Абрад «Пахаванне стралы» у Веткаўскім раёне

31.05.2014
Канец вясны ў беларускага селяніна — пара спадзяванняў на будучы ўраджай. Ужо зроблена для гэтага ўсё магчымае, застаецца толькі маліць Бога, каб ішлі дажджы і было больш сонечных дзён. Каб захаваўся на працягу лета прыплод у гаспадарцы цялятак, жарабятак, свінак, качачак і цыплянятак. Каб пярун не спаліў хату, не забіў нікога з сямейнікаў, бо навальніцы небяспечныя. Такімі клопатамі беларусы жылі заўсёды. Гэтая вясна запомніцца нам грымотамі, дажджамі, моцнымі вятрамі, ураганамі. Адразу за Веткай бачны значныя сляды стыхіі ў лесе: буран зламаў, паваліў і вырваў з коранем вялізныя дрэвы. Прыродная стыхія непадуладна чалавеку нават у наш час. А што гаварыць пра нашых продкаў! Яны стараліся абараняцца ад яе сваімі выпрацаванымі стагоддзямі спосабамі. Каб адвесці бяду ад вёскі, скіраваць энергію нябеснага агню толькі на плоднасць поля, на карысць чалавеку, на Пасожжы спрадвеку спраўляюць абрад Ваджэння і пахавання стралы. У некаторых вёсках ён захаваўся ў жывой традыцыі. Вадзіць стралу — лінейныя карагоды, у якія жанчыны-спявачкі становяцца ў рады ўпоперак вуліцы, — пачыналі ад Благавешчання, калі зямля прачынаецца ад зімовага сну, а заканчвалі на Ушэсце, саракавы дзень ад Вялікадня. 40 — лічба сакральная, звернутая да ўшанавання продкаў і сувязі іх душ з душамі нашчадкаў. Лічыцца, што ў летні час душы памерлых вяртаюцца на зямлю і дапамагаюць родзічам у іх клопатах пра ўраджай. Нездарма і цяпер яшчэ на Ушэсце ў Неглюбцы з’яўляюцца пераапранутыя ў Дзеда і Бабу, якія не проста смешаць усіх сустрэчных эратычнымі сцэнкамі на шляху стралы, якую вядуць у поле, але і сваёй прысутнасцю садзейнічаюць плоднасці зямлі, здароўю і пладавітасці людзей, іх дабрабыту. У вёсцы Казацкія Балсуны, дзе абрад Ваджэння і пахавання стралы мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці нашай краіны, на жаль, засталося мала спявачак, якія маглі б здзейсніць яго згодна традыцыі, таму сюды і ў Стаўбун штогод прыязджае група студэнтаў Беларускага універсітэта культуры на практыку, якая заключаецца ў іх удзеле ў жывым абрадзе разам з мясцовымі спявачкамі. На працягу вучобы яны засвойваюць спеўную і харэаграфічную спадчыну жыхароў Веткаўскага раёна, прысвечаную веснавому перыяду народнага календара. На працягу 25 – 30 гадоў прыязджалі студэнты і выкладчыкі з Масквы з той жа мэтай — падтрымаць творча і маральна захавальніц унікальнага абраду ў вёсках, якія абязлюдзелі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, але яшчэ захоўваюць абрад. Натуральная пераемнасць традыцыі ў іх немагчыма таму, што моладзь з дзецьмі пакінула родныя вёскі, а многія з іх увогуле перасталі існаваць.
