Как сражаются с «Омикроном», узнали в одной из гомельских детских поликлиник
12.02.2022Лёгкі на пад’ём
Захваральнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, а таксама каронавірусную расце. Новы штам атакуе арганізм імгненна. Калі чакаць піку, пакуль дакладна невядома. Магчыма, эпідсезон будзе хвалепадобным.
Па панядзелках — чэргі, у астатнія дні, асабліва пад канец тыдня, — дастаткова спакойна. Мы ў 5-м філіяле Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі. У 16:00 тут нешматлюдна. Больш пацыентаў будзе пасля таго, як бацькі забяруць дзяцей з садкоў. Бо самыя ўразлівыя зараз — дашкаляты і школьнікі.
«Амікрон» складана адрозніць ад звычайнай рэспіраторнай інфекцыі. З павышанай тэмпературай адпраўляюць у чырвоную зону. Колькасць пацыентаў тут павялічылася з канца студзеня. Так, калі на пачатку тыдня праз яе праходзіць каля 200 дзяцей, то ў сераду — утрая менш. Але нават пры пікавых лічбах сядзець у чарзе больш як 30—40 хвілін не прыходзіцца. Адначасова працуюць чатыры педыятры. Прычым адразу на месцы дзіцяці пры неабходнасці зробяць тэст на COVID, возьмуць агульны і біяхімічны аналіз крыві, нават правядуць ультрагукавое даследаванне лёгкіх.
Сімптомы, з якімі часцей прыходзяць на прыём, амаль аднолькавыя, расказвае загадчык філіяла № 5 Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Валянціна Самцова:
— Асаблівасць сёлетняга эпідсезона — цыркуляцыя «Амікрона». Новы штам вельмі заразны. Клініка праяўлення каронавіруснай інфекцыі дастаткова тыповая для звычайнай сезоннай. Гэта павышаная тэмпература, кішэчныя расстройствы, вяласць, слабасць. Працягласць захворвання ў сярэднім складае ад трох да пяці дзён. Максімум — тыдзень. Новы штам часцей вылечваецца без ускладненняў. Пнеўманій амаль не рэгіструецца.
Часта бацькі трывожацца менавіта з-за высокай тэмпературы. І тады не чакаюць прыезду ўрача, а выклікаюць хуткую ці вязуць дзіця ў чырвоную зону, кажа ўрач-педыятр філіяла № 5 Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай паліклінікі Таццяна Хоміч:
— Прыводзяць нават з тэмпературай 39,5. Часта бацькі не могуць збіць яе дома звычайнымі гарачкапаніжальнымі сродкамі. Лепш, зразумела, у такіх выпадках не чакаць. Асабліва калі дзеці маленькія.
З пачатку лютага ў медыкаў з’явілася магчымасць дыягнаставаць каронавірусную інфекцыю па клінічных праяўленнях. І гэта паскарае працэс прыему пацыентаў, кажа Валянціна Самцова:
— Калі дыягназ невідавочны, абавязкова праводзім усе неабходныя абследаванні.
Вакцынацыя не спыняецца
Надвор’е для распаўсюджвання вірусаў самае падыходзячае. Тэмпература вагаецца паміж плюсавой і мінусавой, усё гэта з ветрам і мокрым снегам. Таму пад’ём захваральнасці на вострыя вірусныя і каронавірусную інфекцыі, а таксама грып — прадказальны.
Адзінае, што раяць эпідэміёлагі і медыкі, — займацца прафілактыкай, каб не сядзець потым у чырвонай зоне. Здаровае харчаванне, свежае паветра, пазбяганне людных месцаў — усе метады абсалютна даступныя.
І яшчэ адзін, самы важны спосаб захаваць сваё здароўе — вакцынацыя. У Гомельскай вобласці актыўна працягваюць прышчэпліваць ад каронавіруса дзяцей і падлеткаў. У рэгіёне лічба перавысіла 7100.
Кацярына Раеўская таксама збіраецца прышчапіць сына Станіслава ад COVID. Хлопчыку якраз споўнілася 12 гадоў.
— Уся наша сям’я даўно прышчапілася, перанеслі добра. Рэвакцынацыю таксама нядаўна прайшлі. Вакцынаваліся нават мае састарэлыя бацькі. І спакойна сябе адчуваем у такой неспрыяльнай эпідэмічнай абстаноўцы, як зараз, — кажа Кацярына. — Добра, што зараз можна вакцынаваць і падлеткаў.
Нагадваюць медыкі і аб тым, што цяжарнасць і перыяд кармлення — таксама не перашкода для вакцынацыі. У рэгіёне прышчэпкі ад каронавіруса атрымалі больш як 2100 цяжарных.