Іван Анісавец: Навошта рызыкаваць, калі можна заберагчыся
18.11.2021Іван АНІСАВЕЦ, дырэктар КСУП «Бывалькі» Лоеўскага раёна:
– Адносна непрацяглы час – з красавіка гэтага года – узначальваю сельгаспрадпрыемства. У нас працуе 150 чалавек, і як паўсюдна ў вёсцы гэта калектыўная праца, кантакты з людзьмі. Калі пайшла гаворка пра вакцынацыю, асабіста вырашыў, што гэта проста неабходна.
У Бывальках працуе амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, і па дамоўленасці медыкі прыехалі ў верасні да нас і прывілі вакцынай кітайскай вытворчасці. Пайшоў я першым, за мной астатнія працаўнікі. Лічу, што менавіта вакцынацыя паўплывала на тое, што ў нас хварэлі толькі адзінкі людзей, і не ў цяжкой форме. Безумоўна, я і бацькам сваім Васілю Іванавічу і маме Марыі Якаўлеўне параіў прывіцца: з імі ж таксама пастаянна кантактуем. Навошта рызыкаваць, калі можна засцерагчыся? Рады таму, што мяне паслухалі. Варта і тым, хто яшчэ не паклапаціўся пра вакцынацыю, зрабіць прывіўку.