Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Ад Бабчына да Лісак шлях няблізкі

2432 0 23:15 / 24.01.2008
Шэрань халоднай, запозненай вясны нібы засталася перад Рэчыцай, у разліве Дняпра. І як толькі дызель-цягнік вырваўся на прастору дачных пасёлачкаў, невялічкіх станцый, сонца — яркае, усеабдымнае, асвяціла палеткі азіміны, гаі і пералескі, нібы азнаменаваўшы прыход доўгачаканай вясны. І тут, зусім побач з чыгуначнай станцыяй Ліскі, у купцы бярозак цёхкаў салавейка. Падумалася: з гарадскога вадавароту ступіла ў рай.
У дваццаці хвілінах хады ад станцыі і аднайменная вёсачка Ліскі Рэчыцкага раёна. Менавіта сюды ў жніўні 1986-га ехалі людзі з новым для нашай Беларусі статусам — перасяленцы. Можна толькі здагадвацца, якія думкі і пачуцці віхурылі ў іх сэрцах. Пакінуўшы родную Хойнікшчыну, адарваўшыся ад сваіх каранёў, яны наладжвалі жыццё на новым месцы.
Мінула 20 гадоў пасля трагедыі. І боль суцішыўся, апусціўся на донца сэрцаў. Толькі калі ў чарговы раз ступіць на зямлю красавік і першая сакавітая лістота расквеціць зямлю, абвостраным болем згадаецца той дзень, калі прыпяцкі вецер прынёс чорную вестку...
У Лісках па вуліцы Кастрычніцкай жывуць перасяленцы з вёсак Бабчын, Варацец, Мокіш. У прыгожых дагледжаных доміках. Я завітала да іх якраз напярэдадні Чыстага чацвярга, перад Вялікаднем. Падалося, што ўсе жыхары наладзілі суботнік па ўборцы свайго жытла, падворкаў, кветнікаў. За гэтымі клопатамі заспела Ганну Іванаўну і Міхаіла Трафіма-віча Мыслікаў. Яна — былы прадавец магазіна ў Бабчыне, ён — майстар школьнага вучэбна-вытворчага камбіната. І на рэчыцкай зямлі адпрацавалі сумленна на гэтых пасадах два дзесяцігоддзі.
Мыслікі шчаслівыя дзецьмі. Усе ўжо дарослыя, маюць свае сем’і. Зяці і нявестка — з Лісак. Перакрыжаваліся лёсы хайнічан і рэчычан і далі пачатак новым жыццям: у Мыслікаў ужо два ўнукі і чатыры ўнучкі.
— Усё ў нас добра, на жыццё не скардзімся, — гавораць былыя бабчынцы. — Працаваць мы ўмелі, таму і нажылі ўсё, што неабходна. Не хапае толькі аднаго — здароўя. Баляць суставы. Якія пажаданні? Хацелася б, каб тэлефон правялі: дзевяць гадоў стаім на льготнай чарзе як чарнобыльцы.
Суседка Мыслікаў — Вера Іванаўна Рудчанка. Дамавітая, гаспадарлівая, па прафесіі будаўнік. З яе бацькамі па суседству жылі і ў Бабчыне. Клапатлівая Вера, прыехаўшы з Гомеля, і займалася адсяленнем сваіх старых.
— Не забуду, як мы селі ў “Жыгулі” з татам і мамай, узялі сабаку, Жука нашага. Няпраўда, што скаціна нічога не адчувае. Жучок учапіўся лапамі за шкло і ўглядаўся ўсю дарогу ў бок Бабчына, — згадвае жанчына.
Ужо праз колькі гадоў, наведаўшыся вясной у родную вёску, яна спы-нілася каля свайго селішча і зніякавела: цюльпаны цвітуць! Ды такія прыгожыя, што не ўтрывала: выкапала, укруціла ў стос газет і перавезла на новую сядзібу. Разрасліся кветкі, усіх землякоў надзяліла імі. Цяпер лісічане іх так і называюць: “Верыны цюльпаны”.
Вера Іванаўна з гонарам паказвала мне паэтычныя кнігі свайго сваяка — Міколы Мятліцкага. З аўтографамі аўтара. “Надыйдзе, бывае, такая хвіліна, што хочацца перачытаць. Нібы на ра-дзіме пабудзеш... Мікола ж дзеда свайго пасачыў. Той, бывала, на кожнага пісаў шаржы паэтычныя. Такія хлёсткія!” — гаворыць Вера Іванаўна.
