І выйшаў з пяску цмок

24.01.2008
Тыдзень таму наша газета паведамляла аб маючым адбыцца ў Гомелі пленэры пляжнай скульптуры “Легенда з пяску”. І вось у нядзелю прайшла прэзентацыя скульптуры пясчанага гомельскага цмока.
Тры дні каманда з мінскіх і гомельскіх скульптараў мяшала пясок з вадой і ўручную ўкладвала ў “цела” будучай 20-мятровай скульптуры. На яе стварэнне пайшло каля 50 тон пяску.
Удзельнікамі пленэру сталі каля чатырох дзесяткаў чалавек — студэнты, школьнікі і проста неабыякавыя гараджане, што прыйшлі пазагараць на пляжы ў выхадны дзень.
На прэзентацыю скульптуры ўвечары сабралася некалькі сотняў чалавек. Цікавы гістарычны экскурс у мінулае цмокаў на Гомельшчыне зрабіў арганізатар мерапрыемства, гомельскі гісторык Я. Малікаў. Свае звесткі пра цмокаў паведамілі і мясцовыя маладыя літаратары —
А. Скідан і С. Балахонаў. Музычную частку склалі гурт “Бан Жвірба” і бард Зміцер Вінаградаў.
Агромістая скульптура выклікала інтарэс у жыхароў Гомеля — да самага змяркання да яе падыходзілі людзі, каб сфатаграфавацца.
Вераніка КАЛЕЕВА