Усё ж і ў гэтым годзе унікальны архаічны абрад, этнавызначальны для жыхароў Веткаўшчыны, адбыўся. Асаблівую цікавасць выклікае традыцыя, што захавалася ў вёсцы Пералёўка, дзе на Ушэсце ўшаноўваюць ікону-свячу і праводзяць абрад Ваджэння і пахавання стралы, закопваючы ў жытнёвым полі ляльку з травы. Былая настаўніца Лідзія Ільінічна Малашанка гадавалася пры бабулі, якая дажыла без малага да 100 гадоў і расказвала, што некалі ў Пералёўцы закопвалі такую ляльку. А сама трымала ў хаце ў Чырвоным куце ляльку-берагіню са шматкоў саматканага палатна або крамнай тканіны, якую дзецям браць у рукі не дазвалялася. Некаторыя жанчыны старэйшага пакалення і зараз узгадваюць, што на Ушэсце закопвалі ў полі ляльку з лапікаў крамнай тканіны. Стараліся пакласці ў ямку манеты або іншыя бліскучыя ці металічныя прадметы — брошку, пярсцёнак, завушнічку, а цяпер кідаюць і папяровыя грошы. Над месцам пахавання лялькі завязваюць з чатырох бакоў пук каласкоў. Ідучы да поля, спяваюць «стралу» і «лёлюшкі», у цэнтры сяла (тут кажуць «на рынку») водзяць крыжовы карагод. А ўжо з поля вяртаюцца, спяваючы летнія песні з падводкай, бо вясна скончылася. Дзякуючы супрацоўніку Веткаўскага музея народнай творчасці Генадзю Лапаціну, у 90-я гады Беларускае тэлебачанне для праграмы «Радавод» зняло сюжэт у вёсцы Фёдараўка пра абрад Пахавання стралы, у якім стралу таксама сімвалізавала лялька з «кітаячак» — шматкоў крамнай тканіны. Лялечку закопвалі ў Барталамееўцы, якая знікла з карты Веткаўскага раёна пасля Чарнобыльскай катастрофы, у некаторых іншых вёсках раёна. Яе адкопвалі на Благавешчанне. Такім чынам, лялька маркіравала перыяд вясны. У Фёдараўцы яе называлі Вясняначкай. Вядома, што ў дахрысціянскі перыяд багіня вясны мела імя Ляля або Лёля. Яе ўяўлялі ў вобразе прыгожай статнай дзяўчыны, на якой усё зіхаціць. Пра прыгожую, ярка апранутую дзяўчыну і зараз скажуць: «як лялька». Таму ў святочны веснавы дзень у Веткаўскім раёне можна ўбачыць нават на старых бабулях бліскучыя пацеркі — яны захоўваюць іх у памяць пра вясну свайго жыцця. Што да музычнага боку абраду Ваджэння і пахавання стралы, то рэфрэнам пасля кожнага радка карагодных песень гучыць: «Лёлюшкі, лёлі». А гэта якраз імя апякункі веснавой пары. Вялікую колькасць такіх песень захоўваюць спявачкі з вёскі Пералёўка. Увогуле гурт самы шматлікі на Веткаўшчыне. Ён самаарганізаваны, групуецца вакол аброчнай свячы на Ушэсце, якую захоўвае ўжо 13 гадоў Лідзія Міхайлаўна Ермакова, якая прыняла яе ад цёткі мужа. У іх з Пятром Міхайлавічам пяцёра дзяцей, 10 унукаў, чакаюць з’яўлення на свет першага праўнука. Яны лічаць, што свяча захоўвае лад у сям’і, спрыяе здароўю і дабрабыту. Сёлета ікона, якая ўшаноўвалася разам са свячой, была перанесена пад спяванне псальмаў у часовую царкву, дзе будзе захоўвацца да збудавання новай царквы Пятра і Паўла на месцы зачыненай у 1927 годзе. Пералёўскія спявачкі доўга марылі пра аднаўленне сваёй царквы. І вось нарэшце іх зямляк Віктар Мікалаевіч Машкоўскі, чые бацькі жывуць у Пералёўцы, запрасіў у родную вёску святара, заказаў праект будаўніцтва царквы і будзе фінансаваць яе аднаўленне на старым фундаменце. У былым будынку быў і склад збожжа, і сельскі клуб, а з 1986 года пасля Чарнобыльскай катастрофы ён стаяў без даху. Зараз айцец Аляксандр і матушка Надзея шчыруюць у Пералёўцы разам з мясцовымі захавальніцамі этнічных традыцый, якія вымалілі ў Бога магчымасць аднаўлення храма. Такім чынам, іх вера падмацоўваецца зараз працай святара ў Пералёўцы. І матушка Надзея ў іх таксама ўжо ёсць. Застаецца пажадаць усім жыхарам знайсці ў сваім сэрцы любоў. Адзін да аднаго, да гэтага прыгожага далёкага куточка на мяжы з Расіяй, дзе захоўваюцца культурныя і рэлігійныя традыцыі. Адчуць сваю еднасць, адчуць, што гэта — «родны куточак, дзе закапаны пупочак». Так, як адчуў гэта Віктар Машкоўскі. Сёлета ў Пералёўку на Ушэсце прыехалі госці з суседняй Браншчыны — яны таксама аднаўляюць свае народныя традыцыі і прыехалі паназіраць за абрадам на Веткаўшчыне. У гэты дзень тут пабывалі таксама госці з Масквы, з Украіны, з Мінска і Гомеля, прадстаўнікі прэсы. Пералёўцы рады гэтаму. І мараць пра новыя сустрэчы праз год і перамены да лепшага ў родных мясцінах. Пералёўскі абрад Веткаўскі музей рэкамендуе ўключыць у рэспубліканскі спіс элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны і надаць яму статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, для чаго рыхтуюцца неабходныя дакументы.