
Міхась Пятровіч 30 гадоў адпрацаваў у “Гомельскай праўдзе”, быў шчодрым настаўнікам як пісьменнікаў, так і пачаткоўцаў, рыхтуючы іх творы да публікацыі ў газеце. Сам ён быў надзвычай сціплым чалавекам, з вялікім пачуццём гумару, часта іранізаваў і над сабою, што сведчыла пра сілу духу.
У Вялікую Айчынную вайну Даніленка трапіў у палон пад Харкавам і, як неаднаразова дзяліўся ў гутарках у нашай рэдакцыі, пяць разоў бываў у такіх сітуацыях, што бачыў смерць. Лёс даў яму сілы і шанц вытрымаць усе здзекі і выпрабаванні, вярнуцца на родную Гомельшчыну, радавацца мірнаму жыццю, плённа працаваць газетчыкам, а пазней пісаць у любімую “Гомельскую праўду” з лоеўскай дачы — творчай лабараторыі ў Пустой Градзе. Апошнім часам Міхась Пятровіч дасылаў нам свае апавяданні-абразкі з гомельскай кватэры ў Любенскім мікрараёне. Падаецца, што замалёўкай “Шчасце так не даецца” пісьменнік як бы пакідаў запавет нашчадкам: шчасце куецца толькі ўласнай працай.
Міхась Пятровіч — аўтар 15 кніг, і ўсе яны напісаны сэрцам. “Мая песня”, “Вернасць сяброў”, “Майская навальніца”, “Зачараваны гарлачык”, “На вуліцы Сонечнай”, “Наваселле”, “Наш дом”, “Журлівіца”, “Родная зямля”, “Ключы бабулі зімы”... Многія кнігі пісьменніка ў савецкі час выдаваліся тысячнымі тыражамі. “Запаветны акіян” і “Маці Марыя” выйшлі на рускай мове ў Маскве.
Калектыў “Гомельскай праўды” ўсе гэтыя гады падтрымліваў свайго адзінага з жывых удзельніка Вялікай Айчыннай вайны: віншавалі са святамі, днямі нараджэння, юбілеямі. Цяжка змірыцца са стратай свайго мудрага Настаўніка. Напярэдадні 9 Мая 2018 года Міхась Пятровіч пакінуў аўтограф: “Ад усёй душы і салдацкага (пазней журналісцкага) сэрца хочацца пажадаць усяго самага светлага, добрага, яснага ўсім, хто працуе ў маёй “Гомельскай праўдзе”.
Міхась Пятровіч застаецца ў нашай памяці як пісьменнік-працаўнік, Слова якога прарасло зернямі Дабрыні і Чалавечнасці ў сэрцах землякоў. Бывайце, дарагі наш Старэйшына.