Гурт «Жытніца» з вёскі Аздзеліна Гомельскага раёна свята захоўвае традыцыі продкаў
12.12.2014На адзін дзень я перакваліфікавалася ў фалькларыста, збіральніка скарбаў вуснай народнай творчасці. У свой час студэнткай філалагічнага факультэта БДУ выязджала ў экспедыцыі.
І памятаю, што фіксаваць песні, як і іншыя жанры фальклору, неабходна ідэнтычна таму, як яны вымаўляюцца спявачкамі.
Аграгарадскі статус Аздзеліна не пашкодзіў селішчу застацца па свайму духоўнаму, душэўнаму стану вёскай з яе спаконвечнымі гасціннасцю і добразычлівасцю. Жанчыны-спадарожніцы ў аўтобусе па маршруце на Зялёны Сад падказалі: кіраваць трэба да Паліны Музычэнкі. Відаць, і патэлефанавалі ёй, каб сустракала фалькларыста. Так што толькі выйшла я з аўтобуса, а цётка Паліна ўжо подбегам шыбуе. «Маёй хаты не мініце!» — сказала жанчына. А трапіла ў яе дом і разгубілася: у сельскім жытле падлогі з падагрэвам, зімовы садок у прыхожай. Утульнасць такая не ва ўсялякай гарадской кватэры ёсць!
Гасцінная гаспадыня тут жа дамовілася з кіраўніком справамі Аздзелінскага сельвыканкама Наталляй Марозенка, каб тая даставіла сябровак-спявачак з суседняга пасёлка. А пакуль тыя ехалі, Паліна Піліпаўна адчыніла скарбонку сваіх вышыванак і дываноў. Падзялілася радасцю: на конкурсе-фестывалі народнай творчасці «Ад прадзедаў спакон вякоў» «Жытніца» заваявала чатыры дыпломы ў розных намінацыях.
На спеўкі ў цёплай і ўтульнай Аздзелінскай бібліятэцы сабраліся чатыры ўдзельніцы «Жытніцы». Зіма ж, некаторыя хварэюць. І я, згадваючы рэкамендацыі доктара філалагічных навук, прафесара, загадчыцы кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі ГДУ імя Ф. Скарыны Валянціны Новак, напачатку павяла з жанчынкамі гаворку пра жыццё, пра долю жаночую. А потым яны заспявалі, і іх песні былі быццам галашэнні па сваёй маладосці, па страчанаму, незваротнаму. Хваля жальбы ціснула сэрца.
Восень мая длінная
Восень мая длінная,
А ночанька каратка,
З кім я буду начаваць,
Шчэ й вячэру гатаваць.
Прыгатовіла сама,
Паставіла край стала,
Паставіла край стала,
Павячэрала сама,
Да й пашла шукаючы,
Мілага гукаючы.
Кругом поля абайшла,
Нідзе мілога не знайшла,
Толькі найшла даліну,
Міленькага магілу.
— З кім ты міла, сюды йшла,
Што ты, міла, мяне знайшла?
Ці з хмараю, ці з дажджом,
Ці з харошым малайцом?
— Ні з хмараю, ні з дажджом,
А з пячалью да таской.
Плыве хмарка
Плыве хмарка, плыве хмарка,
Ой, будзе дажджліва,
Бо няма ж таго на свеце,
Як я нешчасліва.
Ой, чаму ж ты, мяне, мамка,
У цэркву не насіла?
Ой, чаму ж ты, мая мамка,
Долю не прасіла?
— А я ж цябе, мая донька,
І ў цэркву насіла,
А я ж табе, мая донька,
Долячку прасіла.
— Ой, чаму ж ты, мяне мамка,
У кветках не купала?
Ой, чаму ж ты, мая мамка,
Долю не шукала?
— А я ж цябе ж, мая донька,
І ў кветках купала,
Толькі твая горка доля
У хату заглядала.
Пад песню «Плыве хмарка» не ўтрывала я, праслязілася. А Наталля Гапонава, каб падвесяліць, стала чытаць свае вершаваныя спробы. І гэта таксама ж фальклор, таму я запісала на дыктафон (друкуецца скарочана):
Пра дзяцей
Край сяла стаяла хата,
Там Васільку жыў у ёй.
Жыў ён не зусім багата,
Ды з матуляю сваёй.
Потым хлопец ажаніўся,
Узяў таго, каго хацеў,
І ад маці аддзяліўся,
Хутка ён разбагацеў.
Разбагацеў і разгубіўся,
Са сваёй красуняй жонкай
На маці забыўся.
А матуля ўсё чакае,
Мо сыночак к ёй прыдзе?
Яго ж жонка не пускае,
І сама туды не йдзе.
Вы падумайце, матулі,
Як далей нам гараваць?
Песцім, росцім сваіх дзетак,
Яны нас не хочуць знаць.
Добра, калі ёсць дачушка,
То прытуліш галаву,
Падкладзе табе падушку
Ды пасцеліць у вуглу.
Ды як зяць яшчэ харошы,
Ды прымае з ласкай.
А давай болей грошай —
Пакорміць і каўбаскай.
І на ўнучкаў не надзейся,
У іх свае заботы:
То нявесты к сабе цягнуць,
То кліча работа.
...Будзем Госпаду маліцца,
Будзем Госпада прасіць,
Каб ён даў усім цярпенне
З дзеткамі жыццё пражыць!
Як вы ўжо заўважылі, у мове песень і вершаваных тэкстаў шмат русізмаў. Неаднаразова пры пераносе радкоў на паперу я лавіла сябе на жаданні іх падправіць, адрэдагаваць. Але ж памятаю, што рабіць гэтага нельга. За каментарыем пра сакрэты прафесіі звяртаюся да фалькларыста Валянціны Новак, пад кіраўніцтвам якой сабраны і выдадзены кнігамі неацэнны скарб фальклору ўжо амаль усіх раёнаў Гомельшчыны і не толькі.
