Еўдакім Раманаў: я перш за ўсё беларус
11.09.2015Так заявіў пра сваю нацыянальную прыналежнасць наш зямляк, ураджэнец Навабеліцы, выбітны беларускі этнограф, фалькларыст, гісторык, археолаг Еўдакім Раманаў, 160 гадоў з дня нараджэння якога адзначаецца ў гэтыя дні.
Сваё жыццёвае крэда ён выразна сфармуляваў так: “Я перш за ўсё беларус, і мэта маёй працы — уратаваць хоць што-небудзь з помнікаў роднае мне славеснасці ад гібелі, на якую яны асуджаны”. Раманаў паслядоўна бараніў правы нашага народа на развіццё нацыянальнай культуры, мовы, навукі і літаратуры. Выкананая ім велізарная праца пры інертных, а то і непрыязных адносінах да яго навуковай дзейнасці з боку царскай адміністрацыі, характарызуе яго як нястомнага працаўніка-патрыёта, як вучонага, які не шкадаваў сваіх сіл для вывучэння культуры і быту свайго народа, абуджэння яго нацыянальнай самасвядомасці. Усім багаццем этнаграфічных матэрыялаў, іх духам і сэнсам Еўдакім Раманавіч сведчыў, якія багатыя духоўныя сілы тояцца ў душы беларуса. У звароце да студэнтаў пецярбургскага Беларускага навукова-літаратурнага гуртка ён заклікаў “перш за ўсё ратаваць творы душы роднага народу, якія гінуць штодзённа па ўсёй лініі”, прапанаваў разгорнутую праграму збірання фальклору, тапонімаў, матэрыялаў для слоўніка, якога ў нас яшчэ не было. Зрэшты, сярод сучаснікаў цяжка знайсці асобу больш значную па шматграннасці і размаху навуковай, збіральніцкай і выдавецкай дзейнасці.
Сучасныя навукоўцы ставяць Еўдакіма Раманава ў адзін шэраг з такімі волатамі беларускага духу, як Міхаіл Баброўскі, Яўхім Карскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі.
Збіраючы беларускі фальклор, Раманаў з юнацтва быў захоплены ўсім беларускім, гэтая любоў была ўсвядомленай, шчырай, самаадданай. Клопат пра чысціню мовы, імкненне пазбегнуць памылак падштурхнулі яго да стварэння своеасаблівай методыкі запісу: этнограф прымушаў казальнікаў яшчэ раз пераказаць твор. Пасля гэтага мова іх лілася больш свабодна і, захапіўшыся, забыўшыся на пана-збіральніка, ён, непрыкметна для сябе, гаварыў, як звычайна ў штодзённым жыцці, на чыстай беларускай мове. Патрабуючы ад збіральнікаў фальклору захавання аўтэнтычнай мовы апавядальнікаў, Еўдакім Раманавіч раіў з усёй дакладнасцю запісваць яе, не мудрагеліць з формамі і словамі і настаўляць казальнікаў на карыстанне сваёй мовай.
Далучыўшыся да збірання вусна-паэтычнай народнай творчасці, ён падарожнічаў па Беларусі, адкрываў гаючыя крыніцы жыватворнай вады. Сваёй працай садзейнічаў таму, каб беларуская народная літаратура шырокай хваляй увайшла ў сусветны народны абарот, нароўні з літаратурай усіх іншых народаў, і заняла там пачэснае месца дзякуючы вялікаму багаццю свайго зместу.
Лёс быццам бы выпрабоўваў гэтага чалавека на трываласць, ставячы нярэдка ў безнадзейныя, складаныя сітуацыі. Неадступнасць ад пастаўленай мэты, настойлівасць дазволілі яму сабраць за пяць гадоў 2000 беларускіх слоў і на гэтай аснове падрыхтаваць “Вопыт беларускага слоўніка”, а ва ўводзінах да яго — кароткую беларускую граматыку. На жаль, яны не былі надрукаваны. Нарэшце, Раманаў стварыў падручнік рускай граматыкі, каб аблегчыць вывучэнне рускай мовы беларускімі дзецьмі.
У агульнае рэчышча творчай спадчыны Еўдакіма Раманава арганічна ўпісваецца яго зацікаўленасць беларускай мастацкай літаратурай. Прынамсі, ён быў няблага знаёмы з творамі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча. Пазнаёміўшыся з “Дудкай беларускай” Мацея Бурачка, ён у “Віцебскіх губернскіх ведамасцях” надрукаваў рэцэнзію.
Асаблівую зацікаўленасць выказваў даследчык да паэмы “Тарас на Парнасе”, якую некалькі разоў перавыдаваў. Пільную ўвагу яго прыцягвалі і творы старой беларускай пісьменнасці. Разам з ураджэнцам Рэчыцы Мітрафанам Доўнар-Запольскім Раманаў распачаў выданне і навуковую распрацоўку Баркалабаўскага летапісу.
На гэтым тыдні ў бібліятэцы імя Е. Раманава праходзяць мерапрыемствы памяці вялікага земляка.