Знявечанае дзяцінства. Трагічная гісторыя сведкі вайны
16.01.2022Лідзія Уладзіміраўна Масціч пра вайну ведае не з кніг. Зараз ёй 88 гадоў, яна бабуля шасці ўнукаў і адзінаццаць разоў прабабуля. Жыве ў вёсцы Асавец Мазырскага раёна, а малая радзіма ў Петрыкаўскім раёне, у вёсцы Багрымавічы. Там сямігадовай дзяўчынкай яе і заспела вайна.
– Памятаю, з пачаткам вайны калгасы раскідаліся. Бацька мой рабіў тады кугачнікам – па рацэ запальваў ліхтары, касіў траву на лузе. Брат быў, на той момант скончыў дзесяць класаў. Бацька нярэдка браў яго з сабой на дапамогу, узяў і ў той дзень. Маці капала бульбу на полі, а я з сястрой была дома. Тут немцы ў вёску да нас і завіталі, – прыгадвае даўнія падзеі Лідзія Уладзіміраўна.
Лідзія Масціч памятае жахі вайны да гэтага часу. Фото автора
Забілі бацьку і брата
– У нас ў вёсцы была сям’я, сын якой пайшоў у партызаны. Ён пакінуў дома шынель, і калі немцы зайшлі да іх у хату ды ўбачылі адзенне, здагадаліся што да чаго. Пачалі распытваць усіх. Вярнулася маці таго партызана, яны давай распытваць яе, а яна як загалосіць… Немцы яе застрэлілі ды пачалі ўсё навокал абліваць бензінам і падпальваць вёску. Раптам да нас забягае дзяўчынка-суседка ды кажа: «Цётка, вашага дзядзьку забілі». Маці не паверыла: «Як забілі?» Пабеглі глядзець, ажно і праўда. Немцы як па вёсцы ішлі, пабачылі бацьку з братам, што вярталіся з луга дамоў, ды наўпрост пастралялі іх. Бацька на месцы загінуў, а брат яшчэ быў жывы, у свядомасці, разрыўной куляй яму моцна пашкодзіла руку і амаль адарвала нагу. Сыходзіў крывёю да самай ночы, так і памёр.
Агонь па вёсцы разышоўся хутка. З ахопленай полымем хаты амаль у апошні момант разам з сястрой Ліда паспела вынесці толькі некалькі пярын, як хата ў момант склалася. У агні згарэла амаль усё, цэлымі засталіся толькі хаты за ракой Пціч.
Пасля пажару Лідзія Уладзіміраўна разам з сям’ёй жыла ў пакоі аднаго з ацалелых дамоў за ракой. Немцы тым часам працягвалі наведвацца ў Багрымавічы. Калі прыходзілі ў вёску, адбіралі дзяўчат дзеля работы на кухні, пасля чаго адпраўлялі іх на працу ў Германію. Некаторыя з нямецкіх салдат уладкоўваліся ў сялянскіх хатах на пастой. Такое «суседства» было і ў сям’і Лідзіі Уладзіміраўны. Спачатку маці была вымушана карміць аднаго, а пасля ўжо двух гітлераўцаў.
– Кожны дзень маці ім бульбяныя аладкі пякла, але, дзякуй Богу, нікога не крыўдзілі. У нас вокны на возера выходзілі, а за тым возерам нашы жанчыны кароў трымалі, бо ў сяле не было як. На лодках пераплывалі, каб іх здойваць, і вярталіся назад. Немцы ў акно гэта бачылі, і мы заўсёды баяліся, што пакараюць, але ж абышлося.
Прыгадвае Лідзія Уладзіміраўна, як нямецкія акупанты забівалі яўрэяў з суседняй вёскі Пціч. Людзей спачатку гналі ў Багрымавічы, дзе трымалі ў памяшканні школы, пасля саджалі на баржу і звозілі на раку Прыпяць. Там фашысты тапілі іх жыўцом, выштурхоўваючы за борт. Сярод ахвяр былі і жанчыны, і старыя, і нават дзеці. Целы няшчасных тапельцаў яшчэ доўга можна было знаходзіць ля ракі.
Рушылі за партызанамі
Акрамя дзвюх рэк, па якім хадзілі судны, каля вёскі пралягала чыгунка. Усё гэта рабіла Багрымавічы стратэгічна выгаднай кропкай для вайсковых дзеянняў. Двойчы былі беспаспяховыя спробы вызвалення вёскі.
– На стары Новы год, як замерзла рака, прыбеглі партызаны, – успамінае Лідзія Уладзіміраўна. – Нашы жанчыны адразу занепакоіліся: «Уцякайце, хлопцы, у вёсцы немцы». Тыя сапраўды іх заўважылі, пачалася перастрэлка. Аднак немцы нібыта пачалі адступаць. Партызаны ж, маладыя зусім хлопчыкі, адчуўшы смак перамогі, расслабіліся і вырашылі нават адсвяткаваць поспех сваёй аперацыі. Але было рана. Пакуль яны адпачывалі, немцы, начапіўшы белыя башлыкі, паўзком акружылі вёску і нечакана напалі. Ад стрэлаў у хаце павыляталі вокны. Колькі ж нашых салдацікаў тады палегла… Як у лесе напілуеш дрэвы, ды пні пазастаюцца – столькі ж іх ляжала навокал. Прыцягвалі да нас у пакой тых раненых хлопчыкаў, а яны плачуць: «Мамачка, дапамажы!» Ды хто ж ім дапаможа… Жахліва і балюча было глядзець. Нас вывелі адтуль. Не ведаю нават, ці перажыў хто гэты бой, ці ўдалося выратаваць хоць кагосьці з раненых.