— Мы ніколі не рэдагуем матэрыялы, якія запісваем з вуснаў інфарматараў. Так прынята ў фалькларыстыцы. Толькі тады гэта будзе аўтэнтычны матэрыял, пададзены з захаваннем асаблівасцей мясцовай гаворкі, з народнай дыялекталогіяй. Калі тэксты ўжо падаюцца ў зборніку, праводзім вельмі акуратную тэксталагічную работу. Але ўсё роўна лексічныя, фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці мясцовых гаворак захоўваюцца.
Фальклор жыхароў Гомельскага раёна багаты жанрава, гэта ліра-эпічныя балады, сямейна-бытавыя, сацыяльна-бытавыя, салдацкія, казацкія песні. Але прыярытэт сямейна-бытавым. Відаць, менавіта гэтыя песні кранаюць душу, раскрываюць надзённыя праблемы жыцця, і гэта сугучна людскім перажыванням.
Бабулі ніколі не будуць распавядаць, калі не ўбачаць зацікаўленасці ў тваіх вачах іх песнямі, іх лёсам. І мы вучым студэнтаў-філолагаў пачынаць справу гаворкай з людзьмі пра іх долю, пра песні, якія любілі спяваць у маладосці. Так паслядоўна, лагічна і падступаем да запісу песень, абрадаў, прыказак, прымавак, замоў... Падчас экспедыцый перад студэнтамі праходзіць панарама чалавечых лёсаў. І гэта выхоўвае нашу моладзь, дзяўчаты і хлопцы ўжо па-іншаму глядзяць на свет, больш разумеюць жыццё старэйшых пакаленняў.
Цікаўлюся ў Валянціны Станіславаўны, куды летам 2015 года збіраецца ехаць са студэнтамі ў фальклорную экспедыцыю?
— На Нараўляншчыну, — адказвае яна. — Дарэчы, у першы паслячарнобыльскі год з доктарам філалагічных навук, прафесарам Канстанцінам Паўлавічам Кабашнікавым мы наведвалі вёскі Нараўлянскага раёна. І дагэтуль у памяці песні жыхароў Вербавічаў, якія напаўнялі жыццём амаль апусцелую вёску. У сельскім клубе мы слухалі і запісвалі спявачак. Асабліва запомнілася мясцовая адметнасць — балады. Людзі называлі іх «жалоснымі, доўгімі, нуднымі». Вельмі б хацелася выдаць кнігу па духоўнай культуры Нараўлянскага краю, уключыць у яе і матэрыялы, запісаныя ў 1987-м, каб прасачыць, якая дынаміка фальклору, што захоўваецца ў памяці людзей, што перададзена маладзейшым.
Вось што спявачкі расказалі пра сябе:
— Я з 1939-га, родам з Аздзеліна. Сем класаў тут скончыла. Завадная была, вясёлая, у школе ў сцэнках удзельнічала. Настаўнікі гаварылі: вучыся, Шчарбакова, з цябе харошая артыстка будзе. А маладосць мая прыпала на пасляваенны час. Рабочыя рукі патрэбны. Ды нас, дзяцей калгаснікаў, тады і не адпускалі з вёскі. Я хадзіла ў сельсавет за дазволам паехаць вучыцца. Мне адказалі: «А хто на зямлі працаваць будзе?» 30 гадоў даяркай рабіла, 10 — у паляводчай брыгадзе. Муж мой трактарыст, з ім 57 гадоў ужо крочым разам. Пяцёра сыноў мелі, але ж хваробы траіх дзетак звялі на той свет. Зараз у нас 13 унукаў, чацвёра праўнукаў.
— Нарадзілася я ў 1942-м у Гусявіцы тагачаснага Уваравіцкага раёна. У восьмым класе толькі адну чвэрць адвучылася і кінула, пайшла працаваць даяркай. 30 гадоў даіла кароў, а потым і ўчотчыцай была, і вагаўшчыцай, і лабарантам. 24 гады ўжо, як сыйшоў гаспадар. Жыву-красуюся. Песні мяне трымаюць на свеце,
даюць сілы, бадзёрасць. А яшчэ я розныя байкі складаю пра наша жыццё. Праўнучку дачакала, Сафійку.
— Уваравіцкая я. 28 лістапада 78 гадоў мне стукнула. Вучыцца не выпаў лёс, так склалася. Тры класы скончыла, а ў чацвёртым трэба было нямецкую мову вучыць. А я мову гэту зненавідзела, фашысты зруйнавалі ўвесь наш Уваравіцкі раён. І бацькоўскую хату спалілі, кароўку забралі, карміцельку. Не пайшла я ў чацвёрты клас, кінула вучобу. 46 гадоў адрабіла ў калгасе, у паляводстве. З капаніцай, граблямі, віламі. 10 гадоў, як дзед мой памёр. Маю траіх дзяцей, шасцёра ўнукаў, пяць праўнукаў.
— 8 сакавіка адзначу 76-ы дзень нараджэння. Я тут, у Аздзеліне, нарадзілася і жыву. Шасцёра нас, дзяцей, было ў мамы, брыгадзіра паляводчай брыгады.
З мужыком мне не пашчасціла. Памятаецца, у адзін год 36 хат аббегла, хаваючыся ад яго. Працавала я загадчыцай клуба. Цяпер, на пенсіі, толькі жыць і радавацца і дачкой, і зяцем, і ўнучкай. Здароўе апошнім часам падводзіць, але ж песня не дае апускаць крылы. Лётаю на спеўкі!