Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Дабрынская сярэдняя школа Ельскага раёна адзначыла 110-годдзе

5329 0 18:30 / 16.12.2020
Значная дата – падзея для многіх пакаленняў вучняў, настаўнікаў і людзей, якія працавалі тут. 

IMGL9513.jpg

Гісторыя школы пачынаецца з першай паловы ХХ стагоддзя. У справаздачы па народнай адукацыі ў Мазырскім павеце запісана, што 11 снежня 1910 года адкрыта Дабрынскае адна­класнае народнае вучылішча. На гэта насельніцтва сабрала 40 рублёў.

На працягу сваёй гісторыі школа працавала як пачатковая, сямігадовая, сярэдняя. Першай настаўніцай чатырохкласнай у пачатку 1917 года была Раіса Савіч.

У 1929 годзе ў Дабрыні быў створаны калгас «Прагрэс». У вёску пачалі з’язджацца хутаране. Старшынёй калгаса прызначылі Сцепаніду Анішчанка. Яна разумела, што людзей патрэбна вучыць. Не без яе ўдзелу збудавалі новую школу з двума клас­нымі пакоямі і кватэрай для настаўніка. Пры ёй пачала працаваць вячэрняя школа для непісьменных жыхароў вёскі. А ў сваёй хаце старшыня калгаса часова размясціла дзіцячы садок.

Першы выпуск сямігодкі адбыўся ў 1939–1940 навучальным годзе. Да вайны дырэктарам школы працаваў Андрэй Хрушчоў, завучам быў Яўхім Шматаў, настаўнікамі – Пананайка, Фяськоў, Мазурэнка (на жаль, іх імёны не захаваліся). Усе яны абаранялі нашу Ра­дзіму і загінулі на фронце. У гады вайны дзеці ў вёсцы не вучыліся, а ў школе размяшчалася нямецкая канюшня.
У студзені 1944 года Дабрынь была вызвалена. І ўжо ў сакавіку ўзнавіла сваю работу школа. Яна размясцілася ў двух будынках, таму што жадаючых вучыцца было шмат. Настаўнікамі ў гэты час былі толькі жанчыны.

Шмат выдатных педагогаў уклалі сваю душу ў вучняў. 

Іх імёны заўсёды будуць з цеп­лынёй узгадваць у сценах гэтай навучальнай установы і за яе межамі. Гэта сапраўдныя прафесіяналы, умелыя арганізатары, працавітыя, чулыя, сардэчныя і прынцыповыя людзі.

Прыемна ўсведамляць, што абсалютная большасць выпускнікоў школы варты яе рэпутацыі. Сярод іх знакамітыя вайскоўцы, героі і франтавікі, кіраўнікі, дактары навук, суддзі, народныя артысты, удзельнік Алімпійскіх гульняў і другія выдатныя людзі.

Педагагічны калектыў, які з 2007 года ўзначальвае Аляксандр Пазняк, заўсёды крочыць у нагу з часам, не забывае пра традыцыі і ўсталёўвае кантакты з замежнымі калегамі.

Сёння Дабрынская школа – асаблівая тэрыторыя: рэ­сурсны, метадычны, інфармацыйны, сацыякультурны цэнтр. На яе базе праводзяцца раённыя, абласныя семінары і адкрытыя ўрокі, майстар-класы, ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца». Тут створаны ўсе ўмовы для таго, каб дзеці паспяхова спасцігалі навукі, вучыліся думаць, тварыць, любіць і берагчы родную зямлю.












 
IMGL9445.jpg 















Фото Алексея Герасименко
Образование

0 Обсуждение Комментировать