Пасля гэтага сям’я Лідзіі Уладзіміраўны пакінула свой прытулак і перайшла ў ацалелы дом на ўскрайку вёскі. Але немцы, якія зноў запанавалі ў Багрымавічах, заўважылі, што дом не пустуе, і пачалі яго бамбіць.
– Мы і яшчэ дзве сям’і хаваліся ў склепе, калі яны пачалі запускаць снарады. Адзін уляцеў у хату, дык разляцеліся і дошкі, і печ, маёй сястры ад выбуху цаглінай разбіла лоб. Перабеглі мы ў іншы склеп, што быў ля печы, але немцы і там нас заўважылі і пачалі абстрэл. Сядзім, як раптам – шух! Абвалілася сцяна, і нам заляпіла нейкаю смалою твары так, што немагчыма было дыхаць – снарад уляцеў, разбурыў адну сцяну, другую, ды не разарваўся. Гэта быў цуд, што мы выжылі. Выцягвалі нас з гэтай ямы партызаны. Перачакалі разам з імі бамбёжку на лузе, хаваліся за стагамі сена, гледзячы, як наваколле разрываецца ад бамбёжак.
Заставацца ў Багрымавічах было небяспечна, і сям’я Лідзіі Уладзіміраўны, як і іншыя вяскоўцы, рушыла за партызанамі. Ішлі за імі з вёскі ў вёску, хаваліся ад бамбёжак. Есці не было чаго, хадзілі па лузе, шукалі шчаўе, заносілі на кухню ў воінскай часці, там перападала баршчу.
Наступным прытулкам стала мястэчка Жахавічы за вёскай Скрыгалаў, дзе іх прытуліў у сябе мясцовы жыхар. Але надоўга Лідзія Уладзіміраўна там не затрымалася, у хуткім часе яны з сястрой захварэлі на тыф і трапілі ў Калінкавіцкую бальніцу. Маці засталася пад Скрыгалавам. З-за педыкулёзу дзяўчынкам прыйшлося састрыгчы доўгія валасы. Пераапрануцца не было ў што, прапарылі адзенне, у якім былі, так і хадзілі. Пасля лячэння іх размеркавалі ў іншую сям’ю ў Калінкавічах.
– Сядзім, памятаю, там з сястрою, як раптам расчыняюцца дзверы, а на парозе стаіць наша маці, – расказвае Лідзія Уладзіміраўна. – Яна ж бедная з-пад Скрыгалава пешшу прайшла паўсотні кіламетраў за намі ў Калінкавічы.
Цацкі над мінамі
К гэтаму моманту Багрымавічы ўжо вызвалілі, і сям’я пакрочыла дамоў. Родны куток вайна не пашкадавала: знявечаная траншэямі і акопамі зямля была небяспечна ўсеяна мінамі. У вёсцы не засталося ніводнай хаткі, і жыхарам давялося жыць у нямецкіх бліндажах.
– Нейкая жанчына аднойчы, пераступіўшы канаву, трапіла на міну – і ўсё. І такіх гісторый было шмат. Ужо і вайна скончылася, а рэха тых выбухаў расцягнулася на гады наперад – людзі працягвалі гінуць. Страшна было ступіць не туды, міны, здаецца, былі ўсюды. А есці хацелася, людзі хадзілі і ў поле, і ў лес. Памятаю там верас, упрыгожаны стужкамі, хто за тую стужку пацягне, дык і падарвецца. Тое ж і ля возера – там на кусты, дзе былі схаваны міны, гітлераўцы панавешалі цацак, каб вабіць цікаўных дзяцей, каб тыя гінулі. Птушка якая, бывае, прысядзе – бах! І разляцелася на кавалачкі. Мы стараліся абходзіць такія месцы.
Пасля заканчэння вайны, у 1946 годзе, сям’я пераехала ў вёску Летавішча, дзе на расчышчаным ад мін месцы пабудавала маленькую драўляную хатку. Маці Лідзіі Уладзіміраўны шчыравала ў калгасе, а сама яна працягнула навучанне ў школе. Пасля вучобы працавала спачатку паштальёнам у Мазыры, а потым вярнулася ў Летавішча, бліжэй да сям’і, дзе і жыла, пакуль не выйшла замуж і не пераехала ў вёску Асавец. Там да самай пенсіі працавала ў саўгасе, была перадавіком. За поспехі ўзнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», пяць разоў называлася ўдарнікам пяцігодак.
– Бацьку з братам застрэлілі фашысты. Яшчэ адзін брат не вярнуўся з фронта. Дзве сястры загінулі, адна страшэннай смерцю – яе разам з хворым мужам і трыма дзецьмі немцы спалілі ва ўласным доме. Усякага давялося перажыць і шмат страціць. І ад куль людзі гінулі, і ад хвароб, і галадаць прыходзілася. Памятаю, аднойчы з сястрой тры дні без яды сядзелі, ажно паапухалі. Зараз добра жыць, на жаль, толькі гэтая хвароба кавід да нас убудавалася ды морыць людзей...
Пасля размовы з Лідзіяй Уладзіміраўнай ловіш сябе на думцы: мы, бадай, апошняе пакаленне, якое можа пачуць такія апавяданні з першых вуснаў і адчуць горыч непамерных для сённяшняга чалавека страт. А што застанецца нашым нашчадкам? Карцінкі з мастацкіх фільмаў, сухая статыстыка з падручнікаў? Вайна – гэта мільёны загубленых жыццяў, знявечаных лёсаў, боль і трагедыю якіх немагчыма ўявіць, але можна на імгненне адчуць, зірнуўшы ў вочы людзей, якія перажылі гэта, і пачуўшы абрыўкі іх непаўторных гісторый. Гісторый, якія мы павінны беражліва захоўваць, каб не дапусціць іх паўтарэння.