28 кастрычніка 100 гадоў назад на Лоеўшчыне нарадзіўся Міхась Даніленка

28.10.2022
30 гадоў жыцця ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, вядомага беларускага пісьменніка былі звязаны з «Гомельскай праўдай».

Міхась Даніленка (першы злева) з Уладзімірам Лазько і Сяргеем Купцовым

Старэйшыны рэдакцыйнага калектыву захоўваюць памяць пра гэтага сціплага чалавека, якому ніколі не была ўласціва зоркавасць. І гэта прытым, што кнігі пісьменніка ў савецкі час выходзілі тысячнымі тыражамі, а аповесць «Апанаска Лугавы» прызнавалася аповесцю года.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак пісьменнік Даніленка не парываў сувязі з роднай газетай. Часта прыязджаў у рэдакцыю на вуліцы Лепяшынскага, заходзіў да мяне як вядучай «Літаратурнай гасцёўні», знаёміў з допісамі, дзяліўся ўспамінамі пра перажытае. Я і зараз не пераблытала б почырк Міхася Пятровіча: роўныя невялікія літары, радкі, напісаныя чарнільнай ручкаю бы пад лінейку. Пісаў і з дачы ў вёсцы Пустая Града на Лоеўшчыне, дзе была яго летняя творчая лабараторыя. У лістах было шмат гумару, пачынаючы з таго, што на канверце зваротны адрас фіксаваўся творцам як Багатая Града. І сапраўды багатая, у вёсцы ж жыў аўтар 15 кніг! Ён вельмі даражыў сваёй малой радзімай, Лоеўшчынай, з якой перажыў самыя радасныя і самотныя часіны. Выказваў шкадаванне, што прыйдзецца ўсё ж прадаваць летнік, вяртацца ў горад.

Пазней Міхась Пятровіч дасылаў пісьмы з кароткімі творамі-абразкамі, героямі якіх былі суседзі, школьнікі, настаўнікі, дворнікі, людзі розных узростаў, якіх сустракаў, шпацыруючы каля Любенскага возера. Уласна і само яно, вакольныя пейзажы былі героямі яркіх замалёвак з жыцця. Прычым кожная была павучальная, аўтар міжволі падводзіў да высновы: ва ўсім важна заставацца чалавекам.

У мікрараёне Любенскі, дзе ён жыў да апошняга дня, часцяком у выхадныя бачыла яго: спяшаўся ў кіёск «Саюздруку» за рэспубліканскай прэсай. Кожны год, ужо і з новай нашай рэдакцыйнай будыніны на вуліцы Палескай, выконвала даручэнне рэдкалегіі: да Дня Перамогі ўручыць удзельніку Вялікай Айчыннай паштоўку і грашовую падтрымку. У кватэры панаваў ідэальны парадак ва ўсім ужо і без гаспадыні. У прыхожай быў міні-музей беларускага побыту. Усе рукапісы, дакументы ў папках…

Аўтограф пісьменніка Міхася Даніленкі калектыву газеты «Гомельская праўда». 8 мая 2018 г.

Дзесяць гадоў таму, да 90-годдзя, была ў нас з Міхасём Пятровічам асабліва працяглая гутарка. Інтэрв’ю «Гады ўзляцелі як арэлі» надрукавала «Гомельская праўда». Міхась Пятровіч быў вельмі расчулены Ганаровай граматай газеты.

Пісьменнік прызнаўся тады: шкадуе, што не пабываў у свайго сябра, з якім у ваенны час перажыў палон пад Харкавам, усе пакуты варожай няволі. Сцяпан Халаічаў, якому пісьменнік прысвяціў рускамоўную аповесць «Альпы», запрашаў яго ў Кабардзіна-Балкарыю. «Ён быў на ўсесаюзнай нарадзе ў Кіеве і адведваў мяне, – дзяліўся Даніленка. – Мы з сынам праводзілі Сцяпана на цеплаходзе на падводных крылах з гомельскага рачнога вакзала. Ён гаварыў, што з акна яго кватэры бачны Эльбрус…» Ведаю, што пазней Міхасю Пятровічу ўдалося пісьмова звязацца з дачкой сябра, якога ўжо не было ў жывых.

8 мая 2018 года, у час чарговай нашай перадсвяточнай сустрэчы, Міхась Даніленка надпісаў аўтограф калектыву роднай газеты. Адчуваў, што сілы пакідаюць, неўзабаве сыход. У лютым 2019-га мы праводзілі Міхася Пятровіча ў апошні шлях, аднак і зараз жывём яго творчымі і чалавечымі запаветамі любіць родную зямлю, каваць шчасце ўласнымі рукамі.