"Годны прыклад сучаснай газеты высокага узроўню": мiнiстр iнфармацыi Уладзімір Пярцоў павіншаваў калектыў "Гомельскай праўды" са 105-гадовым юбілеем

22.03.2022

Паважаныя сябры!

Сардэчна віншую вас са 105-гадовым юбілеем з дня выхаду першага нумара газеты «Гомельская праўда».

Звыш сотні год ваша выданне ўпэўнена крочыць па жыцці, выконваючы сваё галоўнае прызначэнне – служыць людзям, шчырым і сумленным словам дапамагаць сваім чытачам вырашаць надзённыя праблемы. Старонкі аднаго са старэйшых перыядычных выданняў краіны з'яўляюцца сапраўдным летапісам багатага на гістарычныя падзеі шматграннага жыцця Гомельскага Палесся.

Вядома, час не стаіць на месцы. Мянялася жыццё, а разам з ім – выданне. I сёння «Гомельская праўда» ўяўляе сабою годны прыклад сучаснай газеты высокага ўзроўню. Усё гэта, перш за ўсё, вынік зладжанай працы і прафесіяналізму калектыву рэдакцыі на чале з яго кіраўніком.

Дзейсная праца журналістаў выдання неаднаразова адзначалася рознымі ўзнагародамі. Сведчаннем прызнання з боку прафесійнай супольнасці – статуэтка пераможцы Нацыянальнага конкурсу «Залатая Ліцера» ў 2021 годзе ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі».

Шчыра жадаю поспехаў у дасягненні высакародных мэт, рэалізацыі новых творчых ідэй, жадаю берагчы і памнажаць лепшыя традыцыі беларускай журналістыкі.

Моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту вам, вашым родным і блізкім, шматлікай чытацкай аўдыторыі.

Уладзімір ПЯРЦОЎ

Мінск, 22 сакавіка 2022 года