Імкнуцца вярнуць у грамадства: сенатары наведалі Петрыкаўскае спецвучылішча

01.06.2022
Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Аляксей Нявераў, Андрэй Шышкін, Таццяна Абель, Алег Слінько і Ала Смаляк наведалі Петрыкаўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу № 1 лёгкай прамысловасці.


Дырэктар установы Таццяна Білас пазнаёміла гасцей з умовамі пражывання, адукацыйным працэсам, арганізацыяй адпачынку і псіхалагічнай працы. Дзяўчынак імкнуцца вярнуць у грамадства, даць ім шанец пачаць жыццё з чыстага ліста.

Выхаванкі не толькі ходзяць на школьныя заняткі, але і займаюцца творчасцю: танцуюць, спяваюць, удзельнічаюць у конкурсах, выставах. Асноўны від працы – шыццё адзення. Падрыхтаваную калекцыю сукенак прэзентавалі і гасцям.

– Прыемна здзіўлены ўмовамі пражывання ў вучылішчы, – адзначыў дырэктар КСУП "Саўгас-камбінат "Зара" Алег Слінько. – Жадаю, каб цяжкасці былі часовымі і вы сталі годнымі грамадзянамі нашай краіны.

Старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Аляксей Нявераў падзякаваў калектыву ўстановы за працу і цёплыя сямейныя адносіны, які складваюцца паміж дзяўчынкамі і настаўнікамі.

Сенатары ўручылі салодкія падарункі дзяўчатам, пагутарылі з імі ў нефармальнай абстаноўцы.