Абрад, які праводзіцца на праваслаўнае свята Троіцу, аднавіла ў 1995 годзе Алена Бозікава. У 2006-м яе, на жаль, не стала, але намаганнямі мясцовага калектыву «Меркулавіцкія вячоркі» цудоўнае самабытнае свята працягвае сваё жыццё.
Галоўны персанаж абраду – дзяўчына, якая ўпрыгожваецца маладымі галінкамі дуба, ліпы, клёна ў выглядзе куста. Сёлета гэтую ролю выконвала бібліятэкар Вольга Ермакова.
Нягледзячы на тое, што з-за пандэміі куст не наведаў аніводнага падвор'я, да свята далучыліся мясцовыя жыхары. Праз дуброву за кустом дзеці неслі велічэзны вянок, а жанчыны спявалі абрадавыя песні:
Троіца, Троіца, святая Багародзіца.
А ў нашых Меркулавічах харашо праводзіцца.
А ў нашых Меркулавічах харашо ходзяць.
А ў нашых Меркулавічах харашо куста водзяць.
Каля возера ўдзельнікі абраду прывязваюць да святочнага вянка чырвоныя стужкі з пажаданнямі. Вянок апускаюць на ваду, а куст праводзіць абрадавыя дзеянні з троіцкім хлебам, кавалачкі якога раздаюцца:
Троіца, Троіца, Багародзіца,
Што пасеялі, то народзіцца.
Жанчыны з дзецьмі ідуць да аркі з звязаных паміж сабой бярозак і там кумяцца – просяць адзін у аднаго прабачэння і тройчы цалуюцца.
А ў клубе для гасцей і ўдзельнікаў свята гатуюцца традыцыйная рыбная юшка і пачастункі:
Ой, ці не вяліш нашаму кусту стаці,
Бочку мядочку прыпявальнічкам даці,
Нам маладзенькім на ганачку пагуляці.
Бочку мядочку прыпявальнічкам даці,
Нам маладзенькім на ганачку пагуляці.