніках. Не забуду, як у сваiм доме ў атачэнні каліны яна згадвала мне пра “любімага Іванчыка”, яго наезды ў родную вёску. Паказвала фота родных яго сясцёр Любоў і Тамару, якія жывуць у Мінску. З якім хваляваннем чытала лісты, паштоўкі, напісаныя братам! Як здорава бегалі яе спрацаваныя рукі па гітары і спявалася любімая, мележаўская “Растуць вербы каля грэблі”...
Тамара КРУЧЭНКА