Вверх


У іх была свая вайна

1303 0 15:34 / 20.03.2019
Сярод удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны ёсць людзі, якія не хадзілі ўрукапашную, не здабывалі нямецкіх языкоў, не стралялі з гармат, кулямётаў, аўтаматаў, не падрывалі варожыя танкі і эшалоны. Адным словам, не сутыкаліся з фашыстамі непасрэдна, твар у твар. У іх была свая вайна, свой унёсак у агульную Перамогу савецкага народа над гітлераўскай Германіяй. Здарылася так, што ў студзені я папраўляў здароўе ў Гомельскім абласным шпіталі інвалідаў Айчыннай вайны, дзе пазнаёміўся з двума ветэранамі вайны і працы і запісаў іх успаміны і аб мірных даваенных буднях, і тых часах, калі на прасторы Савецкага Саюза ўварваліся нацысты.

IMG_7914.JPG

Медыцынская сястра Галіна Сямыкіна кансультуе ў зімнім садзе шпіталя Васіля Філіпчанку і Леаніда Крываножкіна

Васіль Дзмітрыевіч Філіпчанка


— Я вырас у сям’і, дзе было пяць дзяцей, у Старым Доўску былога Журавіцкага раёна. Бацькі працавалі ў мясцовым калгасе, а мы, дзятва, дапамагалі ім ва ўсіх справах. Хоць і нялёгка ўсё давалася, але кожны адчуваў: жыццё паступова паляпшалася, наперадзе намячаліся такія-сякія планы. Ды вось — сумна вядомы 1941 год, калі бацька Дзмітрый Лаўрэнавіч, праводзячы на фронт двух сваіх братоў і сына Восіпа, прыгадаў ім, што ў першую вайну з немцамі ён страціў трох братоў, і выказаў надзею, што падобнае гора не паўторыцца. Але бяда не прымусіла сябе чакаць: усе трое загінулі ў крывавай бойні. Бацьку на фронт не ўзялі з-за інваліднасці, і яго правай рукой у час вайны і пасля яе стаў я. Якіх толькі работ і даручэнняў, каб выжыць, не давялося выконваць. Усяго было, што і казаць. Сям’я ж асабліва напружвалася, калі ў ёй з’яўляўся стараста і строга папярэджваў: заўтра ваша чарга скародзіць шашу.

Адкаснуцца ад загаду-прымусу ніхто не адважваўся, бо за адмову пагражала смяротная кара. Таму 13-гадовы хлопчык прыладжваў вяроўкамі барану да каня, садзіўся на яго і браў кірунак на Новы Доўск. Туды і назад — восем кіламетраў. Пільна ўглядваючыся ў шчэбневую дарогу, ён выдатна разумеў: калі барана зачэпіць замаскіраваную партызанскую міну, то ад яго застанецца толькі шкумоцце. На шчасце, усё абыходзілася.

Фрыцы рабавалі народ, забіралі ў людзей жывёлу, хатнюю жыўнасць, прымушалі капаць акопы, траншэі, збівалі вяскоўцаў, здзекваліся над імі, за непаслушэнства выконваць іхнія патрабаванні пазбаўлялі жыцця.

— Яны вельмі баяліся партызан, — апавядае далей Васіль Дзмітрыевіч. — За сувязь з імі — расстрэл або шыбеніца. Каб тыя не нападалі на нямецкія гарнізоны, прымушалі насельніцтва выся-каць лясныя палосы, што падыходзілі да шашы, развешваць на дротавых агарожах розныя бляшанкі-трашчоткі.
У вёсцы была піларама, на якой працавалі палонныя чырвонаармейцы. Аднойчы яны перабілі ахову і папоўнілі партызанскі атрад. Раз’юшаныя фрыцы спагналі зло на мірным насельніцтве, расстраляўшы звыш сарака старых, жанчын і дзяцей. Калі пад ударамі савецкіх войскаў і партызан вораг падмазаў пяткі, народ, свабодна ўздыхнуўшы, пачаў адладжваць жыццё.

У калгасе не хапала сельгасінвентару, коней, кароў. Людзі самі ўпрагаліся ў плугі. Крыху лягчэй стала, калі ў гаспадарцы з’явіўся трактар ХТЗ і калі ў вёсцы размясцілася брыгада па рамонту танкаў. Старшыня калгаса тады недзе на некалькі сутак пазычыў чатырохкорпусны плуг, вайскоўцы прыстасавалі яго да танка і ўзаралі звыш 50 гектараў запушчанай зямлі. Прычэпшчыкам на ім быў 15-гадовы Васіль, які толькі месяц пахадзіў у школу, ды кінуў яе: трэба было дапамагаць сям’і. Працаваў у калгасе без выхадных, з ранку да вечара. І касіў, і сеяў, і плуг на сабе цягаў разам з іншымі, і бульбу вырошчваў, і сталярнічаў — чаго толькі не было ў яго юнацкай біяграфіі. Радзіма высока ацаніла дзейнасць Філіпчанкі, узнагародзіўшы яго, 19-гадовага, медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”.

