20 верасня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Яна Налепкі

20.09.2022
Успомнім, які ўклад у партызанскі рух на Палессі ўнёс інтэрнацыянальны воін.


У час Вялікай Айчыннай вайны падпольшчыкі і партызаны нашага краю ігралі важную ролю ў дэзарганізацыі дзейнасці фашыстаў. У існуючай тады Палескай вобласці з адміністрацыйным цэнтрам у Мазыры знаходзіліся розныя аб’яднанні, якія вялі актыўную барацьбу з фашызмам літаральна з усіх бакоў.

У Палескай вобласці арганізоўваліся партызанскія атрады. Адзін з такіх склаўся са славацкіх ваеннаслужачых, якія ў 1943 годзе перайшлі на бок Савецкага Саюза. Камандзірам быў славак Ян Налепка. Гэты малады хлопец хаця і нарадзіўся ў далёкай Славакіі, але ж мужна праявіў сябе ў нас на Палессі. І аддаў за яго сваё жыццё.#RIGHT_ITEM_1#

Нарадзіўся Ян Налепка 20 верасня 1912 года ў сяле ва Ўсходняй Славакіі. Скончыў настаўніцкую навучальную ўстанову, працаваў па прафесіі. Яго прызвалі ў армію. У афіцэрскай школе ён атрымаў званне падпаручніка. Калі Чэхаславакію акупіравалі фашысты, Яна супраць яго волі ўключылі ў нямецкую армію, дзе ён быў вымушаны ваяваць. У складзе нямецкай арміі Налепка апынуўся ў Беларусі на тэрыторыі цяперашняга Ельскага, а потым Лельчыцкага раёнаў.

101-ы славацкі полк, у складе якога знаходзіўся Ян Налепка, быў перакінуты на Палессе восенню 1942 года. Менавіта тут ён і звязаўся з партызанамі, вёў падпольную дзейнасць. А далей у вёсцы Рэмезы Ельскага раёна сустрэўся з камандзірам украінскага партызанскага злучэння Сабуравым. У 1943 годзе ў вёсцы Картынічы Лельчыцкага раёна пад камандаваннем Яна Налепкі быў сфарміраваны чэхаславацкі партызанскі атрад, які ўвайшоў у сабураўскае злучэнне. Атрад вёў баявыя аперацыі ў раёне Оўруча – Ельска – Мазыра – Алеўска.

Партызаны-інтэрнацыяналісты распаўсюджвалі антыфашысцкія лістоўкі, аказвалі матэрыяльную дапамогу палескім партызанам, папярэджвалі аб карных аперацыях, якія рыхтавалі фашысты, вызвалілі з-пад кратаў некалькіх жыхароў Ельска і суседніх вёсак, удзельнічалі ў рэйкавай вайне.

7 лістапада 1943 года Налепка прымаў удзел у разгроме нямецкага гарнізона ў Давыд-Гарадку. У ноч з 16 на 17 лістапада ў баі за вызваленне Оўруча ён загінуў. 2 мая 1945 года яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза і ў тым жа годзе – званне Героя Славацкага нацыянальнага паўстання.

Ян Налепка не ўяўляў сябе без псеўданіма – капітан Рэпкін. Будучы Герой Савецкага Саюза выклікаў да сябе ў кабінет беларусаў і ў іх прысутнасці нібыта выпадкова пакідаў уключаным прыёмнік са зводкамі інфармбюро. У прысутнасці зноў жа мясцовых жыхароў ён тэлефанаваў акупацыйнаму кіраўніцтву і на рускай мове ўдакладняў і пераправяраў важную інфармацыю. Дэманстратыўна выкідваў у смецце чарнавікі важных дакументаў. Даваў хлуслівыя паведамленні месцазнаходжання партызанаў у лесе, і авіяцыя бамбіла пусты ўчастак. Перадаваў партызанам дадзеныя, якія дапамагалі паспяхова праводзіць спецаперацыі.

Пахвальна адклікаецца аб славацкіх партызанах ганаровы грамадзянін Мазыра, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Палескай вобласці Іван Вятроў. Аб дзейнасці атрадаў ён выдаў кнігу «Браты па зброі». Вось цытата аб партызанах на Палессі: «Вялікую ролю ў раскладанні варожых гарнізонаў адыгралі славацкія жаўнеры. Адзін з іх – Рудольф Мечанец, які перайшоў да лельчыцкіх партызанаў у пачатку студзеня 1943 года. Рудольф Мечанец пакінуў гарнізон станцыі Славечна Ельскага раёна і адзін у пошуках партызанаў накіраваўся ў вёску Фальварак, дзе сустрэўся з лельчыцкімі партызанамі».

Было цяжка. Але барацьба з сіламі праціўніка працягвалася. Партызанскія атрады не толькі знішчалі карнікаў, але і працягвалі наносіць удары па камунікацыях ворага. Трэба было максімальна дэзарганізаваць яго дзейнасць. Злучэнні Сабурава за чэрвень – ліпень 1943 года знішчылі больш за 1200 варожых салдатаў і афіцэраў, 90 аўтамашын, 12 танкаў і пусцілі пад адхон эшалон з жывой сілай і тэхнікай праціўніка.

Тыдні баявых дзеянняў у гушчы варожых войскаў паслужылі добрай баявой загартоўкай для Чэхаславацкага атрада і для самога Яна Налепкі. У штодзённых баях ён хутка авалодваў майстэрствам партызанскай вайны. Савецкі ўрад высока ацаніў яго дзейнасць. Капітан Ян Налепка, яго байцы за доблесць і мужнасць былі ўзнагароджаны медалямі «Партызанам Айчыннай вайны I ступені». Але, канешне, самая высокая ўзнагарода – званне Героя Савецкага Саюза. Ян Налепка стаў адзіным славакам, які атрымаў гэтую высокую ўзнагароду.