У Крыўску ўраджайнасць рэкордная

24.01.2008
На працягу апошніх гадоў хлебаробы сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Крыўск” Буда-Кашалёўскага раёна пастаянна павышаюць урадлівасць хлебнага поля. Пазалетась яны намалацілі больш сарака цэнтнераў збожжа з гектара, летась — больш пяцідзесяці, а сёлета на фінішы жніва планка перавышае 65 цэнтнераў хлеба з гектара. Гаспадарка па ўраджайнасці трымае першынство не толькі ў раёне, а і ў вобласці.


Учора ў кааператыве заставалася ўбраць у агульным заліку менш ста гектараў аўса і азімай пшаніцы. З добрым настроем выехалі камбайнеры на апошні штурм у барацьбе за ўраджай-2005. Прама на полі сустрэўся я і са старшынёй СВК А. П. Падалячыным.
— Думаю, канчатковая ўраджайнасць меншай не будзе. Паглядзіце, якім буйным зернем наліта пшанічка. Першыя намалоты даюць амаль па 70 цэнтнераў, — з гонарам расказвае Аляксандр Паўлавіч. — Што датычыць рэкорднай ураджайнасці, то яна сама па сабе не прыйшла. Мы пастаянна ўкараняем і строга захоўваем навейшыя тэхналогіі вырошчвання збажыны, уносім у глебу дастатковую колькасць не толькі тукаў, а і арганічных удабрэнняў. Пад ураджай гэтага года іх далі з разліку 30 тон на гектар. Для апрацоўкі пасеваў выкарысталі гербiцыды вядомай беларускай фірмы “Агрыматка-96”. У выніку хлеб вырас на славу.
Я заўважыў, што Віктар Касьянаў, Сяргей Драздоў, Анатоль Масюк і ўсе іншыя камбайнеры вялі жніво толькі на паніжаных першых скарасцях. Гэта некалькі стрымлівала тэмпы ўборкі. Але затое якасць выдатная. Улічваючы яшчэ і той факт, што ў камбайнах выдатна загерметызаваны месцы магчымай уцечкі збожжа, стратам пастаўлены поўны заслон. Не прасыпаецца зерне і з транспартных сродкаў. Дарэчы, “Крыўск” — адна з нямногіх гаспадарак вобласці, дзе ў асноўным на адвозцы збожжа з поля выкарыстоўваюцца не грузавыя машыны, а трактары з цялежкамі. Чаму?
— Звернемся да канкрэтных фактаў, — тлумачыць А. П. Падалячын. — Каб трактарам перавезці сто тон збожжа, патрабуецца спаліць сорак літраў саляркі, а аўтамабілем — семдзесят літраў бензіну. Бачыце розніцу. А яшчэ ж трэба ўлічыць, што бензін даражэйшы за салярку. Так мы стараемся эканоміць на кожнай аперацыі па вырошчванню і ўборцы сельгаскультур. Таму і сабекошт іх намнога ніжэйшы, чым у сярэднім па раёну, вобласці і нават рэспубліцы. Згодна з папярэднімі падлікамі, кілаграм збожжа сёлета нам абыйдзецца менш чым у сто рублёў.
Заадно скажу, што пры найменшых выдатках у кааператыве пастаянна павялічваюцца выхад і рэалізацыя ўсіх сельскагаспадарчых культур. Таму расце і грашовая выручка ад іх продажу. Летась яе атрымалі амаль паўтара мільярда рублёў, а сёлета замахнуліся на тры мільярды. Падставы для такіх смелых планаў ёсць. Пры заказе ў 800 тон у дзяржаўныя засекі ўжо адгружана 900 тон збожжа. Як адзначае галоўны аграном гаспадаркі В. В. Ананьеў, запасы хлеба папаўняюцца. Таму і продаж яго дзяржаве прадаўжаецца. Дзяржзаказ будзе значна перакрыты і па ўсіх іншых відах прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі.
На гэтым тыдні хлебаробы гаспадаркі ўшчыльную заняліся вызваленнем плошчаў ад саломы і падрыхтоўкай глебы пад сяўбу азімых культур. Праз дзень-два да гэтай работы прыступіць большасць камбайнераў.
Сцяпан БАЛОТКІН