Пасля была трохгадовая служба ў арміі на Чукотцы, вяртанне дадому і жаніцьба на аднавяскоўцы Дар’і Канстанцінаўне, якая нарадзіла трох дачок. На жаль, яе няма ўжо на гэтым свеце. А паважаны ўсімі ветэран, за плячыма якога сорак тры гады працоўнага стажу, мае шэсць унукаў і чатырох праўнукаў, па-ранейшаму жыве ў Старым Доўску ў Рагачоўскім раёне. У маі, якраз напярэдадні вялікага свята — Дня Перамогі, яму споўніцца 90 гадоў.

Леанід Трафімавіч Крываножкін

Дзяцінства яго прайшло ў Саратаўскай вобласці, а юнацтва ў Кізляры, куды пераехала сям’я ў 1937 годзе. Бацька Леаніда пайшоў з жыцця літаральна праз год, і маці адной давялося паднімаць на крыло дваіх дзяцей. Сям’я працавала ў мясцовым саўгасе на доглядзе вінаграднікаў, уборцы ўраджаю і адначасова, пасля работы, займалася вырошчваннем шаўкапрадаў.

— Згодна з заключаным дагаворам нам выдавалі дзвесце грамаў вусеняў шаўкапрада, і праз вызначаны тэрмін мы павінны былі здаць некалькі кілаграмаў якасных коканаў, — апавядае Леанід Трафімавіч. — За парушэнне дагавору — штраф. Каб не дапусціць яго, стараліся з усіх сіл.

Леанід з сястрой ішоў у гай, дзе раслі тутавыя дрэвы вышынёй да 8 — 10 метраў, і зрывалі з іх лісце — асноўны корм вусеняў, якія гадаваліся ў іх кватэры на спецыяльных стэлажах, дзе раскладвалася тканіна. Яны вельмі пражэрлівыя, карміць трэба тры разы ў суткі. Калі з шаўковых нітачак спляталі коканы, іх здавалі. Гэта была ўжо гатовая сыравіна для вырабу натуральнага шоўку, які, дарэчы, выкарыстоўваўся і для ваенных мэт — вытворчасці парашутаў.

У 1944 годзе Леаніду Трафімавічу прыйшоў час служыць у арміі, і трапіў ён у Паўночна-Каўказскую ваенную акругу, дзе дыслацыраваўся 100 асобны аўтамабільны полк, добра вядомы тым, што быў задзейнічаны на дастаўцы па Ладажскім возеры ўсяго неабходнага для блакаднага Ленінграда. Службу Крываножкін пачынаў курсантам сяржанцкай вучэбнай роты. Такіх, як ён, навабранцаў прыцягвалі да зборкі з розных дэталяў і вузлоў “студэбекераў”, “шэўрале”, “вілісаў” і іншых машын, якія Злучаныя Штаты Амерыкі па Ленд-лізу пастаўлялі праз Іран Савецкаму Саюзу. Днём курсанты вучыліся, а ноччу дапамагалі камплектаваць указаную тэхніку.

Затым Леанід Трафімавіч паўтара года вучыўся ў аўтамабільным вучылішчы, пасля ў званні малодшага лейтэнанта служыў у Германіі ў групе савецкіх войскаў. У 229-м гвардзейскім ударным аўтамабільным ба-тальёне яго ўзвод ваенных легкавушак абслугоўваў камандаванне гэтай структуры. У 1947 годзе яму трэба было за тры месяцы падрыхтаваць у аўташколе свой першы ўзвод у складзе 43 вадзіцеляў. Казармы разбураныя, вучэбныя класы ў зямлянках, падручнікаў не было. Але вытрымалі.

Ратную службу Крываножкін закончыў у 1973 годзе начальнікам аўтамабільнай службы 120 танкавага палка 127-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Маёр у адстаўцы ўзнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй ў Вялікую Айчынную вайну 1941 — 1945 гг.”, “За бездакорную службу ва Узброеных Сілах СССР” II і I ступені. 
 
Ветэран ганарыцца таксама і тым, што ў Вінніцкім аблвыканкаме яму ўручылі імянны гадзіннік за ўзорную арганізацыю уборкі буракоў. Што ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і мае за гэта шмат падзяк. Што за дасягненне высокіх працоўных поспехаў на яго грудзі заззяў ордэн “Знак Пашаны”.
75 лет Великой Победе
Фото Сяргея Кебікава
водители.jpg
Untitled-1.jpg
0 Обсуждение Комментировать