Вверх

Крупейкі. Лоеўскі раён. Вандроўка шэсцьдзясят дзявятая

1560 0 15:21 / 17.10.2020
Неаднаразова бывалі мы ў вёсцы Крупейкі, аднак напярэдадні 515-гадавіны Лоева сэрца паклікала зноў прыехаць сюды. Менавіта насупраць яе воіны 65-й арміі Паўла Батава ступілі ў халодную восеньскую ваду з пакатага ўкраінскага берага, каб узяць, нават цаной уласнага жыцця, вельмі высокі правы, заняць і ўтрымаць плацдарм, пакласці пачатак далейшаму вызваленню Беларусі. 


Углядаемся на спакойнае цячэнне Дняпра, рыбацкі човен, што гушкаецца на хвалях з украінскага боку. Любуемся восеньскай барвай, якой у гэты час шчодра афарбаваны лісточкі бяроз, асінак, вербаў.

У баях за вёску на маляўнічым беразе загінулі 122 чырвонаармейцы, шасцёра з іх – Героі Савецкага Саюза: яфрэйтар Мікалай Смірноў, старшыя сяржанты Аляксей Бруханаў і Рыгор Мясаедаў, лейтэнант Уладзімір Латышаў, радавыя Барыс Баннікаў і Мікалай Літвіненка. 

Ідзем да брацкай магілы ў парку. Яна дагледжана вучнямі і педагагічным калектывам мясцовай школы. Як падзяліліся настаўнік фізічнага выхавання, дэпутат Каўпенскага сельскага і Лоеўскага раённага Саветаў дэпутатаў Віктар Верамеенка і дырэктар Крупейскай базавай школы Пётр Каток, адказнасць гэта выхоўваецца ў дзяцей змалку. 

Віктар Верамеенка і Пётр Каток са сваімі трэцякласнікамі Святланай Глезавай, Міхаілам Ткачовым і Кацярынай Цырульнік

 

З гісторыі вёскі


Вядома яна з XVIII стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. З 1793 года – у складзе Расійскай імперыі. Граф Юдзіцкі валодаў крупейскімі землямі ў 1811 годзе. Царква дзейнічала ў вёсцы з 1875 года. Тры ветраныя млыны працавалі ў 1885-м. Царкоўнапрыходская школа, хлебазапасны магазін былі ў 1897-м. 

З 1908 года вёска ў складзе Лоеўскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерніі. У гэты час зафіксаваны 273 двары, 1542 жыхары. У перадваенным 1940-м тут было 415 двароў. 

11 чэрвеня 1909 года Крупейкі перажылі пажар, агонь знішчыў тады 100 двароў. А ў 1943-м фашысцкія карнікі спалілі 335 двароў і забілі 27 сяльчан. Аднак вёска, як ні было цяжка, адрадзілася ў пасляваенны час і зараз з’яўляецца буйным населеным пунктам Каўпенскага сельсавета. Як паведаміла яго старшыня Людміла Прымак, зараз тут 416 жыхароў, з іх 103 – працаздольнага ўзросту, 62 – дзеці і моладзь, 127 пенсіянераў. 197 домаўладанняў у цяперашніх Крупейках. А самай юнай жыхаркай вёскі з’яўляецца Ганначка Тарарака, якой 8 снежня споўніцца толькі гадок.

На вуліцы Героя Савецкага Саюза Рыгора Мясаедава мы завіталі да аднаго са старэйшых жыхароў Сцяпана Андрэяўца.

Аповед 88-гадовага Сцяпана Варфаламеевіча Андрэяўца

– Дзесяцігадовым хлапчуком вайну стрэў. У 1942-м, якраз у той час, як рэйд лістападаўскі ажыццяўляў Каўпак у Лоеў, мы з дзядулем і бабуляй плакалі: было 9 дзён па маці Фёкле Маісееўне. Дакладна памятаю гэта. Так з брацікам Пятром мы круглымі сіротамі засталіся. Дзядуля мой Маісей Ільіч быў старастам у царкве. У першую зіму ў нашай хаце зімавалі 23 жыхары вёскі. Людзі разам перажывалі гора, што зрынулася на іх. 
 
Я жывы быў хлапец, усё было цікава, як і ўсім у такім узросце. Неяк два сувязісты-немцы, што цягнулі кабель, паклікалі мяне да сябе. Падыйшоў. А тут нашы «ястрабкі» наляцелі, дык адзін фрыц згроб мяне і накрыў сабою. Розныя былі. Нашу хату яны занялі, бо вялікая была. Нас з дзядулем і бабуляй выгналі ў хлеў. Прыбыў афіцэр, высокі, пэўна, чын. Пацікавіўся на ломанай мове: «Чаму вы тут?» Сказалі, што «вашы паны нас выгналі». Пайшоў ён і як гыркнуў на ўсіх, умомант выскачылі з хаты. Потым нам не дазвалялася быць дома толькі ў той час, калі яны нарады праводзілі, абмяркоўвалі свае планы. Былі людзі і сярод іх.