Звыш 30 гадоў адпрацавала ў калгаснай брыгадзе Марыя Максімаўна Кірчанка з Мокіша. Цяпер вось сядзіць бесклапотна каля сядзібы сына. “Мы з’ехалі ў 1992-м. Сын мой працаваў тэхнікам у Бабчыне. Гэта я ў яго цяпер жыву, хаця ў Мінску прыпісана, у дачкі, — дзеліцца цётка. — У Малінаўцы мне далі кватэру, але ж не магу там доўга. Каб не гэта гора, о, як бы мы ўсе жылі! Ды грэх скардзіцца: тут, у Лісках, многія такія селішчы вы-страілі, што ў Бабчыне не мелі такіх. Іншыя ж у гарэлку ўлеглі, жруць яе без толку... Тут, праўда, няма такіх агародаў, якія ў нас у Бабчыне былі. І садоў, і склепаў...”
Надзея Мікалаеўна Кот з вёскі Варацец у свой час была загадчыцай аддзялення штучнага асемянення на свінакомплексе. Разам з аператарамі Святланай Курленка і Валянцінай Тарасенка знаходзіліся на сваім “аб’екце” да позняй восені 1986-га, пакуль не вывезлі апошняе свінчо. Цяпер Надзея Мікалаеўна — інвалід, карыстаецца льготамі 18-га чарнобыльскага артыкула. Святлана і зараз пад-працоўвае вартаўніком на мехдвары ў Лісках.
— Мы тут пражылі 20 гадоў, але сваё не забываецца, — дзеляцца жанчыны.
632 жыхары ў Лісках, сярод іх каля 40 хайнічан. Жывуць па-зямляцку дружна, дапамагаюць адзін аднаму, ходзяць у госці, ладзяць застоллі, праводзяць у апошні шлях. Са спачуваннем расказвалі мне і пра лёс маладзенькай жанчыны Ірыны Піляк. Маці яе памерла ў 34-гадовым узросце, бацька сыйшоў у прымы. Ірына замужам, мае сыночка і старэйшую сястру Марыну. Тая працуе ў фермерскай гаспадарцы. Ды і Іра завіхаецца на дзвюх работах — прыёмшчыцай у комплексным пункце і прыбіральшчыцай у калгаснай канторы. Дома —
82-гадовая бабуля Алена Несцераўна. Чарнобыльскае выгнанне — другое ў яе лёсе. Несцераўна ў гады Вялікай Айчыннай была вывезена ў Германію, багата перажыла. Мяне ўразілі яе вочы — крыніцы болю...
За спрадвечнай сялянскай працай — ворывам зямлі — заспела я Валянціна Васільевіча Дрончанку, ура-джэнца вёскі Чэхі. “У Бабчын у свой час падаўся я за жонкай, Лідзіяй Максімаўнай, — дзеліцца пенсіянер. — Мы там працавалі ўдваёх на ферме, быкоў даглядалі. Пакуль не грымнуў той рэактар... У Бабчыне дом дыхтоўны пабудавалі на чатыры пакоі. Хлеў новы, два склепы, калодзеж. Словам, рыхтаваліся да старасці. А цяпер тут удваёх. Дзеці разляцеліся па свеце”.
Ліскі не маюць статуса аграгарадка, але гэта сучасная вёска з неабходнымі для селяніна выгодамі. Тут і сельсавет, і ФАП, дзіцячы садок, Дом культуры, бібліятэка, дзве крамы. Ёсць і пошта, і аддзяленне ашчаднага банка. А з транспартам як зручна! Дызелі “шпацыруць” кожную гадзіну, лічы, з 5.30 да дзевяці вечара.
Цяпер многія перасяленцы-лісічане рыхтуюцца да чарговай вандроўкі на хойніцкую зямлю. Набліжаецца Радаўніца. І зноў штурхае болем у сэрца згадка пра роднае гняздо. Паляцяць, як тыя жураўлі на Палессе. І перад шлагбаумам зоны адсялення, на ўездзе ў Бабчын будуць вітацца з тымі, хто даедзе з іншых куточкаў Беларусі. Будуць абдымацца, як самыя родныя людзі ў свеце.
Не выстыла памяць.
Трапёткая, гойна-жывая,
Жыцця галасамі
за крокамі ўслед усплывае...
Тамара КРУЧЭНКА
Общество


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать