У ГДУ імя Ф. Скарыны адбылася рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Беларусь у гістарычнай рэтраспектыве XIX – XXI стагоддзяў»

15.10.2021

Мерапрыемства традыцыйна рыхтавалася калектывам кафедры гісторыі Беларусі і прыцягнула як аўтарытэтных, так і маладых даследчыкаў айчыннай гісторыі і культуры, паведамляе сайт gsu.by.


Сярод іх 7 дактароў і 31 кандыдат гістарычных навук з Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, БДУ, вышэйшых навучальных устаноў Мінска, Брэста, Магілева, Гомеля, музеяў краіны.

Праграма змяшчала 54 даклады па праблемах палітычнага, эканамічнага, этнаканфесійнага развіцця Беларусі. Аўтары даследаванняў прадставілі вынікі навуковай інтэрпрэтацыі пытанняў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адаптацыі этнічных супольнасцей у беларускае грамадства, захавання культурных традыцый.

«Правядзенне канферэнцыі спрыяе не толькі паглыбленню ведаў у асобных галінах гістарычных даследаванняў, але і дазваляе сфарміраваць аб’ектыўную карціну мінулага, пазбаўленую наўмысных скажэнняў і фальсіфікацый», — лічуць арганізатары.

Для выкарыстання прадстаўленых матэрыялаў у будучых гістарычных праектах і папулярызацыі новых навуковых распрацовак плануецца выданне зборніка матрыялаў канферэнцыі.