Сцяпан Андрэявец: «Вайна перашкодзіла мне атрымаць належную адукацыю, працаваў на будоўлі. Жонка ж Ганна Логвінаўна – былая настаўніца»

Канечне, яны рыхтаваліся трымаць тут бой у 1943-м. З вясны, дзесь з красавіка, лініі суцэльнай абароны будавалі. Першая па беразе ішла, другая – перад вёскаю, а трэцяя – за ёю. Чысла 10 кастрычніка нас усіх з вёскі немцы выгналі да Дняпра на перадавую. Як фарсіраванне ішло, мы ў Бараноўскім лесе былі. А пасля тых баёў уся зямелька крупейкаўская была ў забітых немцах, нашых воінах. Коні, тэхніка. Закопвалі, ды і ўсё. Памятаю, суседзяў нашых па той дзедаўскай хаце прама ў склепе ўзарвала. Там іх і пахавалі. Так што ўся наша зямелька шмат болю прыняла, слёз.

Марыя

Ветэран працы, настаўніца Марыя Коваль – гаспадыня, якіх пашукаць. Яе прасторны двор ля хаты радуе яркімі фарбамі хрызантэм, сальвіі, а таксама альтанкамі і іншымі збудаваннямі, якія сведчаць пра сапраўдную любоў да бацькоўскай зямлі. Ёсць тут і невялічкі вадаём. Шчыруе каларытная жанчына, каб радаваць і сябе, і другіх сваімі раслінамі і ўраджаямі. Дзеліцца насеннем кветак для школы, брацкай магілы ў парку, прыходзіць і сочыць там за парадкам. Лічыць гэта святым абавязкам. А яшчэ яна ўмее сябраваць, гасцінна страчаць усіх, хто завітвае ў яе двор. З’яўляецца вялікай прыхільніцай роднай беларускай мовы, цэніць гумар і сама шчодра сыпле трапнымі народнымі выслоўямі. Захоплена і фатаграфіяй. Фіксуе ўсе падзеі: у яе хатнім камп’ютары багата здымкаў са свята вёскі і Масленіцы, якую традыцыйна адзначаюць тут з атракцыёнамі, народнымі гульнямі, конкурсамі, і, вядома ж, блінамі. 
 
– А ці ведаеце вы, што такое салонікі? – загадала загадку Марыя Паўлаўна. Аказалася, што па-крупейкаўску гэта вараная бульбачка, шчодра аздобленая падсмажанымі на патэльні скваркамі з цыбулькай. 

Марыя Коваль 

Сястра паэта

На вуліцы Героя Савецкага Саюза Бруханава жыве сям’я ветэранаў педагагічнай працы Прышчэпавых. Валянцін Мікалаевіч доўгі час быў завучам, а Антаніна Рыгораўна – настаўніцай матэматыкі, 36 гадоў адпрацавала ў школе ў Крупейках. Тут ведаюць яе як стрыечную сястру вядомага беларускага паэта, ураджэнца Шарпілаўкі Гомельскага раёна Анатоля Грачанікава. Дом з белымі вяргінямі ў двары, з агародчыкам з восеньскіх кветак на вуліцы і гэты раз адкрыты быў нам гаспадыняю. Любаваліся яе вышыванымі работамі, пейзажамі гаспадара, што надаюць хаце адметную атмасферу высокай духоўнасці.

Антаніна Прышчэпава: «Апоўначы на сцішаныя хаты Мядзведзіца схіляе зорны кош»

– Я ў дзяцінстве любіла бываць у сваіх братоў Грачанікавых, адчувала асаблівыя адносіны іх душэўных бацькоў. З радасцю страчала Анатоля – шчырыя, па-сапраўднаму родныя ў яго былі пачуцці да мяне як сястры: у яго ж толькі браты! Ці ж гэта забудзеш? – дзялілася Антаніна. – Нясу гэтыя светлыя згадкі ў сваім сэрцы, берагу. Дзялюся імі з сынам Сашам і дачкой Аленай. Сын пайшоў настаўніцкай сцяжынай, працуе ў Каўпені, а дачка ўзначальвае падатковую службу ў райцэнтры. 

Праязджаючы і іншымі вуліцамі вёскі, мы знаёміліся з яе сённяшнімі жыхарамі. Адны збіралі ўраджай гарбузоў з палеткаў, другія вярталіся з поўнымі кошыкамі грыбоў з лесу, а больш юныя – з рыбалкі. Здорава, што і цяпер, у 77-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Крупейкі – жывая вёска, дзе старанна працуюць, шчыра захоўваюць памяць пра сваіх вызваліцеляў. І яна будзе заўсёды жыць, гэтая зямля, якую ахоўвае святая Параскева. 

Кіраўнік раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Хачык Мірзікян лічыць Лоеўшчыну і Крупейкі другой радзімай

Ардэнаносец мірнага часу – кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга 88-гадовы Васіль Давыдавіч Верамеенка

Тут пранізлівым болем абудзіцца сэрца: 
хлопцы йшлі праз Дняпро 
з светлай згадкай пра дом, 
І ніхто з іх не думаў аб смерці...
 
 
Актуально
Фото Алексея Герасименко

0 Обсуждение Комментировать