Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх
Мнение, Тамара Крюченко :

Заўтра спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Івана Шамякіна

Добавлено 29.01.2016 9478 0
Яшчэ ў перадваенным 1940-м годзе, будучы студэнтам Гомельскага тэхнікума будаўнічых матэрыялаў, Іван Шамякін наведваў літаб’яднанне пры «Гомельскай праўдзе». Улюбёны, акрылены светлымі пачуццямі да Машы Кротавай, Іван Шамякін тады пісаў вершы. Любоў да Марыі Філатаўны ён годна пранясе праз усё жыццё, разам з ёю выхавае трох дачок і сына, унукаў, дачакаецца праўнука... 
У 1947 годзе былы франтавік, пісьменнік, толькі што вярнуўшыся з нарады маладых літаратараў у Маскве, адрасуе роднай газеце ліст, які змешчаны ў газетным нумары за 5 мая ў рубрыцы «Пажаданні чытачоў». Карэспандэнцыя называецца «Адрадзіць работу літаб’яднання», падпісана — «І. Шамякін». Іван Пятровіч адзначае: «Наша газета мае добрыя традыцыі. На яе старонках выхаваўся таленавіты беларускі паэт Паўлюк Трус. Літаб’яднанне, існаваўшае пры газеце ў 1938 — 1940 гадах, выхавала такіх сучасных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, як Кастусь Кірэенка, Змітрок Кавалёў, Паўлюк Прануза і Леанід Гаўрылаў — паэт-герой, аддаўшы сваё жыццё на фронце за шчасце Радзімы». У тым 1947-м Іван Шамякін і быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Сёння можна з гордасцю канстатаваць, што на старонках нашай газеты ў свой час вывяраў першыя свае эпічныя творы народны пісьменнік Беларусі Іван Пятровіч Шамякін, у будучым аўтар 12 раманаў, 26 аповесцяў, 10 п’ес, некалькіх дзясяткаў апавяданняў. За творчае жыццё ім напісана 130 кніг, якія выйшлі агульным тыражом звыш 25 мільёнаў экземпляраў, прычым і на многіх мовах свету. «Глыбокая плынь», «Трывожнае шчасце», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», «Гандлярка і паэт», «Петраград-Брэст» і многія іншыя творы, якія былі сапраўднай з’явай у культурным жыцці рэспублікі, якімі зачытваліся. А як сацыяльна-абвострана загучалі шамякінскія аповесці «Вернісаж», «Пошукі прытулку», «Губернатар»... Ужо ў сталыя гады пісьменнік сваімі сугучнымі часу творамі варушыў грамадства, якое ўсё больш хвалявала матэрыяльнае, чым духоўнае. Ён заставаўся прывержанцам сацыялізму як ладу жыцця, лічыў яго самым справядлівым да канца сваіх дзён.
Галоўны шамякінскі герой — чалавек з народа. Многія вобразы пісьменнік нібы зачэрпнуў у родных крыніцах, сюжэты — з аповядаў землякоў. Пісьменнік, які прайшоў вайну, ён па-творчаму прагна цаніў мірнае жыццё, радаваўся здабыткам мірнай працы, і сам шчыраваў на літаратурнай ніве звыш 60 гадоў, як сапраўдны араты і сейбіт.
Журналісты «Гомельскай праўды», гомельскія навукоўцы і кіраўніцтва Добрушскага раёна апошні раз сустракаліся з Іванам Пятровічам Шамякіным на яго дачы ў Ждановічах 12 ліпеня 2002 года, у атачэнні дачкі Таццяны Іванаўны, Вольгі Філатаўны, унучак. Гэта была незабыўная вандроўка. Неўпрыкмет праляцелі гадзіны шчырай споведзі пісьменніка-земляка. Іван Пятровіч дзяліўся: «Пасля вайны, працуючы настаўнікам і жывучы вельмі бедна (ой, якая беднасць была!), я ўдзячны «Гомельскай праўдзе»: яна друкавала мае нарысы, мае апавяданні, урыўкі з маіх раманаў, падтрымлівала мяне ганарарамі. Прыемныя і радасныя гэтыя ўспаміны».
Тады ён быў вельмі расчулены, што газета, з якой пачынаў свой творчы шлях, не забывае. Напісаў аўтограф для рэдакцыі «Гомельскай праўды». Рупіўся пра землякоў, цікавіўся ўраджаем жыта, жыццём літаратараў Гомельшчыны.
Сёлета на Рагачоўшчыне адбудуцца Дні беларускага пісьменства, на якіх будзе годна ўзгаданы волат айчыннай літаратуры, народны пісьменнік Беларусі Іван Пятровіч Шамякін.
0 Обсуждение Комментировать